
Падчас Касцюшкаўскага форуму ў Гданьску прадстаўніца Беларускай рады культуры Эліна Калнібалоцкая распавяла пра вынікі даследаванняў, прысвечаных становішчу беларускай культуры ў выгнанні і падтрымцы культурных дзеячаў. Асобна яна вылучыла даследаванне, падрыхтаванае пры ўдзеле Цэнтра Мерашэўскага, якое дазволіла акрэсліць асноўныя патрэбы беларускай культурнай супольнасці за мяжой.
– Даследаванне Цэнтра Мерашэўскага вельмі цікава называецца – «Нявыкарыстаны патэнцыял». Яны кажуць пра тое, што беларускіх арганізацый зашмат, але яны недастаткова інкарпараваныя ва ўсю гэтую сістэму. Адзін з чэленджаў, які на сённяшні дзень мы маем, – гэта акурат інтэграцыя беларускіх культурніцкіх ініцыятываў у польскі кантэкст, акурат у гэтых праграмах падтрымкі.
Паводле Калнібалоцкай, каля сотні беларускіх грамадзян і арганізацый штогод звяртаюцца па падтрымку ў межах праграм цэнтра. Яна таксама адзначыла, што адной з галоўных праблем застаюцца адміністрацыйныя і фінансавыя бар’еры, у тым ліку складанасці з адкрыццём банкаўскіх рахункаў для творцаў у Еўропе:
– Патрэбна больш падтрымкі ад еўрапейскіх інстытуцый, і не толькі, таксама і палітычных актараў, каб гэтае фінансаванне зрабіць устойлівым. Нам не хапае, напрыклад, такой рэчы, як узаемадзеянне з мясцовымі банкамі. Для белаурсаў ёсць вялікая праблема адкрыць рахункі, як для арганізацый, так і для простых беларусаў.
На думку прадстаўніцы Беларускай рады культуры, спрашчэнне гэтых працэдур магло б стаць адным з ключавых практычных крокаў падтрымкі беларускай культуры ў выгнанні.
