
Ці ёсць падставы лічыць беларускія даследаванні ў ЗША маргіналізаванымі, альбо яны яшчэ знаходзяцца ў працэсе станаўлення? Наколькі сітуацыя адрозніваецца ў Вялікабрытаніі? Гэтыя пытанні былі ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў круглага стала «Беларускія даследчыкі і даследаванні Беларусі ў англамоўнай прасторы: магчымасці і праблемы», які адбыўся 14 траўня 2026 года ў анлайн-фармаце.
У дыскусіі ўдзельнічалі больш за 30 беларускіх і замежных даследчыкаў з ЗША, Вялікабрытаніі і іншых краін. Яны абмеркавалі, наколькі бачнай застаецца беларуская праблематыка ў англамоўнай акадэмічнай прасторы, якія адрозненні існуюць паміж сітуацыяй у ЗША і Вялікабрытаніі і што можа дапамагчы зрабіць беларускія даследаванні больш заўважнымі.
Дакладчыкі і ўдзельнікі дыскусіі пагадзіліся, што стан беларускіх даследаванняў у ЗША і Вялікабрытаніі прыкметна адрозніваецца. У Вялікабрытаніі беларускай праблематыцы надаецца значна больш увагі, чым у Паўночнай Амерыцы. Гэтаму спрыяюць еўрапейскі гістарычны і акадэмічны кантэкст, традыцыйная навуковая і грамадская цікавасць да СССР, Расійскай імперыі і дзяржаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы, у тым ліку непасрэдна да Беларусі, а таксама актыўнасць беларускай дыяспары ў Вялікабрытаніі. Аднак і ў Злучаным Каралеўстве застаецца шмат працы, каб беларускія даследаванні былі паўнавартасна прадстаўлены ва ўніверсітэтах.
Мерапрыемства адбылося ў межах ініцыятывы па развіцці даследчай супольнасці, якая рэалізуецца пры падтрымцы праграмы Еўрасаюза EU4BELARUS: Падтрымка павышэння кваліфікацыі і навучання (SALT II). Суарганізатарамі круглага стала выступілі Форум «Беларусь» Нямецкага таварыства ўсходнееўрапейскіх даследаванняў (Берлін), Асацыяцыя «Беларускі даследчы ўніверсітэт імя Астафея Валовіча» (Варшава) і Беларуская асацыяцыя адукацыі і навукі (Вільнюс).
Дыскусію мадэраваў прафесар Віктар Шадурскі. Асноўныя даклады прадставілі доктар Жэня Міронава з Гарвардскага ўніверсітэта і доктар Наталля Чарнышова з Універсітэта каралевы Марыі ў Лондане.
Што адзначылі ўдзельнікі дыскусіі
- Удзельнікі адзначылі, што многія ідэі, узнятыя падчас дыскусіі, былі сугучныя высновам трох папярэдніх пасяджэнняў круглага стала – пра беларускія даследаванні ў Польшчы, Літве і Германіі. Адной з галоўных нявырашаных праблем застаецца недахоп прафесійных сувязей паміж даследчыкамі, якія працуюць з беларускай тэматыкай, у тым ліку даследчыкамі беларускага паходжання. Доктар Жэня Міронава метафарычна назвала іх «самотнымі ваўкамі і партызанамі, часта нябачнымі нават адзін для аднаго».
- На думку ўдзельнікаў сустрэчы, у ЗША з беларускай тэматыкай працуе толькі невялікая колькасць навукоўцаў, якія маюць пастаянныя прафесарскія пасады. Большасць даследчыкаў беларускай тэматыкі – гэта маладыя спецыялісты на часовых акадэмічных пазіцыях, незалежныя даследчыкі, а таксама аспіранты Гарвардскага ўніверсітэта, Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Бэрклі, Чыкагскага ўніверсітэта, Стэнфардскага ўніверсітэта, Ельскага ўніверсітэта, Універсітэта Браўна і іншых устаноў. У многіх з іх няма выразных перспектыў працаўладкавання ў амерыканскай акадэмічнай сферы.
