Злачынны камуністычны рэжым у Крамлі ў чэрвені 1934 года прыняў новыя рэпрэсіўныя законы. Згодна зь якімі, сваякі людзей, што здолелі ўцячы ад дыктатуры, караліся гадамі ў зьняволеньні. Прайшло 90 гадоў, але, падаецца, нічога не прайшло.
8 чэрвеня 1934 года Сталін і яго хеўра вырашылі ўзрадаваць суграмадзянаў наступным падарункам:
Уводзілася крымінальная адказнасьць сваякоў падсудных за неданясеньне аб «дзяржаўным злачынстве», якое адбылося або плянуецца. У лік дзяржаўных злачынстваў унесеныі ўцёкі за мяжу СССР.
Адпаведна быў прыняты закон «Аб здрадзе радзіме», які прадугледжваў калектыўную адказнасьць чальцоў сям’і за неданясеньне. Да пачатку 1930-х гадоў магчымасьці ўцёкаў меліся яшчэ хіба што ў вайскоўцаў, раскватараваных у памежных гарнізонах. Таму каб запалохаць грамадзянаў, кара за магчымыя ўцёкі распаўсюджвалася не толькі на будучых злачынцаў, але і на іх сваякоў.
Галоўная мэта існаваньня таталітарных рэжымаў што ў СССР, што ў сучаснай Беларусі – гэта захаваньне існаваньня. Кожная хвіліна прасякнутая пошукамі тых, хто можа расхістаць, паламаць, зьнішчыць ці нават проста праіранізаваць з рэжыму – хай сабе і толькі ва ўяўленьні дзеючага кабінэту тэрора. Такія рэжымы лёгка бяруць на сябе мадэль, калі слова «радзіма», «дзяржава», «рэжым» становяцца сінонімамі. Тады атрымліваецца, што немагчыма разарваць гэтыя сувязі. Тады атрымліваецца, што выступаючы супраць рэжыму – ты здраджваеш усёй Радзіме.
Чырвоныя камісары ў СССР распрацавалі ў 1922 крымінальны кодэкс, дзе быў артыкул 58 «Контррэвалюцыйныя злачынствы». Ён утрымліваў 14 пунктаў, першы зь якіх акурат і меў назву «Здрада Радзіме». Абвінавачаным пагражаў растрэл. Але нават калі гуманны суд быў літасьцівы і прысуджаў 10 ці 25 гадоў, разам з гэтым трэба ўлічваць, што чалавек пазбаўляўся ў далейшым правоў на пэнсію, на дапамогу па беспрацоўі, бацькоўскіх правоў. У БССР быў прыняты свой кодэкс у 1928, нумар артыкула быў 63.
Звычайна гэтае абвінавачваньне было зьвязанае са шпіянажам і спробамі зьбегчы з сацыялістычнага раю. Цікавы факт, яшчэ не ўзяты на ўзбраеньне рэжымам у Беларусі: калі ў вайскоўца, які зьбег за мяжу, заставаліся поўнагадовыя сваякі, якім было вядома аб гэтых плянах, і якія не паведамілі маёру пра гэта, – іх чакала зьняволеньне на 5 ці 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці. Калі атрымлівалася даказаць, што сваяк не ведаў пра ганебныя пляны ўцекача здрадніка – тады яго чакала толькі прымусовае перасяленьне ў аддаленыя раёны Сібіры на 5 гадоў. У 1934 усе лягеры ў СССР былі аб’яднаныя ў адно галоўнае ўпраўленьне, што і дало сумнавядомую ўсім абрэвіятуру ГУЛАГ.
Ёсьць куды расьці
Некалькі гадоў гэтая новая мера тычылася толькі сваякоў вайскоўцаў, якія хаця б фармальна прыносілі прысягу. Але ў 1940 годзе пакараньне распаўсюдзілі ўвогуле на ўсіх уцекачоў, у тым ліку і цывільных, па хадайніцтве Берыі. У якасьці абгрунтаваньня Лаўрэнцій Берыя пісаў Сталіну:
«Дзейным крымінальным заканадаўствам не прадугледжаная адказнасьць чальцоў сем’яў здраднікаў радзіме, калі ўцякач за мяжу не зьяўляецца вайскоўцам.
