Зіна Гімпелевіч: «Усе мы — быкаўцы»

Васіль Быкаў

Сваімі ўспамінамі пра Васіля Быкава дзеліцца Зіна Гімпелевіч, ганаровы прафэсар канадзкага ўнівэрсытэту Ватэрлу.

2024-ы — год Васіля Быкава. 19 чэрвеня — 100-годзьдзе пісьменьніка, якім можа ганарыцца кожны беларус. Пра сустрэчы і размовы зь ім, пра тое, які сьлед пакінулі ягоныя кнігі ў асабістых лёсах і лёсе ўсяго народу, у праекце «Радыё Свабода» «Наш Васіль Быкаў» узгадваюць і разважаюць сябры, паплечнікі, чытачы.

Сябры ведаюць, што я мела шчасьце пазнаёміцца і нават пасябраваць з нашым геніем беларускага слова, і таму ледзь ня штодня атрымліваю запросіны падзяліцца ўспамінамі пра сустрэчы з Быкавым. Насамрэч напісала пра яго творчасьць дзьве кнігі і шмат артыкулаў. Таксама на кожнай міжнароднай і мясцовай (канадзкай) канфэрэнцыі чытала даклады пра яго жыцьцё і творчасьць.

Зіна Гімпелевіч

Добрая частка расейскіх калегаў ня раз спрабавала мяне «адукаваць», гаворачы, што Быкаў — расейскі пісьменьнік. Тлумачыла ім, што яны чытаюць пераклады. Вось тыповы выпадак. Як вядома, амаль на кожнай міжнароднай канфэрэнцыі ёсьць кніжны кірмаш. У перапынку адной з такіх канфэрэнцый пайшла на кірмаш паглядзець, «што даюць». Схапіла кнігу Быкава ў перакладзе на расейскую мову і шукаю імя перакладчыка (большай часткай яго творы перакладаў Міхаіл Гарбачоў: не пужайцеся, не савецкі правадыр, а беларус з тымі ж імем і прозьвішчам, які жыў у Маскве). Ну, гартаю кнігу, а прадавачка кажа: «Берите, женщина, не сомневайтесь, эта книга крупного русского писателя Василя Быкова». На што я адказала, што пісьменьнік, безумоўна, вялікі, толькі ён ня рускі, а беларускі! Як яна мяне толькі пасьля гэтага не абзывала… Ну, праслухала я «лекцыю», заплаціла, схапіла кнігу і пабегла на канфэрэнцыю. Гэтую гісторыю расказала Ірыне Міхайлаўне. Добра зь ёй пасьмяяліся…

Безумоўна, чытачы славянскіх краінаў добра ведаюць літаратурнае мастацтва нашага вялікага творцы, а англамоўныя чытачы і дасьледчыкі (за такім выключэньнем, як дасьледчыкі Арнольд МакМілін і Джым Дынглі) — не. Яны ня ведалі таго, што наш геній працаваў ва ўсіх эўрапейскіх празаічных жанрах, уключна з эсэ, аповесьцямі, раманамі. І прапускалі міма вушэй той факт, што 99,9 працэнта твораў Васіль Быкаў напісаў на роднай беларускай мове.

Ну, а цяпер трохі згадаю, як мы пазнаёміліся… Будучы ў Менску, я патэлефанавала на кватэру спадарства Быкавых, і Васіль Уладзімеравіч узяў слухаўку. Я назвалася і сказала, што хачу напісаць яго біяграфію на ангельскай мове. У адказ пачула: «Даражэнькая, мая біяграфія — у маіх кнігах. Калі цікава, дык чытайце, калі ласка, а калі не, дык не турбуйцеся!» Адна з маіх найлепшых сябровак на гэта сказала: «Не хвалюйся, пойдзем зараз да Мальдзіса». Доктар філялёгіі, патрыярх беларускай гуманітарнай навукі меў фэнамэнальную памяць. Акрамя таго, што сам быў першай і галоўнай навуковай зоркай беларускай культуры, ён нейкім чынам ведаў пра ўсіх і пра ўсё.