- У выніку, нягледзячы на значную колькасць публікацый, у тым ліку ў рэйтынгавых навуковых выданнях, у публічнай прасторы па-ранейшаму бракуе інфармацыі пра Беларусь і беларусацэнтрычныя даследаванні. Створаныя для падтрымкі гэтай сферы грамадскія асацыяцыі пакуль не вырашаюць праблему бачнасці. Паўночнаамерыканская асацыяцыя беларускіх даследаванняў (The North American Association of Belarusian Studies, NAABS), заснаваная ў 2002 годзе, у тым ліку доктарам Куртам Вулхайзерам і доктарам Дэвідам Р. Марплзам, фактычна існуе толькі дэ-юрэ. Цэнтр беларускіх даследаванняў (The Center for Belarusian Studies, CBS) пры Паўднёва-Заходнім каледжы ў горадзе Уінфілд, штат Канзас, застаецца неактыўным каля дзесяці гадоў.
- Гэтыя праблемы даследчыкі беларускай тэматыкі спрабуюць пераадольваць праз стварэнне прасторы для «беларускіх галасоў» у шырэйшых курсах, прысвечаных Цэнтральна-Усходняй Еўропе, Расіі, Украіне, іншым краінам і рэгіёнам. Пэўных поспехаў удалося дасягнуць і праз пашырэнне прысутнасці беларускай праблематыкі на навуковых канферэнцыях і з’ездах пад эгідай Асацыяцыі славянскіх, усходнееўрапейскіх і еўразійскіх даследаванняў (ASEEES – Association for Slavic, East European, & Eurasian Studies), Асацыяцыі даследаванняў нацыянальнасцей (ASN – Association for the Study of Nationalities), Асацыяцыі міжнародных даследаванняў (ISA – International Studies Association), Паўночна-ўсходняй асацыяцыі сучасных моў (NeMLA – Northeast Modern Language Association) і іншых арганізацый.
- Сітуацыя ў Вялікабрытаніі выглядае больш аптымістычна. Важную ролю ў спрыянні даследаванням і падтрыманні цікавасці да беларускай культуры адыгрываюць Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны, якія дзейнічаюць з 1971 года. Акрамя гэтай шмат у чым унікальнай калекцыі беларускіх кніг і дакументаў у Заходняй Еўропе, значныя беларускія калекцыі захоўваюцца ў Брытанскай бібліятэцы ў Лондане і бібліятэцы Школы славянскіх і ўсходнееўрапейскіх даследаванняў UCL SSEES. Беларуская калекцыя таксама фармуецца ў бібліятэцы Кэмбрыджскага ўніверсітэта. Важным выдаўцом беларускай літаратуры, у тым ліку ў англійскім перакладзе, з’яўляецца Skaryna Press у Лондане.
- З 1954 года ў Вялікабрытаніі дзейнічае Англа-беларускае таварыства (Anglo-Belarusian Society). Адным з яго галоўных дасягненняў стала выданне Journal of Belarusian Studies – найстарэйшага ў свеце англамоўнага рэцэнзаванага акадэмічнага часопіса, прысвечанага выключна вывучэнню Беларусі. Часопіс выдаваўся таварыствам у 1965–1988 гадах і быў адноўлены ў 2013 годзе пры падтрымцы Ostrogorski Centre. Артыкулы пра Беларусь цяпер таксама рэгулярна публікуюцца ў навуковых перыядычных выданнях, у тым ліку ў Europe-Asia Studies, які базуецца ва Універсітэце Глазга, і The Slavonic and East European Review UCL SSEES.
- Асобным дасягненнем беларусазнаўства ў англамоўным свеце з’яўляецца штогадовая Лонданская канферэнцыя беларускіх даследаванняў (Annual London Conference on Belarusian Studies), якую супольна арганізуюць Ostrogorski Centre, UCL SSEES і Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны. Канферэнцыя праводзіцца ўжо адзінаццаты год і збірае даследчыкаў Беларусі з Вялікабрытаніі і іншых краін.
- Разам з тым удзельнікі адзначылі, што ва ўніверсітэтах Вялікабрытаніі вельмі мала магчымасцяў вывучаць Беларусь у межах бакалаўрскіх і магістарскіх праграм. Модулі, якія ўключаюць фокус на беларускай гісторыі або літаратуры, сустракаюцца рэдка, а інстытуцыйных магчымасцяў вывучаць беларускую мову, здаецца, няма. У ЗША, у сваю чаргу, няма даследчых цэнтраў або кафедр, якія спецыялізуюцца непасрэдна на беларускай праблематыцы. Востра адчуваецца недахоп стыпендый і грантаў для беларускіх даследчыкаў у выгнанні. На англійскую мову недастаткова перакладаюцца манаграфіі беларускіх вучоных і зборнікі дакументаў, якія датычацца гісторыі Беларусі.
