Васілёк у жыце Гарадзеншчыны

19 чэрвеня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка і грамадскага дзеяча, удзельніка Другой сусветнай вайны, народнага пісьменніка Беларусі, лаўрэата шматлікіх прэмій Васіля Быкава (1924-2003).

Васіль Быкаў на беразе Нёмана ў Гародні

Жыццё і творчасць Васіля Быкава былі звязаны і з Гарадзеншчынай. Найперш са Слонімам і Гародняй. У першыя пасляваенныя гады перад службай на Далёкім Усходзе, пісьменнік служыў у Слоніме, а жыў ён у Альбярціне (цяпер мікрараён Слоніма).

У кнізе ўспамінаў “Доўгая дарога дадому”, Васіль Быкаў прыгадвае: “…на гэты раз паехаў далей — у Слонім. У свеце пачыналася шырокамаштабная халодная вайна з перспектывай перарасці ў гарачую, спатрэбілася болей войска. Слонімская брыгада разгортвалася ў дывізію, без артылерыста лейтэнанта Быкава абысціся было немагчыма. Армію знайшоў амаль той самай, якою пакінуў два гады таму. Усё тое ж бязладдзе, нагнятанне небяспекі з Захаду, нястача ўсяго матэрыяльнага — ад транспарту да шынялёў. Да паловы зімы хадзіў у ватоўцы з прышытымі афіцэрскімі пагонамі на плячах. I незвычайны нават у гады вайны рэжым сакрэтнасці. Усе статуты, інструкцыі, загады былі засакрэчаныя. Калі для заняткаў патрэбна было якое настаўленне, а яно патрэбна было кожны дзень, трэба было ўранку атрымаць яго пад распіску ў сакрэтнай часці, а ўвечары здаць. Узнікала шмат блытаніны, і некалькі афіцэраў пагарэлі на тым. Адзін наш камбат, каб кожны раз не бегаць у штаб па статут, што-нішто выпісаў з яго ў свой блакноцік, які затым згубіў на занятках у полі. Праўда, блакноцік не быў зарэгістраваны, і камбат асабліва не турбаваўся. Але ж трэба так здарыцца, што яго знайшоў на ўзлеску калгаснік і зрабіў, як ён думаў, добрую справу — у кірмашовы дзень адвёз блакноцік у Слонім. Там вельмі хутка вызначылі, каму ён належыць, і праз месяц з камбата знялі пагоны…”.

Такім Васіль Быкаў прыехаў у Слонім пасля вайны

Усю зіму Васіль Быкаў прабыў у Слонімскай дывізіі, жыў у нейкай бабулькі ў Альбярціне. Даведацца, у якой бабкі жыў народны пісьменнік у Альбярціне, не ўдалося.

Кожны дзень — палявыя заняткі, у мароз, дождж і сцюжу, зіма выдалася сцюдзёная. Нарэшце — чаканая вясна, прыгрэла сонца…”, — пісаў далей аўтар “Доўгай дарогі дадому”. Хутка ён пакінуў Альбярцін і атрымаў новы загад – паехаў служыць на Далёкі Ўсход…

У 1960-1990-я гады Васіль Быкаў не раз бываў у Слоніме. Ён сябраваў са слонімскімі літаратарамі Алегам Лойкам і Анатолем Іверсам. У дзяцей сланімчанкі Людмілы Клімовіч (роднай сястры пісьменніка Алега Лойкі (1931-2008) захоўваецца шмат кніг з аўтографамі беларускіх літаратараў. Сярод іх – і аўтограф народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава на рускай мове. Гэты аўтограф Васіль Быкаў напісаў 15 траўня 1971 годзе ў Слоніме на сваёй кнізе прозы “Адна ноч” (Мінск, 1965).

