
III Кангрэс аб палітзняволеных у Беларусі (#WithoutJustCause) аб’яднаў былых палітвязняў, праваабаронцаў, журналістаў, палітыкаў і прадстаўнікоў міжнароднай супольнасці вакол пытанняў падтрымання, вызвалення і рэабілітацыі людзей, якія пацярпелі ад палітычнага пераследу. 21 траўня, у Дзень палітзняволеных у Беларусі, размова была прысвечаная салідарнасці як спосабу выжывання – у турмах, калоніях, сем’ях і медыясупольнасці. У рэпартажы «Белсат» расказвае, пра што гаварылі ўдзельнікі.
Як падтрыманне звонку даходзіць нават праз муры турмаў
Галоўнай тэмай дня стала салідарнасць – не як абстрактнае слова, а як рэальны спосаб выжывання. Удзельнікі і ўдзельніцы гаварылі пра тое, як палітвязні падтрымліваюць адно аднаго ўнутры турэмнай сістэмы, як сувязь з роднымі і вольным светам дапамагае не зламацца і чаму так важна працягваць пісаць, гаварыць, дапамагаць сем’ям і называць імёны тых, хто застаецца ў няволі.
Праграму Кангрэсу пабудавалі вакол ідэі супраціву праз сувязь. Праз асабістыя сведчанні, літаратуру, журналістыку, мастацтва і кіно. Першы дзень адкрыўся выступамі дэмакратычнай лідаркі Святланы Ціханоўскай, віцэ-старшыні Сейма Літвы Вікторыі Чміліце-Нільсэн і амбасадара Чэхіі ў Літве Алеша Опаты. З прамовай таксама выступіў Алесь Бяляцкі – нобэлеўскі лаўрэат, заснавальнік праваабарончага цэнтру «Вясна» і былы палітзняволены.
Першая панэль – «Шчыты звонку, сеткі знутры: салідарнасць супраць турэмных сцен і муроў» – была прысвечаная таму, як салідарнасць працуе ўнутры месцаў зняволення і звонку. На пачатку яе з відэазваротам да ўдзельнікаў звярнулася дэпутатка Еўрапарламенту Раса Юкнявічыене, якая стала сімвалічнай хроснай палітвязня Сяргея Ботвіча, грамадзяніна Францыі, асуджанага на 13 гадоў турмы ў Беларусі.
У цэнтры размовы былі сведчанні людзей, якія самі прайшлі праз зняволенне: палітыка Паўла Севярынца, праваабаронцы Уладзіміра Лабковіча, выкладчыцы Наталлі Дулінай, а таксама адвакаткі Наталлі Мацкевіч. Яны гаварылі пра тое, што ў няволі салідарнасць часта робіцца не проста маральнай падтрымкай, а рэсурсам фізічнага і псіхалагічнага выжывання.

Павал Севярынец апісваў турэмную салідарнасць як адчуванне пляча побач. Палітвязняў у калоніі вылучалі асобна – жоўтымі біркамі, асобнымі шэрагамі, асобнымі праверкамі і асобнай увагай адміністрацыі. Але тое, што сістэма задумвала як знак кантролю і прыніжэння, для саміх палітвязняў рабілася знакам еднасці.
«Мы, калі былі там, адчувалі, што ёсць сіла сярод нас, ёсць сіла ад нашых сваякоў і тых, хто ў Беларусі нават маўчыць, і ёсць таксама сіла за мяжой Беларусі, якая працуе дзеля вызвалення Беларусі. Вось гэтае адчуванне таго, што недзе такая сіла ёсць, разам з адчуваннем для мяне як верніка, што ёсць сіла Божая, урэшце, што гэтыя сілы таксама працуюць у тым ліку і дзеля нашага вызвалення, – яно дае моц трымацца далей», – кажа ён.
Праваабаронца Уладзь Лабковіч гаварыў пра іншы, больш балючы бок публічнай салідарнасці. Ён расказаў, што адміністрацыя магла выкарыстоўваць увагу звонку як падставу для новых пакаранняў і ШІЗА. Але нават у такіх умовах ведаць, што пра цябе памятаюць, заставалася жыццёва важным для яго. Ён падкрэсліў: публічная салідарнасць можа мець цяжкія наступствы для чалавека ўнутры сістэмы, але маўчанне было б яшчэ больш небяспечным. Бо галоўная мэта рэжыму – ізаляваць чалавека, пераканаць яго, што ён адзін і пра яго ніхто не памятае.
Асабліва моцна прагучаў расповед Лабковіча пра людзей, якія заставаліся за кратамі пасля ягонага вызвалення. Ён ведаў, што яму могуць не аддаць запісы з імёнамі і тэлефонамі, таму завучваў кантакты сваякоў іншых зняволеных на памяць. Пасля вызвалення ён тэлефанаваў ім і перадаваў галоўнае: іх блізкія трымаюцца.

