Больш за 50 беларускіх гісторыкаў пасля 2020 года былі вымушаныя пакінуць краіну і працягнуць працу ў Польшчы


Даследчыкі Беларусі ў Польшчы падвялі вынікі круглага стала.

Больш за 50 беларускіх гісторыкаў пасля 2020 года былі вымушаныя пакінуць краіну і працягнуць працу ў Польшчы. Да 2020 года на сталай працы ў гэтай краіне знаходзілася не больш за 20 даследчыкаў з Беларусі. Гэтыя лічбы былі агучаны падчас круглага стала «Беларускія даследчыкі і даследаванні Беларусі ў Польшчы: магчымасці і праблемы», які адбыўся 12 лютага 2026 года ў анлайн-фармаце.

Круглы стол ладзіўся ў межах ініцыятывы па развіцці супольнасці (Community Building Initiatives) праграмы Еўрапейскага саюза EU4BELARUS: Support to Advanced Learning and Training (SALT II). У ім прынялі ўдзел 33 беларускія і польскія даследчыкі, а таксама эксперты з іншых краін. Суарганізатарамі выступілі Форум гістарычных даследаванняў Беларусі Нямецкага таварыства па даследаванні Усходняй Еўропы (Берлін), Асацыяцыя «Беларускі даследчы ўніверсітэт імя Астафея Валовіча» (Варшава) і Беларуская асацыяцыя адукацыі і навукі (Вільнюс).

Дыскусію вёў прафесар Віктар Шадурскі. З асноўнымі дакладамі выступілі прафесарка Святлана Сяльверстава і прафесар Андрэй Масквін, пасля чаго адбылося абмеркаванне актуальных праблем развіцця беларусацэнтрычных даследаванняў у Польшчы.

Удзельнікі і арганізатары круглага стала падкрэслілі, што гістарычныя даследаванні з’яўляюцца толькі часткай развітага беларусазнаўства ў Польшчы, якое мае працяглую гісторыю і шырока прадстаўлена ў навукова-даследчых і аналітычных цэнтрах, а таксама ўніверсітэтах краіны.

Галоўныя высновы абмеркавання

  • Удзельнікі адзначылі, што пасля 2020 года ў Польшчу былі вымушаныя выехаць больш за 50 прафесійных гісторыкаў з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, універсітэтаў, музеяў і архіваў. Гэтая вымушаная міграцыя стала вынікам рэпрэсіўнай палітыкі ў Беларусі, але адначасова прывяла да ўзмацнення беларусацэнтрычных даследаванняў у Польшчы.
  • Пасля пераезду частка даследчыкаў атрымала міжнародную і польскую падтрымку, што дазволіла ім заставацца ў прафесіі. Некаторыя атрымалі пастаянныя працоўныя месцы ў польскіх навуковых і адукацыйных установах.
  • Вынікі працы беларускіх даследчыкаў замежжа публікуюцца ў навуковай перыёдыцы і выходзяць у выглядзе манаграфій на беларускай, польскай і англійскай мовах. У Польшчы працягваюць выходзіць спецыялізаваныя выданні па беларускай праблематыцы, у тым ліку «Беларускі гістарычны агляд» (заснаваны ў 1994 г.), «Беларускі гістарычны зборнік» (Białoruskie Zeszyty Historyczne), «Гадавік Цэнтра беларускіх студыяў» (Rocznik Centrum Studiów Białoruskich), «Беларусь і Свет» і The Free Belarus Journal (Часопіс Вольнай Беларусі). У той жа час адзначалася, што гэтыя выданні сутыкаюцца з фінансавымі цяжкасцяміі маюць абмежаваную прысутнасць у міжнародных рэйтынгавых базах. У значнай ступені яны арыентаваныя на беларускую аўдыторыю, што стварае рызыку фарміравання замкнёнай акадэмічнай прасторы. Падобная праблема тычыцца і канферэнцый ды іншых навуковых мерапрыемстваў.
  • Удзельнікі звярнулі ўвагу на скарачэнне кантактаў паміж даследчыкамі за мяжой і тымі, хто працягвае працаваць у Беларусі. Гэта можа прывесці да паступовага разыходжання акадэмічных дыскурсаў, як гэта ўжо адбывалася ў перыяд БССР.
  • Сур’ёзным выклікам застаецца падрыхтоўка новага пакалення беларусацэнтрычных спецыялістаў. Многія маладыя гісторыкі і грамадазнаўцы, вымушаныя пакінуць Беларусь, маюць абмежаваныя магчымасці атрымання грантаў, абароны магістарскіх і доктарскіх дысертацый і працягнення акадэмічнай кар’еры. Ідэі адкрыцця магістарскіх праграм з беларускай мовай навучання і абароны дысертацый па беларускай праблематыцы на беларускай мове абмяркоўваюцца, але сістэмныя рашэнні пакуль не знойдзены.
  • Выклікі існуюць і ў сферы беларускамоўнай адукацыі ў сацыяльна-гуманітарных навуках. Працягваюць дзейнасць «Вольны Беларускі ўніверсітэт» Беластоцкі філіял Вышэйшай школы менеджарскіх кадраў, прызначаны для беларускіх студэнтаў і выкладчыкаў, адкрытыя лекцыі ў польскіх гарадах арганізуе асацыяцыя «Беларускі даследчы ўніверсітэт імя Астафея Валовіча». Аднак гэтыя ініцыятывы пакуль не вырашаюць у поўнай меры пытанне падрыхтоўкі новых беларусацэнтрычных спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі.
  • Удзельнікі адзначылі колькасны і якасны рост мерапрыемстваў па папулярызацыі ў Польшчы гісторыі, мовы і культуры Беларусі. Ініцыятывы рэалізуюцца як на прафесійным узроўні, так і энтузіястамі ў розных гарадах. Аднак у грамадскай прасторы бракуе сістэматызаванай інфармацыі пра гэтую дзейнасць, а каардынацыя і абмен досведам застаюцца абмежаванымі.
  • У цэлым удзельнікі адзначылі, што беларускія даследчыкі ў Польшчы дасягнулі прыкметных вынікаў у навуковай, педагагічнай і асветніцкай дзейнасці. Разам з тым адчуваецца дэфіцыт гарызантальных сувязей і структур, здольных аб’яднаць беларускіх і польскіх даследчыкаў.
  • Пакуль не існуе прафесійнай асацыяцыі, якая б забяспечвала сістэмны абмен інфармацыяй пра навуковыя вынікі, мерапрыемствы і сумесныя праекты. У якасці аднаго з крокаў абмяркоўвалася стварэнне электроннай каардынацыйнай пляцоўкі на беларускай мове з улікам досведу платформы «H-Belarus», што дзейнічае з верасня 2025 года ў межах сеткі H-Net на англійскай мове.

