Хаім Суцін: цікавыя факты з жыцця і творчасці мастака

130 гадоў спаўняецца з патэнцыйнага дня народзінаў вядомага ва ўсім свеце генія жывапісу Хаіма Суціна, французскага мастака, які нарадзіўся ў яўрэйскай сям’і ў беларускіх Смілавічах. Чаму патэнцыйнага дня народзінаў? Зараз раскажам!

Хаім Суцін. Фота: wikipedia.org

Справа ў тым, што дакладная дата нараджэння невядомая. 13 студзеня Хаім Суцін прыдумаў сабе сам. А што яшчэ заставалася? Таямніцы ў жыцці багемнай моладзі — гэта часам вельмі прывабна, але не калі ты эмігрант, бо перыядычна табе цалкам прыземлена даводзіцца запаўняць розныя дакументы. І гэта першая нітачка (калі не лічыць родныя Суціну Смілавічы), што яднае знакамітага мастака, які жыў у першай палове ХХ стагоддзя, з намі цяперашнімі.

Імя, паходжанне, культура

Пачнём з самага відавочнага — з імені. Імя «Хаім» з іўрыта перакладаецца як «жыццё». Бог яго ведае, што там думаў Суцін пра родныя мясціны і ці чуў ён увогуле словы «Жыве Беларусь», але сама яго гісторыя якраз пра гэта — пра існаванне насуперак усяму. Бацька называў Хаіма «слюнцяем» і «паразітам» і забараняў маляваць. Свой першы «ганарар» будучы мастак атрымаў праз суд — гэта была кампенсацыя за збіццё пасля таго, як хлопчык намаляваў партрэт сына рабіна (іўдзейская рэлігія забараняе маляваць выявы людзей). Яму даводзілася галадаць, пакуль ён не стаў вядомым. І нават у гэтай вядомасці і пасля яе імя мастака заўсёды пад пытаннем: на радзіме Хаім застаецца Су́ціным, а ва ўсім астатнім свеце ён — Суці́н.

Не магу ўтрымацца і не згадаць пра нацыянальнасць. Шмат якія знакамітыя асобы ў гісторыі і культуры выклікаюць падобныя спрэчкі. Напрыклад, мой любімы пісьменнік Сэмюэл Бекет па нараджэнні ірландзец, размаўляў па-англійску, спрабаваў агораць нямецкі літаратурны алімп, а свой самы вядомы твор увогуле напісаў па-французску.

Хаім Суцін нарадзіўся ў беларускім мястэчку, якое на той час было часткай Расійскай імперыі. Яго бацькі — яўрэі, выхоўвалі сваіх дзяцей па іўдзейскіх традыцыях. Домам для Суціна быў Парыж, Францыя дала яму ўсё тое, чаго не змог даць ніхто: найлепшых настаўнікаў, натхненне, мадэлей, сяброў і прызнанне.

У дакументах, зробленых для мастака падчас акупацыі, ён пазначаны «рускім» (з удакладненнем «яўрэй»). І таму часта можна пабачыць, як Хаіма Суціна спрабуюць зрабіць часткай рускай культуры, што, безумоўна, няпраўда: адзіная культура, якой належалі яго душа, жыццё і творчасць — французская. Што, аднак, не адмяняе факта беларускага паходжання.

Свае і чужыя гарады і людзі, якія сталі домам

Напэўна, хаця б раз у жыцці любога беларуса і любой беларускі павінна з’явіцца Вільня. У жыцці Суціна Вільня была толькі прамежкавым пунктам — але важным, як любы этап, дзе мы вучымся, набіваем руку і набываем досвед. Ззаду ўжо быў Мінск (з Янкелем Кругерам і яго мастацкай вучэльняй), наперадзе ляжаў Парыж, але да яго яшчэ трэба было дарасці, і Вільня дала Суціну такую магчымасць — там ён працягнуў сваю мастацкую адукацыю, там жа разам з сябрам Міхаілам Кікоіным яны будавалі планы на культурную сталіцу тагачаснай Еўропы, у якую абодва трапілі з розніцай у год (Суцін — у 1913-м).