Чалавечнасць унутры самой сістэмы
У другой частцы дыскусіі ўдзельнікі гаварылі пра чалавечнасць унутры самой сістэмы. Гэтая тэма прагучала асабліва складана: з аднаго боку, былі рэдкія выпадкі чалавечых учынкаў з боку супрацоўнікаў калоніяў; з другога – сістэма ў цэлым заставалася прасторай гвалту, прыніжэння і ламання людзей. Уладзь Лабковіч прыгадаў начальніка атраду, які перад яго этапам у турму прыйшоў у камеру і па-чалавечы папрасіў прабачэння. Але сам Лабковіч прызнаў, што ягоная гісторыя – найперш пра бесчалавечнасць: ён бачыў людзей, якія, здавалася, атрымлівалі задавальненне ад катаванняў і здзекаў.
Выкладчыца Наталля Дуліна, наадварот, згадала некалькі выпадкаў, калі супрацоўнікі ўсё ж рабілі больш, чым патрабавалі правілы. Адзін з такіх момантаў – званок маці. Калі сувязь не атрымлівалася, супрацоўніца некалькі разоў перанабірала нумар і ўрэшце дала магчымасць пагаварыць з родным чалавекам. У калоніі такі званок – не дробязь, а сувязь з жыццём.
Павал Севярынец адзначыў, што ў ягоным выпадку праявы чалавечнасці былі амаль незаўважныя, «на нюансах». Але асаблівае значэнне для яго мела беларуская мова. Калі супрацоўнікі пачыналі гаварыць з ім па-беларуску, гэта ўспрымалася як схаваны знак падтрымкі і супольнай ідэнтычнасці.

Фінальная частка панэлі была прысвечаная таму, што кожны чалавек можа зрабіць для палітвязняў сёння. Адказы былі вельмі практычныя: данаціць, распаўсюджваць інфармацыю, маліцца за іх, падтрымліваць сем’і, тэлефанаваць родным, не маўчаць пра іх.
«Калі журналіст выходзіць, адказнасць медыясупольнасці – яго ўзяць на працу»
Другая панэль – «Рэпартаж з-за кратаў: ад асвятлення пратэстаў да палітычнага зняволення. Журналісцкая салідарнасць» – была прысвечаная журналістам і журналісткам, якія з асвятлення пратэстаў самі трапілі за краты. Сярод удзельнікаў панэлі – былыя палітзняволеныя Ягор Марціновіч, Ксенія Луцкіна, Эдуард Пальчыс. У ёй таксама брала ўдзел медыяэкспертка Вольга Ярохіна і намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў. На панэлі гаварылі пра журналісцкую салідарнасць, небяспеку прафесіі ў Беларусі, неабходнасць працягваць расказваць пра рэпрэсіі, а таксама шукалі адказ на пытанне, як сваімі публікацыямі не нашкодзіць чалавеку за кратамі.
На пачатку дыскусіі Алег Агееў прывёў лічбы БАЖ і «Рэпарцёраў без межаў». Паводле яго, Беларусь ужо некалькі гадоў застаецца адной з самых небяспечных краін у свеце для журналістаў. Калі лічыць колькасць зняволеных журналістаў адносна насельніцтва, Беларусь апынаецца на першым «сумным месцы». На момант дыскусіі 21 беларускі журналіст знаходзіўся за кратамі, яшчэ 55 ужо прайшлі праз зняволенне.
Гэтыя лічбы паказваюць, што пераслед журналістаў у Беларусі – не выпадковасць і не асобныя кейсы. Гэта сістэмная палітыка знішчэння незалежнай інфармацыі.
Цэнтральным пытаннем панэлі стала дылема: ці трэба пісаць пра палітзняволеных журналістаў, калі сваякі часам просяць маўчаць? З аднаго боку, публічнасць можа ратаваць і трымаць чалавека ў полі ўвагі. З другога – у беларускіх умовах любая згадка можа стаць падставай для ціску, ШІЗА, допытаў або пакарання.