Прапановы ўдзельнікаў

  1. Сярод першачарговых задач удзельнікі вылучылі неабходнасць узмацнення каардынацыі беларускага даследчага асяроддзя за мяжой. У якасці аднаго з інструментаў адзначана пляцоўка «H-Belarus», а таксама прапанавана абмеркаваць стварэнне прафесійнага аб’яднання беларускіх даследчыкаў і электроннай платформы для сістэмнай каардынацыі.
  2. Важным напрамкам прызнана пашырэнне тэматыкі даследаванняў і публікацый. Замежныя калегі чакаюць прапаноў па больш сучасным і актуальным даследчым праектам, у тым ліку па аналізе гістарычных і сучасных праблем Беларусі ў шырэйшым рэгіянальным і глабальным кантэксце, у параўнанні з іншымі краінамі, перадусім суседнімі. Перспектыўным застаецца выхад у рэйтынгавыя міжнародныя выданні на англійскай мове. Беларускім гісторыкам ў Польшчы варта быць больш актыўнымі і ініцыяваць сучасныя, актуальныя даследчыя праекты.
  3. Для падтрымання кантактаў з калегамі ў Беларусі і пашырэння міжнароднай бачнасці даследаванняў прапанавана шырэй выкарыстоўваць фармат адкрытага доступу навуковых тэкстаў беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой. Навуковым сувязям магла б спрыяць больш актыўная публікацыя ў замежнай перыёдыцы якасных рэцэнзій. Таксама падкрэслена неабходнасць падрыхтоўкі абагульняючых навуковых і навукова-папулярных прац па гісторыі Беларусі на беларускай і англійскай мовах, асабліва ва ўмовах узмацнення прапаганды і дэзінфармацыі. Такія публікацыі павінны быць арыентаваныя, у тым ліку, на моладзь. Перспектыўнымі для развіцця трансгранічных кантактаў з’яўляюцца падрыхтоўка бібліяграфічнага даведніка аб навуковых працах па беларускай праблематыцы, выдадзеных у Польшчы ў апошні час, а таксама правядзенне анлайн-сустрэч з аўтарамі манаграфій па беларускай гісторыі.
  4. Адзначана перспектыва супрацоўніцтва з беларускім бізнесам у Польшчы і іншых краінах для пошуку дадатковых крыніц фінансавання даследаванняў і публікацый.

Паводле прэс-рэліза