Па словах пляменніц Алега Лойкі, у траўні 1971 года Васіль Быкаў, Алег Лойка і яшчэ некалькі пісьменнікаў, наведалі Слонім, яны выступалі перад вучнямі і настаўнікамі СШ № 1 г. Слоніма. А пасля сустрэчы завіталі ў бацькоўскі дом Алега Лойкі, дзе жыла яго родная сястра Людміла Клімовіч. “Мы пісьменнікаў тады пачаставалі. Яны доўга сядзелі за сталом, гутарылі, спрачаліся. А Васіль Уладзіміравіч выйшаў на ганак хаты і пачаў размаўляць з маімі дочкамі Вольгай і Ганнай. Пісьменнік пытаўся ў іх пра вучобу, пра слонімскую моладзь, пра іх захапленні і адпачынак. А на развітанне дастаў невялічкую сваю кнігу “Адна ноч” і па-руску падпісаў: “Оле и Ане с уверенностью, что всё у них устроится хорошо, потому что хорошим должно быть хорошо. Автор В.Быков. 15.V.71. Слоним, “ — прыгадвала пазней Людміла Клімовіч.

Больш Васілю Быкаву пабываць у хаце Лойкаў у Слоніме не давялося. Хаця гэты горад над Шчарай ён любіў і наведваў яго яшчэ некалькі разоў.

Пра паэта Анатоля Іверса ў той самай “Доўгай дарозе дадому” Васіль Быкаў напісаў: “…Драматычная гісторыя слонімскага паэта Анатоля Іверса. Застаўшыся на акупаванай тэрыторыі, ён змушаны быў па заданні з лесу пайсці працаваць у гарадскую ўправу, ягонага таварыша ўкаранілі нават у СД. Дапрацаваліся яны там да таго, што ледзь выратаваліся ад арышту. Іверс дык выскачыў у вакно, а сям’я была арыштавана, і жонка загінула. Пасля вызвалення нейкі час усё было добра, іхнюю гісторыю ў Слоніме ведалі, іх не чапалі. Але з цягам часу, калі партызанскія кіраўнікі, на якіх яны працавалі ў немцаў, памерлі або раз’ехаліся, абодвух “выкрылі”. У Гародні быў суд, Іверсаў таварыш атрымаў 15 гадоў, сам Анатоль Іверс быў звольнены з працы, выключаны з Саюза пісьменнікаў і пятнаццаць гадоў прарабіў на смалакурні ў лясгасе…”. А яшчэ пра Анатоля Іверса Васіль Быкаў аднойчы сказаў: “Анатоль Іверс шмат дзесяткаў гадоў сумленна і мужна працаваў на карысць свайму народу і яго літаратуры”…

У Гародні Васіль Быкаў жыў з 1947 па 1949 гады і з 1955 па 1978 гады. Ён кватараваў на вуліцах Вялікай Траецкай, Свярдлова, Парыжскай Камуны, Ажэшкі, Рабочай і іншых. На вуліцы Пажарскай нарадзіўся яго малодшы сын Васіль. Доўгі час Васіль Уладзіміравіч працаваў у абласной газеце “Гродзенская праўда”. На яе старонках у 1949 годзе з’явіліся першыя апавяданні празаіка “У той дзень” і “У першым баі”.

Васіль Быкаў сярод вучняў Гарадзенскай сярэдняй школы № 1, 1963 г.

Праца ў “Гродзенскай праўдзе” падабалася Васілю Быкаву. Ён пісаў карэспандэнцыі, артыкулы, нарысы, фельетоны. У 1956 годзе ў часопісе “Маладосць” з’явілася апавяданне “Страта”, падпісанае новым у беларускай літаратуры імем. Вызначыліся ў гэтым апавяданні лаканізм, дынамічнасць і драматычная напружанасць апавядання, псіхалагізм. У другой палове 1950-х гадоў Васіль Быкаў пачынае актыўна друкавацца амаль ва ўсіх рэспубліканскіх выданнях.

У “Гродзенскай праўдзе” Васіль Быкаў працаваў літаратурным кансультантам. Ён уважліва вычытваў творы ўсіх тых, хто прыносіў ці дасылаў у газету свае пробы пяра. А ў больш вольны час гутарыў з пачынаючымі аўтарамі, вёў гутарку пра літаратуру і пра цяжкасці літаратурнага майстэрства. Актыўна выступаў пісьменнік перад чытачамі, падтрымліваў таленавітых маладых літаратараў. І сам шмат пісаў. У гарадзенскі перыяд жыцця былі напісаны яго шматлікія кнігі пра чалавека на вайне. Сярод іх – “ Жураўліны крык”, “Альпійская балада”, “Мёртвым не баліць”, “Праклятая вышыня”, “Круглянскі мост”, “Сотнікаў”, “Дажыць да світання” і іншыя. У 1960 годзе з друку выходзяць першыя кнігі Васіля Быкава “Ход канём” (гумар) і “Жураўліны крык”.

