Беларусь і Італія — краіны, якія не мяжуюць, але каханьне не баіцца ўсталяваных чалавекам межаў і ўпэўнена вандруе скрозь час і прастору. Тым больш каханьне, падхопленае і апісанае талентам такога пісьменьніка, як Васіль Быкаў.
100 гадоў Васілю Быкаву. І 21 год, як яго больш няма сярод нас. Пісьменьніка, які зачараваў і запэўніў мяне гнятлівасьцю мінулага і сучаснага, але ж і прасьветласьцю будучыні. Пісьменьніка-аднагодкі маіх бабуль. Памятаю, як адна зь іх, вясковая настаўніца не аднойчы перачытваючы ягоныя творы, з сумам заўважала: «Я баюся ягоных аповесьцяў, бо там няма ані каліўкі выдумкі — напісана ўсё так праўдзіва, як і было ў маю вайну, але ж усе думаюць, што гэта хіба выдумка».
Да Жана-Поля Сартра і Сымоны дэ Бавуар Васіль Быкаў агаломшыў мяне цьвярозасьцю і жудой сьвету, пастаянным маральным выбарам ды яшчэ ва ўмовах вайны і пасьлявайны, ва ўмовах савецкіх і бээсэсэраўскіх рэаліяў. Агаломшыў, але не засмуціў, бо заўсёды ў поўным трагізму сьвеце выбару пахмурны Васіль Быкаў нібы на хвілю сьвятлеў і прапускаў у творы ледзьве бачны сонечны прамень. І, падаецца, найбольш сонечных промняў у творах Быкава можна знайсьці ў ягонай рамантычнай «Альпійскай балядзе».
Толькі потым я дайшоў да Жана-Поля Сартра і Сымоны дэ Бавуар і зразумеў, што іх думкі, пасланьні бягуць у працяг ці побач з развагамі Васіля Быкава. Быкаў так натуральна падрыхтаваў мяне да філязофіі экзыстэнцыялізму. Афіцыйна не ўпісаны ў экзыстэнцыялісцкі рух, для мяне Быкаў зьяўляецца наскрозь прасякнуты ідэямі, разважаньнямі, уласьцівымі экзыстэнцыялізму. А дзякуючы жаўнерскаму ды беларускаму досьведу экзыстэнцыялізм Быкава, да ўсяго, цалкам практычны, спраўджаны рэчаіснасьцю, а таму такі пераканаўчы. Пра што Жан-Поль Сартр у філязофскіх эсэ пісаў часта тэарэтычна, Васіль Быкаў у сваіх мастацкіх тэкстах быў вымушаны выбіраць з практычнага досьведу тыя сытуацыі, якія дазваляліся і прымаліся тагачаснай ідэалёгіяй, цэнзурай. Быкаў павінен быў алітаратурваць, то бок акультурваць жуду, зьведаную на ўласнай скуры.
Вядома, Васіль Быкаў ня быў рамантыкам у літаратуры, хоць як любы чалавек ён зьведваў рамантычныя пэрыяды, настроі. Напісаная пісьменьнікам у сорак гадоў аповесьць «Альпійская баляда» — гэта ці не адзіны адносна рамантычны тэкст Быкава. Ён шырока вядомы ў сьвеце, бо перакладаўся ў свой час ня толькі на мовы СССР, але і на зусім замежныя мовы. Таксама экранізацыя кнігі зрабіла твор вядомым.
Цікава, што «Альпійская баляда» і ў маім жыцьці сыграла рамантычную ролю ў 2000-2001 гадах. Са студэнцкіх гадоў я быў вялікім сымпатыкам твораў Быкава — гэта мой улюбёны беларускі пісьменьнік другой паловы 20 стагоддзя. Апынуўшыся ў Францыі на навучаньні ва ўнівэрсытэце ў Рэймсе, я пазнаёміўся зь італійцам Адорна. І наш раман завязаўся, адбыўся цалкам пад зоркай Васіля Быкава. Так, якраз «Альпійская баляда», гісторыя каханьня Івана і Джуліі, беларуса і італійкі, сталася ключавым інтэлектуальным, эстэцкім зьвяном нашай рамантычнай повязі. Я пазнаёміў Адорна з творчасьцю Васіля Быкава, знайшоў і задарыў яму італійскі пераклад аповесьці — «Ballata alpine». Адорна даслоўна закахаўся ў твор, стаў шукаць ягоныя іншыя тэксты, папулярызаваў аповесьць сярод сваіх родных і сяброў у Палерма.
У Рэймсе я чытаў яму па-беларуску аповесьць, асабліва дыялёгі Івана і Джуліі. Беларускі асобнічак кнігі, які я прывёз зь Віцебска з сабою, папросту парваўся ад частага чытаньня. Цэлы год навучаньня на магістратуры ў Рэймсе мінуў у сьвятле «Альпійскай баляды». Натхнёны Быкавам, я цяпер называю гэты год «рэймскай балядай». Балядай, якая раней зьнітавала на тры дні Івана і Джулію, а нас з Адорна — на цэлы год. Беларусь і Італія — краіны, якія не мяжуюць, але каханьне не баіцца ўсталяваных чалавекам межаў і ўпэўнена вандруе скрозь час і прастору. Тым больш каханьне, падхопленае і апісанае талентам такога пісьменьніка, як Васіль Быкаў. Дзякуючы «Альпійскай балядзе» Італія адкрыла для сябе сьвет Быкава, дзякуючы «Альпійскай балядзе» завязалася яшчэ адна повязь паміж беларусам і італійцам.
Дарэчы, у анталёгіі беларускага гей-пісьменства «Мальцы выходзяць з-пад кантролю», што зьявілася летась у выдавецтве «Скарына», ёсьць апавяданьне «Адорна», у якім цалкам распавядаецца «рэймская баляда».