Калі прыйшлі да Мальдзіса, выпілі зь ім па чарачцы (сяброўка не піла) і я расказала пра адказ Быкава, дык ён мовіў: «Не турбуйся, зараз усё паправім». Узяў слухаўку і крычыць туды: «Васіль, да цябе зараз прыйдзе дзяўчынка, дачка нашага кампазытара Камінскага, дык прымі яе! Я тут «квякнула», што я не дачка, а падчарка, а ён мне кажа: «Маўчы, я пра цябе ўсё ведаю: Камінскі лічыць цябе дачкой, значыць — дачка! Ідзі з Богам! Потым прыйдзеш да мяне і адчытаесься, як было!». Калі я прыйшла да Быкавых, там ужо сядзела журналістка зь Фінляндыі. Расейская мова ў яе была дрэнная. Яна спрабавала гаварыць з Быкавымі па-ангельску. Я перакладала яе пытаньні з гадзінку, а потым даволі нахабна ёй сказала, што зараз прыйшоў мой час.

Быкавы прынялі мяне тады як родную. Ірына Міхайлаўна прынесла гарбату, і мы правялі караценькае першае інтэрвію. Але я ўбачыла, што яны стаміліся, і папрасіла дазволу прыйсьці заўтра. На наступны дзень ужо бегла на Танкавую, як у родную хату. Апошняе й найбольш поўнае інтэрвію адбылося ў лютым 2001-га, калі я прыехала да іх у Франкфурт.

Васіль Быкаў, архіўнае фота

Мая місія была і ёсьць — распаўсюджваць веды пра нашую культуру па англамоўным сьвеце. У 2005 годзе выйшла на ангельскай мове мая першая кніга, прысьвечаная творчасьці Васіля Быкава. Назва кнігі — Vasil Bykaŭ. His Life and Works (Васіль Быкаў. Жыцьцё і праца). Кніга была выдадзена ўнівэрсытэцкім выдавецтвам McGill-Queen’s. Другая кніга, «Василь Быков. Книги и судьба» (Москва: «Новое Литературное Обозрение», 2011), мае сваю гісторыю. Неяк на канфэрэнцыі я прапанавала кнігу пра Крывіча Ірыне Прохаравай (уладальніцы выдавецтва НЛО). Яна сказала, што Крывіч яе не цікавіць, а вось каб я напісала на расейскай мове кнігу пра Быкава, дык яна надрукуе. Я спыталася: чаму Быкаў? Яна адказала: «Таму што мы ўсе перад ім у даўгу». Сама Прохарава мне падабалася таму, што, нягледзячы на тое, што брат — алігарх, паводзілася прыстойна. Яна друкавала кнігі, напаўняла валізкі і распаўсюджвала па ўсіх кутках былога СССР. І такія расейцы ёсьць на белым сьвеце (на жаль, ня так іх шмат).

А чаму я зацікавілася прозай Васіля Быкава? Па-першае, шчыра любіла прозу пісьменьніка і чытала яго кнігі ўжо з чатырнаццаці гадоў. Па-другое, давялося зь ім і зь яго другой жонкай, Ірынай Міхайлаўнай, сустракацца і ў Менску, і ў Франкфурце. Кожная сустрэча была дарам божым, і адносіны нашыя ўмацоўваліся. Тады, калі не было магчымасьці сустрэцца, размаўлялі па тэлефоне. Аднойчы пазваніў ён сам, сказаў, што ў яго рак і каб я нічога не гаварыла пра гэта яго жонцы, што ён сам скажа, калі час прыйдзе…

Апошняя сустрэча была ўжо на пахаваньні, якое сталася яскравым прыкладам таго, што беларусы — ня лыкам шытыя людзі. Труну несьлі на руках з Дому літаратара да Ўсходніх могілак. Народу было шмат, як кажуць, яблыку не было дзе ўпасьці. Транспарт спыніўся, прапускаючы працэсію. Аўты гудзелі безь перапынку. І гэта нягледзячы на тое, што хлопчыкі (халопчыкі) «лукавага» папярэджвалі нас, каб сядзелі ціха па хатах. Так што, дарагія суродзічы, усе мы — быкаўцы, усім нам пашчасьціла атрымаць частку гонару за тое, што ён быў, ёсьць і будзе! Жыве Беларусь!

svaboda.org