- Сур’ёзным выклікам для прасоўвання Беларусі ў свеце застаецца пазіцыя беларускай аўтарытарнай дзяржавы: яна не толькі не заахвочвае партнёрства беларускіх даследчыкаў з калегамі з дэмакратычных краін, але і актыўна імкнецца яму перашкаджаць.
Што прапанавалі ўдзельнікі
- Для лепшай каардынацыі і абмену інфармацыяй даследчыкам беларускай тэматыкі важна падтрымліваць электронную платформу H-Belarus, якая пачала працу ў сетцы H-Net у верасні 2025 года на англійскай мове, а таксама пашыраць кола яе карыстальнікаў і рэдактараў. Даследчыкам, якія працуюць з беларускай тэматыкай, прапануецца дадаць свой профіль у новы каталог Scholars of Belarus, запоўніўшы Google-форму. Удзельнікі таксама прапанавалі працягнуць абмеркаванне стварэння аналагічнай платформы на беларускай мове і міжнароднай адкрытай электроннай бібліятэкі, якая магла б стаць сховішчам пісьмовых рэсурсаў пра Беларусь і беларускія даследаванні.
- На думку выступоўцаў, у сучасных умовах наўрад ці магчыма стварыць – унутры краіны ці за яе межамі – новыя прафесійныя асацыяцыі з выключна беларускай спецыялізацыяй, якія будуць рэальна дзейнічаць. Таму мэтазгодна актывізаваць ужо існыя міжнародныя супольнасці і ствараць беларусацэнтрычныя секцыі ў межах шырэйшых рэгіянальных і міждысцыплінарных навуковых аб’яднанняў. Такі ж падыход можа быць карысным для міжнародных і нацыянальных навуковых канферэнцый і з’ездаў.
- Каб прыцягваць увагу замежнай навукі да Беларусі, даследчыкам беларускай тэматыкі варта пашыраць падыходы да вывучэння яе гісторыі, мовы і культуры. Перспектыўным выглядае разгляд гістарычных і сучасных праблем не толькі ў нацыянальным, але і ў рэгіянальным, транснацыянальным і глабальным кантэкстах – у параўнанні з іншымі краінамі, найперш суседнімі.
- На думку дакладчыц, міждысцыплінарныя і параўнальныя падыходы, а таксама ўключэнне Беларусі ў шырэйшыя даследчыя рамкі могуць стварыць новую якасць беларускіх даследаванняў. Узаемадзеянне з даследчыкамі іншых рэгіёнаў, якія таксама працуюць з тэмамі нацыяналізму, каланіялізму, супраціву або ў галінах лінгвістыкі, літаратуразнаўства, кіназнаўства і іншых дысцыплін, можа ўзбагаціць беларускае даследчае поле і паказаць яго значнасць шырэйшым акадэмічным і неакадэмічным супольнасцям. Публікацыя даследаванняў у рэйтынгавых міжнародных выданнях, перадусім англамоўных, застаецца прыярытэтам. Па-ранейшаму актуальная і патрэба ў перакладзе і публікацыі ключавых навуковых і літаратурных тэкстаў пра Беларусь па-англійску.
- Удзельнікі дыскусіі пацвердзілі патрэбу ў падрыхтоўцы абагульняючых навучальных матэрыялаў і анталогій па гісторыі і культуры Беларусі на англійскай мове. Такія матэрыялы маглі б спрыяць уключэнню беларускіх модуляў ва ўніверсітэцкія праграмы і пашырэнню прысутнасці беларускай тэматыкі ў акадэмічным выкладанні.
- Важным напрамкам папулярызацыі Беларусі застаецца пашырэнне супрацоўніцтва паміж даследчыкамі і беларускай дыяспарай праз супольныя грамадска-культурныя мерапрыемствы, прысвечаныя гістарычным падзеям і асобам. Асаблівую ўвагу ў гэтай працы варта надаваць узаемадзеянню з мясцовымі ўладамі і няўрадавымі арганізацыямі.
Паводле прэс-рэліза
