Музей Сцяны «Дом на Чэкпойнце Чарлі» папоўніўся выставай пра беларускіх палітвязынак. Афіцыйнае адкрыццё яшчэ плануецца, але ўжо ёсць першыя водгукі ад наведвальнікаў.

Журналістка Яўгенія Доўгая (праект «Палітвязынка») распавяла budzma.org, што выстава ў Берліне паўстала дзякуючы ініцыятыве арт-куратаркі з Украіны, якая звязалася з ёю ў студзені.

Што паказваюць на выставе

За некалькі месяцаў для выставы ўдалося сабраць калекцыю турэмных рэчаў. Сярод іх — белая сукенка, у якой адна з палітвязынак узяла шлюб у касцёле, а затым пайшла на суд, дзе ёй вынеслі абвінаваўчы прысуд. Іншая палітвязынка прадаставіла рукавіцы, якія сагравалі ёй рукі ў калоніі, пакуль яна прыбірала снег. Таксама ў экспазіцыі ёсць асабістыя дзённікі палітвязынак і лісты ім ад блізкіх, у тым ліку ад дзяцей.

«У музеі гэта цяпер адна з асноўных экспазіцый, якая будзе пастаяннай. Адно з 50 памяшканняў так і называецца — «Беларусь». Музей Сцяны вялікі і ў ім не толькі пра Нямеччыну і пасляваенную гісторыю Берліна. Шмат экспазіцый прысвечана ахвярам дыктатарскіх рэжымаў, напрыклад, Паўночнай Карэі. Выстава пра беларускіх палітвязынак знаходзіцца побач з экспазіцыяй пра Украіну, дзе ёсць экспанаты, у тым ліку, з Бучы», — распавяла budzma.org Яўгенія Доўгая.

Асноўная мэта экспазіцыі пра беларускіх палітвязынак — інфармаванне замежнікаў пра тое, што з сябе ўяўляе Беларусь пад дыктатурай.

«Мы хацелі, каб маладыя людзі, якія наведаюць гэтую выставу, зразумелі, што такое дыктатура і якія наступствы яна нясе для краіны. Чула водгукі ад адных з першых наведвальнікаў: выстава вельмі кранальная, асабліва людзям уразаюцца ў памяць рэчы з турмы, напрыклад, сукенка з калоніі», — адзначыла Яўгенія Доўгая.

Выстава ўжо працуе з красавіка (адрас — Friedrichstraße 43-45, 10969 Berlin), але Музей Сцяны яшчэ выбірае дату афіцыйнага адкрыцця.

З гісторыі Музея Сцяны

Сам музей мае цікавую і багатую гісторыю, якая пачалася ў 1962-м, праз год пасля будаўніцтва ўладамі ГДР сцяны паміж усходнім і заходнім Берлінам. Публіцыст і гісторык Райнэр Хільдэбрант заснаваў у кватэры, якая знаходзілася каля кантрольна-прапускнога пункта «Чарлі», экспазіцыю, прысвечаную ўцёкам людзей з усходняй часткі горада.

Вядомасці музея спрыяла тое, што ён знаходзіўся ў апошнім доме перад мяжою, у якім віталі і дапамагалі бежанцам з ГДР. Райнэр Хільдэбрант быў таксама заснавальнікам групы, якая дапамагала жыхарам Усходняй Нямеччыны ўцякаць.

Праз невялікае акенца ў старым будынку ХІХ стагоддзя можна было назіраць за ўсімі перамяшчэннямі на мяжы. Між іншым, «Чэкпойнт Чарлі» з’яўляўся тым памежным пунктам, дзе таксама праводзілі абмены шпіёнамі паміж СССР і заходнімі краінамі.
З часам адзін з музеяў, прысвечаных Берлінскай сцяне, разросся на астатнія пакоі шматкватэрнага дома. Іх прысвяцілі барацьбе з тыраніямі па ўсім свеце.

Антон Навумчык, budzma.org,
фота: Аляксандр Шэлегаў