Знешні свет не павінны забываць тых, хто змагаецца за свабодную, дэмакратычную і незалежную Беларусь. Таму сёння, у Міжнародны дзень салідарнасці з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі, у Стакгольме пачынаецца двухдзённая канферэнцыя, пішуць міністр замежных спраў Тобіяс Більстром і беларуская лідарка Святлана Ціханоўская.
Восенню 2020 года Беларусь была ў цэнтры ўвагі знешняга свету. Сотні тысячаў беларусаў выйшлі на вуліцы пасля прэзідэнцкіх выбараў, якія не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі. Яны выйшлі, каб мірна абараніць права выбіраць сваё будучыню. Цэламу народу надакучыў крадзеж выбараў, карупцыя і абсалютная ўлада.
Найгоршая сітуацыя за доўгі час
Але дэманстрацыі былі жорстка падаўленыя, а іх лідары былі арыштаваныя або вымушаныя эміграваць. Цяпер, амаль праз чатыры гады, рэпрэсіі ўзмацніліся на фоне агрэсіі Расіі супраць Украіны. Праз уступку сваёй тэрыторыі для поўнамаштабнага ўварвання Расіі рэжым Лукашэнкі нясе адказнасць за несправакаваны акт агрэсіі.
Сёння ў Беларусі сітуацыя для тых, хто паднімае крытычны голас супраць сістэмы, найгоршая за доўгі час. Усе формы палітычнай апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ падвяргаюцца рэпрэсіям. Звычайныя людзі, якія апублікавалі фатаграфію з дэманстрацыяў 2020 года, сачылі за незалежным каналам у сацыяльных сетках або проста выказалі надзею на мір ва Украіне, рызыкуюць апынуцца ў турме. Больш за 1400 чалавек знаходзяцца ў турме па палітычных матывах, сярод іх лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года Алесь Бяляцкі.
Знешні свет – мы – не павінныя забываць тых, хто змагаецца за свабодную, дэмакратычную і незалежную Беларусь. Нельга маўчаць.
Швецыя дзейнічае па гэтым пытанні
У той час як беларускія дэмакратычныя сілы ў выгнанні нястомна працуюць дзеля будучыні дэмакратычнай Беларусі, Швецыя дзейнічае, каб трымаць Беларусь на міжнародным парадку дня.
Па-першае, Швецыя працуе разам з партнёрамі па ЕС для прыняцця дадатковых санкцыяў у адказ як на шырокамаштабныя ўнутраныя рэпрэсіі, так і на падтрымку рэжымам Лукашэнкі агрэсіі Расіі супраць Украіны. Беларусь не павінная выкарыстоўвацца для абыходу санкцыяў супраць Расіі.
Швецыя таксама падтрымлівае ініцыятывы па прыцягненні вінаватых да адказнасці. Гэта стане магчыма, калі для гэтага будуць створаныя ўмовы. Напрыклад, Швецыя падтрымлівае Міжнародную платформу для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці, грамадзянскую ініцыятыву, якая збірае і дакументуе доказы парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, здзейсненых у перыяд вакол прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
Па-другое, Швецыя каардынуе сваю палітыку з аднадумцамі. На працягу 2024 года Швецыя каардынуе нефармальнае супрацоўніцтва Паўночных і Балтыйскіх краінаў, а таксама супрацоўніцтва Паўночных краінаў у рамках NB8 і N5 адпаведна. Мы стаім разам за правы чалавека, дэмакратыю і вяршэнства закона. Беларусь, натуральна, знаходзіцца сярод прыярытэтаў Швецыі.
Па-трэцяе, Швецыя працягвае падтрымліваць беларускія дэмакратычныя сілы ў выгнанні. У лістападзе амбасадар па Усходнім партнёрстве быў прызначаны прадстаўніком урада Швецыі ў адносінах да беларускіх дэмакратычных сілаў у выгнанні ў рамках паглыблення двухбаковага дыялогу.
У ценю агрэсіі супраць Украіны Лукашэнка набліжаецца да Расіі. Гэта робіць пытанне незалежнай беларускай ідэнтычнасці, культуры і мовы ўсё больш важным.
Будучыня Беларусі – дэмакратычная
Сёння, у міжнародны дзень салідарнасці з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі, у Стакгольме пачынаецца двухдзённая канферэнцыя па Беларусі, арганізаваная Міністэрствам замежных справаў і Цэнтрам даследаванняў Усходняй Еўропы пры Інстытуце знешняй палітыкі. У рамках канферэнцыі будуць абмяркоўвацца нацыянальная ідэнтычнасць Беларусі ў Еўропе сёння, яе мова і культура, свабоды і правы чалавека, дэмакратыя і выклікі, з якімі сутыкаюцца беларусы, вымушаныя жыць у выгнанні. У рамках канферэнцыі ў Доме культуры праводзіцца беларускае культурніцкае мерапрыемства, адкрытае для шырокай публікі.
Беларусь – частка Еўропы, і беларускі народ мае права выбіраць знешнепалітычны напрамак сваёй краіны. У краіны мусіць быць лепшая перспектыва будучыні, чым падпарадкаванне Расіі. ЕС ясна даў зразумець, што будучыня дэмакратычнай Беларусі – у еўрапейскай сям’і.
Нашы асноўныя патрабаванні ясныя. Рэпрэсіі павінны спыніцца. Палітычныя зняволеныя павінны быць безумоўна і неадкладна вызваленыя. Падтрымка агрэсіі Расіі супраць Украіны мусіць спыніцца. Народу Беларусі павінна быць дазволена выбіраць сваю будучыню на свабодных і дэмакратычных выбарах.
Канферэнцыя ў Стакгольме на гэтым тыдні – гэта крок у дэманстрацыі таго, што дэмакратычныя сілы маюць нашу працяглую і доўгатэрміновую падтрымку ў іх імкненні да дэмакратычнай і свабоднай Беларусі.