Да Васіля Быкава ў Гародню часта наведваліся Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Янка Брыль, Андрэй Макаёнак, бывалі Уладзімір Караткевіч, Сакрат Яновіч, перакладчык Міхась Гарбачоў з Масквы, а таксама іншыя літаратары. Але найлепш ён сябраваў з гарадзенскімі хлопцамі Аляксеем Карпюком, Барысам Клейнам, Валянцінам Чэкіным, Уладзімірам Калкуном. Яны любілі хадзіць па гарадзенскіх старых вуліцах, катацца на лодках па Нёмане, пасядзець за келіхам піва.

Аляксей Карпюк і Васіль Быкаў

Пачынаючы з 1972 года Васіль Быкаў з’яўляўся сакратаром Гарадзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР. Узначальваў аддзяленне шэсць гадоў.

За гарадзенскі перыяд жыцця Васіль Быкаў аб’ездзіў усю Гарадзеншчыну. Да яго са сваімі творамі прыязджалі хлопцы і дзяўчаты, якія жылі ў іншых рэгіёнах вобласці, а таксама тыя, хто жыў у абласным цэнтры. Прыгадвае пісьменнік Уладзімір Васько з Ліды: “Я зайшоў да Васіля Быкава ў “Гродзенскую праўду”. Васіль Уладзіміравіч падняўся з-за стала і першым падаў мне руку. У яго была такая звычка: заўжды вітацца першым, — гэта відаць, каб мы, студэнты, былыя вяскоўцы, не так губляліся. Праўда, тое падбадзёрвала нас, прыдавала духу. Ён адабраў пару вершаў з прынесеных і паабяцаў, што прапануе іх у літстаронку. Пазней яны былі надрукаваныя. А я ўсё часцей пачаў заглядваць у рэдакцыю “Гродзенскай праўды” – калі адзін, калі разам з сябрамі. Ні разу не прапусціў заняткаў у літаб’яднанні. Пра наша наведванне рэдакцыі Васіль Уладзіміравіч успамінае і ў сваёй кнізе “Доўгая дарога дадому”…

На Гарадзенскім абласным семінары маладыдых літаратараў. У цэнтры Васіль Быкаў, справа ад яго – Уладзімір Васько, 1960-я гады

Прыгадвае ў сваёй кнізе “Зігзагі лёсу” (Гродна, 2017) Уладзімір Васько і вясёлыя моманты сустрэчы з Васілём Быкавым. Вось адзін з такіх: “Сваімі наведваннямі рэдакцыі я, магчыма, і назаляў Васілю Уладзіміравічу, але выгляду ён не паказваў. Наадварот, пры маім з’яўленні ў яго кабінеце ён як быццам ажыўляўся і з зацікаўленасцю слухаў, што я казаў ці чытаў. Праўда, любіў тонка і востра прыпусціць толіку гумару ў мой адрас, што Ірыну Міхайлаўну Сувораву, якая сядзела з ім у адным кабінеце, і мяне здорава смяшыла (на гумар я не крыўдаваў). Аднойчы, напрыклад, ён сказаў: “Ты, Васько, так пішаш, як ідзе па вуліцы салдат, у якога на адной назе бот, а на другой лапаць: то грукне ботам, то шлёпне лапцем. А патрэбна што-небудзь адно: ці грукацець, ці шлёпаць. Патрэбна гармонія ў творах. Разумееш?”. Сам жа Васіль Уладзіміравіч усміхаўся стрымана, з характэрнай для яго цёплай хітрынкай у вачах…”.

Пісьменнікі на пагранзаставе ў Бераставіцкім раёне. Злева направа Валянцін Блакіт (другі), Рыгор Барадулін (чацвёрты), у цэнтры — Яўгенія Янішчыц, Васіль Быкаў. Павел Місько, Аляксей Пяткевіч, 1977 г.

