Доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Краўцэвіч працягвае на ўласным YouTube-канале распавядаць пра малавядомыя факты з беларускай гісторыі.
Які князь распачаў аб’яднанне беларускіх земляў у дзяржаўных межах ВКЛ? Колькі часу цягнулася гэтая справа? Калі і хто з нашчадкаў першага ўладара ВКЛ скончыў справу прашчура? Ці перашкаджалі гэтаму працэсу краіны-суседзі? Якія менавіта землі ўвайшлі ў склад ВКЛ на пачатку XV стагоддзя? Адказ на гэтыя пытанні дае гісторык Алесь Краўцэвіч у чарговым відэападарожжы ў мінулае.
Расшыфроўка відэа
Пасля феадальнай раздробленасці канца XI–XII стст. ад сярэдзіны XIII ст. у многіх еўрапейскіх краінах пачаўся адваротны працэс — аб’яднаўчы. Узнікалі новыя цэнтры сілы, якія паступова, з вялікай цяжкасцю і ў жорсткай канкурэнцыі далучалі да сваёй дзяржавы вакольныя землі.
У Польшчы поспехі ў адраджэнні цэнтралізаванай дзяржавы рабіў Уладзіслаў Лакетэк, які ў 1320 г. у Кракаве каранаваўся на Польскае каралеўства. Беларускія землі ў адным дзяржаўным арганізме аб’ядноўвала Вялікае Княства Літоўскае. Справа гэтая заняла паўтара стагоддзя, была распачатая Міндоўгам праз аб’яднанне Літвы і Русі, працягнутая Гедымінам, моцна прасунутая Альгердам з Кейстутам і закончаная ў пачатку XV ст. Вітаўтам Вялікім праз далучэнне Смаленшчыны.
Вялікая заслуга ў справе аб’яднання належыць Гедыміну, які надаў дынаміку гэтаму працэсу, прычым з выкарыстаннем выключна мірных дыпламатычных сродкаў. Галоўным было тое, што жыхары паасобных дробных беларускіх княстваў самыя хацелі далучыцца да Літвы — моцнай і роднаснай дзяржавы, дзеля спакою і абароны ў цяжкія часы. На паўднёвым усходзе ўладкавалася новая страшная сіла — мангола-татарская Залатая Арда, якая была не супраць падпарадкаваць апошнюю незалежную частку ўсходнеславянскага свету — землі Беларусі. Не дала рады адбіцца нават самая моцная на той час дзяржава Русі — Галіцка-Валынскае княства, якое ў 1258 г. прызнала вяршэнства над сабой золатаардынскіх ханаў.
У Беларусі Гедымін не меў цяжкасцей — дзе дамовай, дзе праз шлюб дзяцей (вось як Альгерда з віцебскай княжной), сабраў у Вялікім Княстве Літоўскім большасць беларускіх земляў. З-за непрыкметнага мірнага характару гэтага працэсу ён часта заставаўся па-за ўвагай летапісцаў і храністаў з суседніх краінаў (уласныя летапісы таго часу не захаваліся). Пра рэальныя памеры дзяржавы Гедыміна гісторыкі даведаліся толькі з пераказанага «Летапісцам вялікіх князёў літоўскіх» тэстамента вялікага князя, караля Літвы і Русі, як ён называў сябе ў лацінамоўных пасланнях. Акрамя ўласна Літвы да яе належалі Тураўская, Пінская, Берасцейская землі, Падляша, Менская зямля. Дэ факта на правах шырокай аўтаноміі ў Вялікае Княства Літоўскае ўваходзілі Полацкая і Віцебская землі.
Незалежнай заставалася адно Смаленшчына — вялікае моцнае княства, якое толькі намінальна прызнала ўладу татарскіх ханаў, але вяло ўласную палітыку. Смаленскія ўладары нават прынялі тытул вялікіх князёў.
Справу Гедыміна працягнулі ягоныя сыны дуумвіры Альгерд і Кейстут. Яны ўзмацнілі ліцвінскі плацдарм у Паўночнай Смаленшчыне — Таропецкай і Ржэўскай землях і агулам добра акроілі Смаленскае княства з трох бакоў — з захаду, поўначы і поўдня. Далучылі да Вялікага Княства Літоўскага Пасожжа і Мсціслаўскую зямлю, на паўднёвым усходзе — Бранскую зямлю.
Смаленскія князі імкнуліся захаваць незалежнасць і дзеля гэтага праводзілі палітыку лавіравання паміж Літвой і Масквой, пераходзілі то на адзін, то на другі бок. Але логіка гістарычнага працэсу няўхільна ўцягвала Смаленшчыну ў арбіту Літвы, якая ўпэўнена займала лідарскую пазіцыю ва Усходняй Еўропе. Пасля перамогі ліцвінаў над татарамі пры Сініх Водах ў 1362 г., далучэння велізарных украінскіх тэрыторый, уваход Смаленшчыны ў новую супердзяржаву быў толькі справай часу.
Яе рэалізаваў вялікі князь Вітаўт Кейстутавіч у 1395 г. Зрабіў гэта без кровапраліцця, хітрасцю. Прыбыў з войскам пад Смаленск нібыта па дарозе ў паход супраць татараў. Завабіў смаленскіх князёў і баяраў да сябе ў намёт дзеля вырашэнне іх унутраных спрэчак. Калі ўсе сабраліся, акрамя аднаго мясцовага князя Юры Святаславіча, Вітаўт усіх захапіў у няволю, а ў Смаленску паставіў сваіх намеснікаў. Справа аб’яднання беларускіх земляў у адной дзяржаве была завершана. Залаты век Беларусі ўступіў у вышэйшую фазу.