Думаючы пра пачатак парыжскага жыцця мастака, я не магу перастаць здзіўляцца таму, наколькі цікавымі бываюць рыфмы лёсу. Хаім трапляе ў Парыж усяго з некалькімі рублямі ў кішэні і пасяляецца ў «Вулеі» — гаворачы сучаснымі словамі, сапраўдным мастацкім сквоце, дзе ў 130 маленькіх майстэрнях мастакі могуць жыць, ствараць і абменьвацца ідэямі.

Калі вы памятаеце, аналагічную назву меў сучасны беларускі праект, у якім творцы маглі ствараць і прасоўваць у свет свае ідэі. Гэта была краўдфандынгавая платформа «Ulej.by», арганізаваная Эдуардам Бабарыкам, сынам таго самага Віктара Бабарыкі, які прывёз у Беларусь не адну карціну Хаіма Суціна, у тым ліку знакамітую «Еву», пра якую мы скажам пазней.

Нястача, вядомасць і боль, які не лечыцца грашыма

Жыццё ў Парыжы складана назваць цукровым. Калі б не сябар (яшчэ адзін сусветна вядомы мастак Амадэа Мадзільяні), які штодня даваў Хаіму грошы на ежу, жыццё апошняга было б яшчэ больш кароткім.

Першыя карціны Хаіма Суціна гандляр прадметамі мастацтва Леапольд Збароўскі прадаваў за 5 франкаў (пасля гэтыя ж карціны ўжо вядомы ў свеце Суцін будзе скупляць назад, каб перарабіць або знішчыць). Бывалі часы, калі некалькі селядцоў (тых самых, што потым стануць шэдэўрамі мастацтва) былі для Хаіма шыкоўнай вячэрай. Але — ацаніце ўпартасць і апантанасць справай! — ён спачатку пісаў з іх карціны і толькі пасля з’ядаў.

У 1914 годзе Хаім Суцін становіцца адным з мастакоў Парыжскай школы, а ўжо праз 8 гадоў, у 1922-м, амерыканскі калекцыянер Альберт Барнс купляе ў Збароўскага ажно 50 карцін Суціна адным махам, і на раніцу пасля гэтага мастак прачынаецца знакамітым.

Што праўда, грошы, якія нечакана — і заслужана! — зваліліся на галаву, не зрабілі яго ні горшым, ні лепшым: ён усё гэтак жа быў непрыстасаваны да багемнага жыцця Парыжа, не валодаў яго манерамі, не звяртаў увагі на быт. «Мастак са скурай навонкі» — так бы я назвала Хаіма Суціна, і ўсе яго карціны для мяне менавіта пра тое, як яму балела і як адчайна ён спрабаваў пра гэта сказаць.

Чырвоныя плямы — як успышкі перад вачыма; адчайна распасцёртыя тушы жывёл, якія адным сваім выглядам гавораць, што ім — нават мёртвым — баліць; наўмысна недасканалыя партрэты, у якіх самыя заўважныя хібы становяцца сутнасцю чалавека; і, нарэшце, пяшчотныя белыя гладыёлусы, якія стануць апошняй кропкай у гісторыі мастака. У гісторыі, якая расказана так сакавіта і з такім талентам, што пранікае пад скуру ад першых жа штрыхоў.

«Евалюцыя»

Прыкладна гэтак жа пад скурай, у самым сэрцы сённяшніх беларусаў жыла і, спадзяюся, жыве знакамітая «Ева», самая дарагая — цяпер ужо ва ўсіх сэнсах — карціна Беларусі, набытая «Белгазпрамбанкам» у сваю калекцыю за 1,8 млн. долараў. Хаіму Суціну і не сніліся такія грошы, дый наўрад ці ён думаў, што калісьці яго праца стане сімвалам свабоды там, дзе ён нарадзіўся.