Сябраваў народны пісьменнік і з гарадзенскім літаратуразнаўцам Аляксеем Пяткевічам. Амаль усе кнігі, якія Васіль Быкаў выдаў, жывучы ў Гародні, падпісаў Аляксею Пяткевічу. На тытуле “Альпійскай балады” аўтограф: “Аляксею Міхайлавічу Пяткевічу, аднадумцу і сябру. Са шчырасцю. В.Быкаў. 29.Х-64”. На зборніку “Жураўліны крык” такі тэкст: “Шаноўнаму Аляксею Міхайлавічу Пяткевічу са шчырасцю і павагай. Вaсіль Быкаў. 23.XI.-65”. На зборніку прозы “Адна ноч” застаўся такі Быкаўскі аўтограф: “Аляксею Міхайлавічу Пяткевічу, чалавеку выключнай беларускасці і знаўцу літаратуры. З удзячнасцю і дружбай В.Быкаў. 29.Х.-65”. На зборніку “Аповесці”: “Аляксею Міхайлавічу Пяткевічу з вялікай удзячнасцю і павагай. В.Быкаў. 14.XI.-69”. На кнізе “Альпійская балада” ў перакладзе на польскую мову чытаем: “А.М.Пяткевічу са шчырасцю і ў знак дружбы. В.Быкаў. 25.VII.-70”. На зборніку “Сотнікаў. Абеліск. Аповесці”: “Аляксею Міхайлавічу Пяткевічу са шчырасцю і найлепшымі пажаданнямі на яго ніве. Васіль Быкаў. 21.XI.-73”.

Дзякуючы Васілю Быкаву Аляксей Пяткевіч быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў. У сваёй кнізе ўспамінаў “Водгулле з маёй дарогі” (Гродна, 2021) Аляксей Пяткевіч прыгадвае: “У Саюз пісьменнікаў СССР мяне “ўпіхнуў” у 1971 годзе В.Быкаў. Калі на прыёмнай камісіі Саюза Іван Паўлавіч Мележ па праву старшыні задаў мне паўжартам першае пытанне – “Ну што, Аляксей Міхайлавіч, як вы дайшлі да жыцця такога?”, я адказаў: “Я не вінаваты. Гэта ўсё Быкаў”. Сапраўды было так. Ён сказаў, каб я падрыхтаваў спіс сваіх літаратуразнаўчых публікацый. Я не надаў гэтаму асаблівага значэння: раз Быкаў гаворыць, значыць трэба…”.

Апошні раз Аляксей Пяткевіч з Васілём Быкавым сустракаўся ў Менску на Танкавай вуліцы ў 1996 годзе. Яны тады трохі пасядзелі ў яго рабочым кабінеце, пагутарылі пра літаратуру і жыццё. І Аляксей Пяткевіч з ім развітаўся.

Васіль Быкаў аднойчы гарадзенскай паэтцы Дануце Бічэль у цемры, каб яна не ўскочыла ў лужыну, сказаў: “Хадзі на мой голас…”. І яна, колькі гадоў пісьменнік жыў у Гародні, столькі гадоў ішла на яго голас. І кнігу ўспамінаў назвала “Хадзі на мой голас” (Гародня-Wrocław, 2008). А ў ёй адзін раздзел прысвяціла Быкаву і Карпюку. Дарэчы, Васіль Быкаў і Аляксей Карпюк сябравалі заўсёды, да канца сваіх дзён. Са слоў Дануты Бічэль, “у Быкава было шмат сяброў і аднадумцаў. І ён, і Карпюк былі “блуднымі” сынамі ў афіцыйнай БССР, але іх прымалі як роўных у магутнай сям’і літаратараў Саюза. Яны містычна былі на перадавой і сапраўды былі наперадзе грамадскай думкі, былі лепшымі з лепшых, лепшымі сярод лепшых…”.

