З 16 верасня для ўвозу ў ЕС катоў, сабак і хатніх тхароў з Беларусі альбо Расіі будзе неабходна здаць аналіз на антыцелы да шаленства і прадставіць адпаведны дакумент еўрапейскага ўзору. Сабралі ўвесь шэраг дакументаў, якія гадаванец павінен мець перад паездкай ці пераездам у Еўрасаюз.
Дзяржаўная харчова-ветэрынарная служба Літоўскай Рэспублікі паведамляе, што Расія і Беларусь выключаны са спісу краін, якія эфектыўна рэалізуюць антырабічныя патрабаванні. Галоўная ветырынарка Дэпартамента памежнага кантролю Аліцыя Заранковіч расказала, што ў мінулым годзе 63 жывёлы, якія перавозіліся ў Літву з гэтых краін у камерцыйных мэтах, не былі прапушчаны праз неадпаведнасці суправаджальных дакументаў, умоў перавозкі альбо ідэнтыфікацыйнага нумара жывёлы.
Праз вялікую колькасць парушэнняў Еўрасаюз узмацняе жорсткасць патрабаванняў па ўвозе хатніх жывёлін з Расіі і Беларусі. Гаспадары катоў, сабак ды тхароў будуць абавязаны прайсці сералагічнае даследаванне на антыцелы да віруса шаленства і атрымаць дакумент, які пацвярджае гэта. Новыя правілы ўступаюць у сілу праз чатыры месяцы, з 16 верасня 2024 года.
Узор тэсту на антыцелы неабходна ўзяць як мінімум праз 30 дзён пасля вакцынацыі супраць шаленства і як мінімум за 3 месяцы да выдачы ветэрынарнага сертыфіката і ўезду ў Еўрасаюз. Тэст павінен праводзіцца ў зацверджанай лабараторыі, а вынік павінен паказваць узровень антыцелаў, якія нейтралізуюць вірус шаленства, не менш за 0,5 МЕ/мл.
Якія яшчэ дакументы неабходна мець для выезду з Беларусі ў ЕС?
У Еўрасаюз дазволена ўвозіць не больш за пяць сабак, катоў або тхароў. Выключэннем для абыходу абмежавання колькасці з’яўляецца ўдзел у спаборніцтвах ці выставах — у такім выпадку мытнікам неабходна прадставіць адпаведны доказ. Напрыклад, паказаць рэгістрацыйны нумар жывёлы ў спісе ўдзельнікаў мерапрыемства.
Каб увезці ў ЕС з труса, грызуна, птушку ці рэптылію, варта самастойна загадзя ўдакладніць патрабаванні і, увогуле, магчымасць увозу такой істоты ў адпаведную дзяржаву. Ветспецыялісты раяць звяртацца па гэтых пытаннях у Міністэрства сельскай гаспадаркі краіны прызначэння ці памежную службу.
Што да іншых абавязковых дакументаў, сабакі, каты і тхары павінны мець Міжнародны ветэрынарны пашпарт, выдадзены ў беларускай ветклініцы. У ім указана інфармацыя пра ўладальніка, вакцынацыях, дэгельмінтызацыі, чыпіраванні і іншыя звесткі. Даныя ў ветпашпарце павінны запаўняцца толькі ветэрынарным лекарам — інакш дакумент лічыцца несапраўдным.
Жывёла павінна мець падскурны мікрачып або татуіроўку і быць прышчэплена ад шаленства. Чыпіраванне — бязбольная працэдура, калі пад скуру з дапамогай спецыяльнага шпрыца ўводзяць мікрачып з індывідуальным нумарам. Пры дапамозе чыпы можна атрымаць інфармацыю аб мянушцы жывёлы, даце нараджэння, кантактах яго ўладальніка і ветклінікі, у якой прайшла працэдура. Уладальнік можа ўнесці ў базу даных фота жывёлы і яе радавод.
З 16 верасня ў пашпарце павінна быць прадастаўлена інфармацыя аб тым, што жывёла была сералагічна праверана на антыцелы да шаленства перад выездам з ЕС.
Наступны абавязковы дакумент — ветэрынарнае сведчанне формы №1. Яго выдаюць на станцыях па барацьбе з хваробамі жывёл з пячаткай і подпісам. У сведчанне ветэрынар запісвае тую ж інфармацыю, што ўнесена ў Міжнародны ветпашпарт. Звяртаем увагу, што ў прыватных беларускіх ветклініках гэты дакумент атрымаць немагчыма.
Прайшоўшы бюракратычнае пекла ў Беларусі, рухаемся ў ЕС. Дзякуючы наяўнасці папярэдняга дакумента вы можаце атрымаць Еўрапейскі сертыфікат аб здароўі жывёлы. Яго выдаюць у пунктах ветэрынарнага кантролю на мытні, у аэрапорце ці на вакзале. Сертыфікат запаўняецца на англійскай мове і мове краіны прызначэння.
Падарожнічаць па краінах Еўрасаюза з дадзеным дакументам можна 4 месяцы ад моманту першага перасячэння мяжы, аднак калі за гэты час скончыцца тэрмін дзеяння вакцыны супраць шаленства, сертыфікат становіцца несапраўдным.
Агулам, збор дакументаў ветэрынарныя спецыялісты рэкамендуюць пачынаць за месяц да выезду за межы Беларусі.
Дакументы для пераезду ў Еўрасаюз
Калі гаспадар збіраецца пераехаць у дзяржаву ЕС разам з гадаванцам, набор дакументаў для выезду з Беларусі не мяняецца. Па прыбыцці ў краіну неабходна звярнуцца ў бліжэйшую ветэрынарную клініку і атрымаць Еўрапейскі ветэрынарны пашпарт.
Новы дакумент замяняе еўрапейскі сертыфікат здароўя і дазваляе перамяшчацца паміж краінамі Еўрасаюза без іншых даведак. Ветэрынар запісвае ў пашпарт кантакты ўладальніка і інфармацыю аб жывёле, мікрачыпе і вакцынацыях. Усе наступныя вакцынацыі і апрацоўкі будуць заносіцца ўжо ў Еўрапейскі ветэрынарны пашпарт хатняй жывёлы. Гэты дакумент выдаецца гадаванцу на ўсё жыццё і сапраўдны да таго часу, пакуль дзейнічае вакцына ад шаленства.