«Тры таварышы» і «Лета 1989». Хтонь і мінулае (пост)савецкага жыцця

У спецпраекце «Беларускае кіно на зломе эпох» кінакрытык Тарас Тарналіцкі піша пра фільмы рэжысёра Уладзіміра Казлова «Тры таварышы» і «Лета 1989».

Уладзімір Казлоў, рэжысёр

Бескампрамісны і прамалінейны

З усіх прадстаўнікоў расійскага культурнага андэрграўнду Уладзімір Казлоў, бадай, самы нетыповы. Яго бескампраміснасць, прамалінейнасць выказвання і вострасацыяльная творчасць — літаратура і кіно — аднолькава раздражняе як лукашэнкаўскі, так і пуцінскі аўтарытарызмы.

Ураджэнец Магілёва бссраўскага ўзору, гады сталення аўтара выпалі якраз на самы канец 1980-х — 1990-я гады, калі толькі-толькі знік СССР і большасць яго палітычных сатэлітаў, неэфектыўная планавая эканоміка саступіла месца рынкавай, а мёртвую камуністычную ідэалогію выціснула прагматыка капіталістычнага ладу жыцця. Маладасведчанае і шмат у чым інфантыльнае познесавецкае грамадства перажывала ў тыя часы балючую перабудову — і Казлоў як яго прадстаўнік і непасрэдны сведка пачаў яго адлюстроўваць у сваёй шчырай і балючай прозе. А калі надышоў час таннай лічбавай тэхнікі — і ў незалежным кіно.

У пачатку 2010-х мастак стварыў дзейсную мадэль малабюджэтнай кінавытворчасці, якая з дапамогай мінімальных сродкаў (фінансавых і мастацкіх) дазволіла ствараць няўтульнае па змесце поўнаметражнае кіно. У ім ён фіксаваў хваробы і адхіленні расійскага грамадства, нязменна робячы гэта праз прызму найбольш цікавай і актыўнай яго часткі — моладзі. З яе страхамі, спакусамі і прыземленымі марамі. Менавіта моладзі прысвечаны амаль усе яго ігравыя стужкі: «Дзясятка», «Скура», «Анамія», «Як мы захочам», «Тры таварышы», «Лета 1989».

«Тры таварышы»

Кадр з фільма «Тры таварышы»

У сваіх тэкстах рускамоўныя кінакрытыкі звычайна пагардліва спрашчаюць змрочную казлоўскую кінатворчасць да «чарнухі» ці «сацыяльнага плаката», але сярэднявечная па сваім характары вайна ва Украіне паказала, што аўтар зусім не згушчаў фарбы. Наадварот — змяншаў ступень маральнай хваравітасці вялікага ўсходняга суседа.

Гэта добра бачна ў яго драме «Тры таварышы», чыя назва дасылае да аднайменнага рамана Рэмарка. У адрозненне ад антываеннага пісьменніка, які рамантызаваў сяброўства былых удзельнікаў Першай сусветнай, так званае «страчанае пакаленне» немцаў міжваенных часоў, Казлоў адрынае ўзвышанасць стасункаў сваіх герояў. Яны не тыя, на каго хочаш быць падобным і каму варта спачуваць.

Агрэсіўны і амбіцыйны Глеб. Інтэлігентны і слабахарактарны Гоша. Кіраваны і малаадукаваны Улад. Выпадкова склалася трыа гарадскіх абібокаў, піцерскага «офіснага планктону». Аб’ядноўваюць іх толькі мары пра вялікія заробкі і незапланаваны загул пасля нелюбімай працы. Адна з такіх фатальных прыгод і становіцца галоўным паваротам сюжэта.