Меў сустрэчы з Васілём Быкавым Юрка Голуб, сябравалі з ім Алесь Белакоз з Гудзевіч Мастоўскага раёна, Ларыса Геніюш з Зэльвы і дзесяткі іншых вядомых людзей Гарадзеншчыны. Ларыса Геніюш часцей за ўсё з Васілём Быкавым ліставалася. Некалькі лістоў Васіля Быкава да паэткі з Зэльвы былі апублікаваныя ў альманаху “Асоба і час”(Мн., 2010). Гэта шчырыя, цёплыя лісты, пажаданні, прапановы. Васілю Уладзіміравічу вельмі спадабалася паэма “Куфар”, ды і ўсе вершы паэткі. Ён шмат разоў прасіў, каб Ларыса Антонаўна дасылала вершы для літстаронкі ў “Гродзенскую праўду”. У сваю чаргу Ларыса Геніюш у лісце да Міколы Прашковіча 3 верасня 1965 года пісала: “Быкаў думае. Ён адчувае мыслі грамадства, яго боль і праблемы і дасканала ўмее іх перадаць” (Ларыса Геніюш. Каб вы ведалі. Мн., 2005, с.70). У другім пісьме да Міколы Прашковіча ад 11 лютага 1966 года паэтка адзначае наступнае: “Я больш цаню Быкава, чымсьці яго люблю. Я вельмі люблю Брыля і Карпюка, але цаню іх меней за Быкава. Так, не баліць толькі мёртвым! Быкаў адчувае і нясе адказнасць за лепшага чалавека, “праполвае” грамадства, і гэта вялікая справа. Ён – глыбокі аналітык, амаль геніяльны, як само жыццё. Ён жа і бярэ іх з жыцця цаліком!..” (Ларыса Геніюш. Каб вы ведалі. Мн., 2005, с.83). Геніяльнасць Васіля Быкава Ларыса Геніюш убачыла яшчэ ў тыя далёкія 1960-я гады. І яна не памылілася.

Генадзь Бураўкін, Васіль Быкаў, Барыс Клейн, 1973 г.

У 1986 годзе ў Менску выйшаў гарадзенскі літаратурны альманах “Краю мой – Нёман”. Прадмову да выдання напісаў Васіль Быкаў, які падкрэсліў, што “змешчанае ў гэтай кнізе – плён творчасці аднаго з рэгіёнаў Беларусі, але значэнне яго, вядома, выходзіць далёка за рамкі рэгіянальнай з’явы”. За рамкі Беларусі даўно выйшла творчасць Васіля Быкава, якая вядомая ва ўсім свеце. Яго памятаюць, чытаюць, перакладаюць і любяць. Дарэчы, у Гародні на вуліцы Савецкай, 31, у офісе ветэранскай арганізацыі, з 2003 па 2018 гады размяшчаўся музейны пакой, прысвечаны Васілю Быкаву. У экспазіцыі была вялікая калекцыя кніг Быкава, асабістыя рэчы, рэдкія здымкі пісьменніка. У 2019 годзе калекцыя музейнага пакоя пераехала у Дом-музей Максіма Багдановіча. А тое ж Гарадзенскае гарадское грамадскае аб’яднанне ветэранаў вайны, працы і ўзброеных сіл і ягоны музей Васіля Быкава ў 2009 годзе выдала паэтычны зборнік “Пасланец мужнасці”. Гэты зборнік рыхтаваў і напісаў прадмову Юрка Голуб.

Зборнік склалі паэтычныя прысвячэнні Васілю Быкаву. Адзін з аўтараў зборніка Пятро Прыходзька напісаў:

Ты не памёр. Вечна жывы
Ісці ў страі салдацкім будзеш.
Ніколі, друг мой баявы,
Цябе планета не забудзе.
Вышэй узнімеш крыж святы.
І хай ярчэй зара заззяе,
З такімі воямі, як ты,
Радзіма ростані не знае.

Ёсць спадзяванне, як пісаў Юрка Голуб, што ўсе паэтычныя радкі, прысвечаныя Васілю Быкаву, з’яднаюцца з неабвержанымі радкамі народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна:

Будуць часам ідалы раструшчаны,
Свет разумны стоміцца ад крыкаў.
Васільком у жыце Беларушчыны
Назаўсёды застанецца Быкаў!

racyja.com