Былая палітзняволеная журналістка Ксенія Луцкіна адказала адназначна: пісаць неабходна. Але гэта трэба рабіць адказна – правяраць усю інфармацыю. Яна згадала, што ў зняволенні ведала: пра яе пішуць. І гэта было важна. Але адначасова яна вельмі баялася неправераных паведамленняў – напрыклад, чутак пра тое, што ў яе «адмовілі ногі». Такія навіны маглі нашкодзіць не толькі ёй самой, але і родным.
Ягор Марціновіч працягнуў гэтую думку: няма аднаго правіла для ўсіх. Кожны кейс трэба ацэньваць асобна – у залежнасці ад таго, дзе знаходзіцца чалавек, ці ёсць у яго сувязь з вонкавым светам, наколькі цяжкі яго стан, ці можа публікацыя пагоршыць сітуацыю.
Ён падкрэсліў, што калі чалавек у СІЗА, публічнасць часта можа быць бяспечнай і патрэбнай. Калі ж чалавек у калоніі, у адносна «ціхім» становішчы, любы артыкул можа выклікаць рэакцыю адміністрацыі. Але гэта не азначае, што трэба маўчаць. Гэта азначае, што трэба ўзважваць кожнае слова.
Эдуард Пальчыс звярнуў увагу на канфлікт паміж жаданнем самога палітвязня, пазіцыяй родных і рызыкай для людзей, якія перадаюць інфармацыю. Чалавек можа быць гатовы да наступстваў, але яго родныя – не. Або наадварот.

Важным блокам стала размова пра адказнасць рэдакцый перад сваімі журналістамі. Мадэратарка дыскусіі дала слова Вользе Ярохінай.
«Журналіст, які выйшаў, медыя мусіць зрабіць усё, каб яго ўладкаваць, – сказала яна. – Каб яго прыняць, падтрымаць фінансава, даць магчымасць аднавіцца і даць яму працу. Адразу. Не чакаючы тых шалёных тэрмінаў па паўгода, як у Польшчы чакаюць дазволу на працу. Усімі магчымымі спосабамі прыняць адразу чалавека на працу. Не выкідаць яго ні ў якім разе. Гэта адказнасць наша як медыясупольнасці. Калі журналіст выходзіць і ягонага медыя няма, адказнасць нашай медыясупольнасці – яго камусьці ўзяць на працу. Таму што ягонае медыя знішчанае, рэфармаванае і гэтак далей. Не кідаць сваіх журналістаў. Мне падаецца, у гэтым павінна быць троху больш салідарнасці паміж намі».
У канцы панэлі з залі запыталі, якім чынам сёння можна зацікавіць замежныя медыі ў гісторыях палітвязняў, рэпрэсій ў Беларусі. Ксенія Луцкіна адказала вельмі практычна: не чакаць, пакуль замежныя журналісты самі прыйдуць на беларускія імпрэзы, а ісці да іх – на іх прафесійныя падзеі, у іх супольнасці, у іх медыйнае асяроддзе.
«Калі ў вас дзверы не адчыняюцца – зайдзіце ў трэція», – сказала яна.
Яна падкрэсліла, што беларускія журналісты, якія выйшлі з турмаў, маюць асаблівую магчымасць гаварыць з міжнароднай аўдыторыяй. Яны могуць даносіць тую ж інфармацыю, што і іншыя былыя палітвязні, але прафесійна – праз факты і дакладныя фармулёўкі.
Для Ксеніі важна, каб вызваленыя журналісты не саромеліся прапаноўваць сябе замежным медыям не толькі як героі інтэрв’ю, але і як эксперты, кансультанты, аналітыкі па Беларусі і рэгіёне.

Зацемкі з БЕЛАГу
Трэцяя панэль – «Зацемкі з БЕЛАГу: беларуская турэмная літаратура як акт салідарнага сведчання» – была прысвечаная тэкстам, якія нараджаюцца з досведу зняволення. Удзельнікі гаварылі пра беларускую турэмную літаратуру як форму памяці, дакументавання і супраціву: лісты, дзённікі, кнігі і сведчанні дапамагаюць захаваць галасы тых, хто прайшоў праз турмы, і тых, хто ўсё яшчэ застаецца за кратамі. У межах панэлі таксама працавалі стэнд з беларускай турэмнай літаратурай і акцыя «Пустое крэсла» Беларускага ПЭНа – як напамін пра аўтараў і аўтарак, якія не могуць прысутнічаць асабіста.
Чацвёртая панэль – «Мастацтва салідарнасці: роля культуры ў барацьбе за вызваленне палітзняволеных» – паказала, як культура становіцца інструментам падтрымання і адвакатавання. Праз вышыўку, партрэты, тэатр, перформанс і кіно ўдзельніцы гаварылі пра тое, як мастацтва вяртае бачнасць палітвязням, дапамагае расказваць іх гісторыі міжнароднай аўдыторыі і трымаць тэму рэпрэсій у публічнай прасторы.
Завяршыўся дзень паказам фільму Мары Тамковіч «Пад шэрым небам».
