
У Лондане – дыскусіі пра Беларусі. Аб працы ў рамках міжпарламенцкіх груп за дэмакратычную Беларусь, кажа беларускі палітык Анатоль Лябедзька. Ён каардынуе гэты міжнародны напрамак.
Дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і Канстытуцыйнай рэформе праанансаваў чарговыя мерапрыемствы ў рамках альянсу, які аб’ядноўвае больш за 350 дэпутатаў з розных краін.
– У чэрвені ў Лондане збіраемся. Імкнемся, каб туды прыехала як мага больш прадстаўнікоў розных парламенцкіх груп. І нам важна, каб гэта было ў рэжыме афлайн, каб людзі бачылі адзін аднаго. І першае, што мы заўсёды робім, мы гаворым пра пазітыўныя практыкі, якія ёсць у працы таго, ці іншага парламента па беларускаму кейсу, па беларускай павестцы. Хтосьці агучвае гэта, хтосьці бярэ на аловак, каб у іншых парламентах гэта выкарыстоўвалася.
Міжпарламенцкі Альянс дэпутацкіх груп “За дэмакратычную Беларусь” — як міжнародная сетка салідарнасці ўздымае беларускую павестку па парламенцкіх каналах. У Лондане таксама ёсць свой план.
Працягвае Анатоль Лябедзька:
– Далей мы будзем абмяркоўваць. Зацікавіліся брытанскія парламентары тым, што мы не сядзім проста і не чакаем будучыні, а рыхтуемся да яе. Тое, што мы называем «пазітыўная альтэрнатыва», моцна зацікавіла гаспадароў гэтага мерапрыемства. І мы будзем прэзентаваць некаторыя нашыя напрацоўкі для будучай Беларусі.
Альянс праводзіць рэгулярныя сумесныя паседжанні. Наступнае запланаванае ў Лондане ў чэрвені 2026 годзе. Папярэднія праходзілі ў Парыжы, Рыме і Берліне.