«Трох таварышаў» немагчыма аднесці да пэўнага кінажанра. Нібы роўд-муві па маргінальных завуголлях Піцера, толькі без дакладнай мэты. Зусім не трылер, але ў кадры павісае ўяўная трывожнасць за нахабныя ўчынкі і агідныя размовы, градус якіх падвышаецца прапарцыянальна колькасці выпітага хлапцамі алкаголю. Ад абмеркавання групавога сэксу са знаёмай па працы, якая толькі адышла ад століка бара, героі пераходзяць да спрэчкі пра геапалітычныя выклікі Расіі, на прыпынку чапляюцца да выпадковага эмігранта, а пасля канцэрта збіваюць утрох слабейшага нефармала, прыхільніка Цоя.

Чым далей, тым болей аўтар знаёміць гледача са стэрэатыпным і вельмі зразумелым светапоглядам тыповай гапаты, якая можа хавацца ў кожным сустрэчным, асабліва калі ён добра закінуў за каўнер. Такім мора па калена, а адзіны закон — гэта права моцнага, згодна з якім хто мацнейшы, у таго і праўда.

Героі фільма ідуць такім жа беззваротным шляхам, пераходзячы ў пэўны момант ад мараў пра групавы сэкс да наўпроставага гвалтавання. Адплата спасцігае іх у момант асэнсавання ўласнай велічы — імгненна, шакавальна і брутальна. Размазваючы ў фарш усё хвалёнае маскуліннае братэрства.

Выратаваць у такія моманты можа толькі цуд. Па Казлову — гэта каханне, з якога героі кпілі падчас усяго фільма, так не зразумеўшы ўсю моц гэтага пачуцця да самага канца.

«Тры таварышы» выйшлі несвоечасова, у пачатку кавіднага 2020 года, і не патрапілі ў грамадскі нерв. Апыніся фільм на экранах на два гады пазней, магчыма, што пытанняў, чаму ж адбылася трагедыя ў Бучы і Ірпені, акупаваных расійскімі вайскоўцамі, аказалася б меней. Але і без гэтага моманту фільм усё роўна мае прароцкі патэнцыял.

«Лета 1989»

Кадр з фільма «Лета 1989»

Адразу за фільмам «Тры таварышы» выйшла «Лета 1989» — найбольш светлая і настальгічная гісторыя ў звычайна змрочнай фільмаграфіі Казлова. У чорна-белай рэтра-палітры ў ёй пераказваецца адзін дзень з турпаходу кампаніі савецкіх беларусаў — выпускнікоў адной з магілёўскіх школ, якія за кампанію ўзялі госцю з Ленінграда. Экзамены наперадзе, самы час адпачыць.

Тры хлопцы, двое дзяўчат. Моцны самагон з суседняй вёскі і купанне ў сажалцы галяком. Сэкс у намёце і размовы пра планы на будучыню ля начнога вогнішча. Як бачна, паўнюткі камплект рамантычных прыгод, якія не псуе нават бойка з вясковымі гопнікамі (іх і адзін з герояў называе іх «крэстамі»), а толькі дадае ім пэўнай жывасці.

Ад «Лета» ўвесь час чакаеш нейкай неспадзяванкі, жудаснага падвоху. Не можа такога быць, каб Казлоў пакінуў сваіх герояў без важнага жыццёвага ўрока — але нічога дрэннага так і не адбываецца. Пабітыя «крэсты» так і не вяртаюцца, каб адпомсціць, а ўсе папярэднія канфлікты ўнутры кампаніі вырашаюцца самі сабой.

Тым не менш герояў чакае недзе за кадрам дарослае жыццё. І яно апынецца сапраўды куды больш вусцішным, чым кампанія агрэсіўных гопнікаў. Не дарма падзеі адбываюцца летам 1989 года — час юнацтва самаго аўтара, які, як і яго героі, глядзеў з азартам і імпэтам у вачах наперад. А яму падкінулі крах краіны, крызіс савецкай ідэнтычнасці, узыходжанне аўтарытарызму, шмат магчымасцяў, вайну і эміграцыю. «Прыўкраснае далёка» апынулася для познесавецкіх падлеткаў бязлітасным. Таму не дарма аўтар пакідае сваіх герояў у салодкім няведанні тых зменаў, з якімі ім вось-вось прыйдзецца сутыкнуцца.

Тарас Тарналіцкі, Budzma.org