У сілу гэтага сваякі здрадніка радзіме, калі іх саўдзел ува ўцёках або неданясеньне ўладам аб вядомым ім факце ўцёкаў, якія рыхтуюцца, сьледствам не даказанае, — рэпрэсіям не падвяргаюцца.
У выніку такога становішча, асабліва на новых межах Саюза ССР (заходнія вобласьці Беларусі і Ўкраіны, мяжа з Румыніяй, Прыбалтыйскія Савецкія Рэспублікі), дзе выпадкі сыходу за мяжу жыхароў Саюза ССР як адзіночкамі, так і групамі працягваюць мець месца, метады барацьбы з парушальнікамі дзяржаўнай мяжы, якія праводзяцца цяпер, не даюць належнага эфекту.
У мэтах выкарыстаньня больш эфектыўных мераў барацьбы з парушальнікамі мяжы Саюза ССР і ўмацаваньня памежнага рэжыму НКУС СССР лічыць неабходным усталяваць крымінальную адказнасьць чальцоў сем’яў здраднікаў радзіме (не толькі вайскоўцаў), якія ўцяклі за мяжу».
Сталіну прапанова спадабалася. З гэтага часу ўсе блізкія сваякі (бацька, маці, жонка, муж, дзеці, цесьць, цешча, браты, сёстры) любога грамадзяніна СССР, які ўцёк за мяжу, каралі. Прысуды выносіў пазасудовы орган — нараду пры НКУС, без сьведкаў і права абскарджаньня.
Уся маёмасьць сваякоў канфіскоўвалася, за выключэньнем дробных гаспадарчых прыладаў і вопраткі. Пасьля прысуду людзей кідалі ў турму, а потым пад канвоем перавозілі на спецпасяленьне, пад нагляд НКУС.
Цікава, што яшчэ ў 2010 годзе ў дзяржаўным часопісе «Сацыяльна-эканамічныя і прававыя дасьледваньні» можна было знайсьці такую фармулёўку ад аўтараў артыкула прафэсара права акадэміі МУС Беларусі Аляксея Вішнеўскага і дацэнта той жа міліцэйскай акадэміі Міхаіла Ганчарэнкі:
«Зразумела, што ўвядзеньне такой антыгуманнай нормы ў Крымінальны Кодэкс было неверагодным парушэньнем правоў і свабодаў асобы.
Падобныя зьмены былі ўнесеныя ў крымінальныя кодэксы ўсіх саюзных рэспублікаў у адпаведнасьці з пастановай ЦВК СССР ад 8 чэрвеня 1934 года».
Цалкам верагодна, што неўзабаве іх наступнікі на пасадах у Акадэміі МУС будуць апраўдваць артыкулы 1934 года і ўхваляць новазацьверджаныя артыкулы Беларусі ад года 2024 (25…).
Да ведама. Артыкул 356 КК Беларусі. Здрада дзяржаве
1. Выдача замежнай дзяржаве, міжнароднай або замежнай арганізацыі ці іх прадстаўнікам дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь, а роўна зьвестак, што складаюць дзяржаўныя сакрэты іншых дзяржаваў, перададзеных Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, або шпіянаж, або пераход на бок ворага падчас вайны ці ўзброенага канфлікту, або іншае аказаньне дапамогі замежнай дзяржаве, міжнароднай або замежнай арганізацыі ці іх прадстаўнікам у правядзеньні дзейнасьці, скіраванай на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, наўмысна зьдзейсненыя грамадзянінам Рэспублікі Беларусь (здрада дзяржаве), —
караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад сямі да пятнаццаці гадоў са штрафам ці без штрафу.
2. Здрада дзяржаве, зьдзейсненая службовай асобай, якая займае адказнае становішча, ці асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца, —
караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад дзесяці да дваццаці гадоў са штрафам ці без штрафу.