«Ева» Хаіма Суціна. Фота: wikipedia.org

Пасля затрымання Віктара Бабарыкі і арышту ўсёй калекцыі карцін «Белгазпрамбанка» «Еву» як перліну гэтай калекцыі сталі маляваць за кратамі, у робе вязня канцлагера і арыштаванай АМАПаўцамі. Нават цэлы рух сярод беларускіх жанчын стаў называцца «Евалюцыя» — і гэты факт аднойчы таксама ўвойдзе ў падручнікі па гісторыі мастацтва як яскравы прыклад таго, што сапраўднае мастацтва існуе па-за часам і дзяржаўнымі межамі і застаецца свабодным.

Апошняе і пасмяротнае

У апошнія гады свайго жыцця, ужо моцна хворы на язву страўніка, Хаім Суцін вымушаны хавацца ад пераследу. Францыя акупаваная нямецкімі нацыстамі, Халакост у самым разгары — памагатыя Гітлера актыўна напаўняюць канцэнтрацыйныя лагеры яўрэямі з усёй Еўропы. Нягледзячы на тое, што Суцін быў геніяльным, знакамітым і пры грашах, ён усё яшчэ заставаўся яўрэем — і за тое яго маглі пазбавіць свабоды і жыцця, як зрабілі гэта з яго бацькамі ў 1941 годзе. У 1940 годзе схапілі і забралі ў канцлагер яго каханую Герду Грот, якая была немкай, але ўцякала ад рэжыму — з ёю Суцін больш ніколі не пабачыўся.

Парыж больш не быў домам, дому цяпер увогуле не было нідзе, і мастак апошнія месяцы свайго жыцця хаваўся ў сяброў у маленькім гарадку Ёна непадалёк ад Парыжа. Апошняй спадарожніцай яго жыцця стала Мары-Берт Аранш, якая, калі Хаіму стала блага, дамовілася на аперацыю для каханага ў акупаваным Парыжы, але марна: было занадта позна. Яе пасля, дарэчы, пахавалі ў адной магіле з Суціным.

Хаім Суцін памёр 9 жніўня 1943 года. Яго не з’ела нацысцкая пухліна, і трубы газавых камер не ператварылі «мастака са скурай навонкі» ў попел. Суціна забіла ўласная хвароба — язва страўніка, якую ён сабе нажыў у галодныя і нешчаслівыя дні свайго жыцця, калі свет яшчэ не ведаў, што мае такога мастака. Мастака, які ў самыя яркія гады сваіх маладосці і таленту так хацеў застацца кімсьці ў гэтым свеце, што гаварыў свайму сябру:

«Калі мы нічога не зробім у такім горадзе, як Парыж, значыць, мы сапраўды ні на што не здольныя».

Некалькі гадоў магіла Хаіма Суціна была безыменнай. Цяпер на Манпарнасе стаіць помнік, які можна было б назваць аўтапартрэтам, калі б яго рабіў сам Суцін. І што гэта, як не самая яскравая прыкмета таго, што ўсё атрымалася — тваё мастацтва працягвае жыць і пасля цябе?

Ілюстрацыйнае фота Крысціны Бандурынай

P. S. У 2021 годзе ў Мінску ў серыі «Вялікія імёны Беларусі» выйшла кніга для дзяцей «Хаім Суцін», напісаная Марыянай Сухавей і перакладзеная на беларускую Марыяй Мартысевіч.

Таксама ў Смілавічах, дзе нарадзіўся і правёў першыя 14 гадоў жыцця Хаім Суцін, ёсць музей «Прастора Хаіма Суціна».

Ну і, канешне, ужо ўзгаданая тут калекцыя «Белгазпрамбанка» змяшчае ў сабе некалькі карцін знакамітага мастака. Акрамя таго, на Youtube ёсць шэраг відэа, знятых пра мастакоў Парыжскай школы адмыслова па замове і пры падтрымцы «Белгазпрамбанка». Вельмі раю!

Крысціна Бандурына, novychas.online