Эксперт: Імавернасць таго, што беларусаў адправяць паміраць за інтарэсы Крамля, вырасла кратна

Усебеларускі народны сход асабліва не задумваючыся над тэкстам і не чытаючы ўважліва дакумент, прыняў Ваенную дактрыну Беларусі. У выніку пагроза для жыцця і здароўя грамадзян Беларусі пасля прыняцця гэтага дакумента вырасла ў разы, лічыць эксперт украінскага Інстытута будучыні Ігар Тышкевіч.

Значыць так. Ёсць тэкст новай Ваеннай дактрыны Беларусі.

Дзе, у параўнанні з папярэдняй, дададзеныя цэлыя раздзелы. І сярод іншага ёсць характэрныя пункты 90 і 91. Прывяду іх цалкам:

«90. Рэспубліка Беларусь разглядае любыя дзеянні з прымяненнем ваеннай сілы, накіраваныя супраць любой з дзяржаў — удзельніц Саюзнай дзяржавы, як замах на Саюзную дзяржаву ў цэлым і будзе прымаць адпаведныя меры ў адказ з выкарыстаннем усіх сіл і сродкаў, якія знаходзяцца ў яе распараджэнні.

91. Пытанні арганізацыі прымянення ваеннай сілы Рэспублікай Беларусь у мэтах забеспячэння ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы і яе ўзброенай абароны вызначаюцца міжнароднымі дамовамі Рэспублікі Беларусь, заключанымі з Расійскай Федэрацыяй, і вырашаюцца ў складзе рэгіянальнай групоўкі войскаў (Сіл) Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі».

На першы погляд адлюстраванне палітыкі цяперашняй групы, якая знаходзіцца ва ўладзе ў Беларусі. Іх прыхільнікі скажуць, што гэта толькі пацвярджэнне нормаў, зафіксаваных у іншых дакументах. У прыватнасці ваеннай дактрыны Саюзнай дзяржавы.

Ідзем на інфармацыйны партал СД (адмініструецца з Беларусі) — няма дакумента. Ідзем на Пастаянны камітэт СД (адмініструецца з РФ) і знаходзім тэкст. Хм… Аналагічных нормаў аб агрэсіі і там падобны толькі пункт 21.3. аб узаемадзеянні ў ваенны час. Прыводжу яго:

«21.3. У ваенны час:

выкананне комплексу мерапрыемстваў па ўзброенай абароне Саюзнай дзяржавы;

своечасовую рэалізацыю сумесных рашэнняў па вядзенні ваенных дзеянняў па адбіцці нападу;»

Ужо кідаецца ў вочы — рэалізацыя сумесных рашэнняў. То бок, калі адзін з бакоў «думае», гэта азначае, што рашэнняў няма. А ў беларускай ваеннай дактрыне пункт 90 прамым тэкстам паказвае на іншае — Беларусь сама прымяняе «меры ў адказ з выкарыстаннем усіх сіл і сродкаў, якія знаходзяцца ў яе распараджэнні».

Дык можа ў ваеннай дактрыне РФ ёсць пункты аб абароне Беларусі «ў выпадку чаго»? Ідзем на сайт Крамля, чытаем. І няма там такіх пунктаў. Беларусь згадваецца толькі аднойчы ў раздзеле «супрацоўніцтва». Прыводжу ўрывак цалкам:

«а) з Рэспублікай Беларусь:

каардынацыя дзейнасці ў галіне развіцця нацыянальных узброеных сіл і выкарыстання ваеннай інфраструктуры;

выпрацоўка і ўзгадненне мер па падтрыманні абараназдольнасці Саюзнай дзяржавы ў адпаведнасці з ваеннай дактрынай Саюзнай дзяржавы;»

Для параўнання Абхазія і Паўднёвая Асеція згадваюцца, у тым ліку ў разрэзе абароны іх тэрыторыі, па 8 разоў.

Якія з гэтага высновы?

Для пачатку варта адзначыць такі прынцып дыпламатыі, як прынцып «узаемнасці». Роўнапраўныя партнёры бяруць (асабліва ў галіне абароны) роўныя (не абавязкова ідэнтычныя) абавязацельствы.

У нашым выпадку атачэнне Лукашэнкі прапісала ў дакуменце абавязанні ў дачыненні да Расійскай Федэрацыі. Аж да ўвязвання ва ўзброены канфлікт. Але вось няўдача — у ваеннай дактрыне РФ, у дактрыне СД такіх абавязанняў РФ у дачыненні да Беларусі няма. Гэта значыць, РФ можа ўмешвацца, кшталту «дапамагаць», але толькі калі гэта будзе ёй цікава.

Менскія гаўрыкі самі звязалі сябе больш жорсткімі рамкамі — яны не «могуць», а «будуць» прадпрымаць нейкія дзеянні.

Фармальна не абавязкова ваяваць (тут добры прыклад Будапешцкага мемарандума). І на гэтым этапе, магчыма, у Маскве не занадта будуць ціснуць. А вось далей — ёсць прапісаныя і здуру прагаласаваныя «хуралам» абавязацельствы. А значыць ёсць магчымасць выкручваць рукі. Або Лукашэнку ці камусьці пасля яго. І адскочыць, заявіць «мы не ўдзельнічаем» будзе нашмат больш складана, чым яшчэ 4 дні таму.

Таму імавернасць таго, што беларусаў будуць адпраўляць паміраць за інтарэсы крамлёўскага царка (хай не сёння, заўтра) вырасла кратна.

У Крамлі пляскаюць у далоні (і не занадта каментуюць ідэальную для іх вайсковую дактрыну). Тым больш, што ім удалося весела аблапошыць асобна ўзятага мужчыну, які любіць паўтараць пра спробы «нахіліць нас». «Нахілілі», ці падманулі?

Гэта, дарэчы, сведчыць аб узроўні экспертызы, узроўні аналізу рашэнняў, якія рыхтуюцца ў атачэнні Лукашэнкі. Розуму або смеласці не хапіла нават для банальнага параўнання дакументаў краіны, у дачыненні да якой сабраліся браць абавязацельствы.

Пагроза для жыцця і здароўя грамадзян Беларусі пасля прыняцця гэтага дакумента вырасла ў разы.

novychas.online