Будучы ў эміграцыі ў Польшчы, ён некалькі разоў ездзіў у Беларусь. Але аднойчы яго правялі ў асобны пакой, дзе чакалі людзі ў цывільным…
Вучыць дзяцей падабалася, але без той ідэалогіі
Анатоль па адукацыі настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Ён прызнаецца, што пасля сканчэння ўніверсітэта па спецыяльнасці не працаваў, бо вучыўся на платным аддзяленні і не падлягаў абавязковаму размеркаванню.
– Мне было прыемна вучыцца на філалагічным факультэце, і гэта было маё месца, але ў школе працаваць я не стаў па эканамічных, палітычных і маральных прычынах. Хацелася працаваць у школе, вучыць дзяцей, мне гэта падабалася, калі я праходзіў практыку. То бок чыста вучыць дзяцей, як я гэта ўмею, а не так, як правільна ідэалагічна.
У Ерусаліме ў 2020-м зрабілі беларускую сцяну плачу
Разам з сябрам у 2019 годзе ён паехаў на заробкі ў Ізраіль. Удалося ўладкавацца на працу і ў Ізраілі яго заспеў 2020 год. Нягледзячы на тое, што знаходзіўся ад дому так далёка, абыякавым да тых падзей не мог застацца.
– У Тэль-Авіве ёсць беларуская амбасада – гэта наша месца прыцягнення. Прыходзілі сюды з плакатамі, патрабавалі адстаўкі Лукашэнкі, правесці справядлівыя выбары. Пасля выбараў прыносілі сюды кветкі, падтрымлівалі людзей, якія былі пабітыя і згвалтаваныя ў Беларусі. А самы вялікі марш, на якім я прысутнічаў, быў у Ерусаліме. Вельмі шмат людзей было, мы прайшлі па старым горадзе з бел-чырвона-белымі сцягамі, плакатамі. З гэтых плакатаў зрабілі там сваю ўмоўную беларускую сцяну плачу. Было вельмі натхняльна. Да ўсяго спявалі беларускія песні, выкрыквалі нашы лозунгі: «Жыве Беларусь!», «Верым. Можам. Пераможам».
Складана жыць без волі
У 2021 годзе Анатоль вярнуўся з Ізраіля ў Беларусь. Згадвае, што замучыла туга па радзіме. У Мінску пражыў год, паўдзельнічаў у акцыях пратэсту супраць вайны ва Украіне, але знаходзіцца там было ўжо вельмі складана.
– Складана жыць без волі. Да 2020 года, калі я яшчэ быў студэнтам, у Беларусі яшчэ можна было хадзіць у цішотцы з Пагоняй, і адчувалася больш-менш свабода. А ў тыя часы ўсё так цесна закручвалася, што я баяўся пагартаць стужку навінаў у тэлефоне, знаходзячыся ў грамадскім транспарце. Знік давер да людзей. Яны гэтага дамагліся. Ёсць пагроза, што знойдзецца тая ж Бондарава і данясе на цябе.
Прыбіральшчыцай у Польшчы зарабляе больш, чым настаўніцай у Беларусі
Параіўшыся са сваёй дзяўчынай, яны вырашылі паехаць у Польшчу. Досвед эмігранта, набыты раней у Ізраілі, дапамог хутка адаптавацца ў чужой краіне. Адразу знайшлі жыллё і на трэці дзень знаходжання ўжо выйшлі на працу. Дзяўчына працавала прыбіральшчыцай у краме, а ён – на заводзе.
За год у Ізраілі Анатоль прызвычаіўся да цяжкай фізічнай працы, хаця згадвае, што гэта таксама давалася не проста. А вось яго дзяўчыне, пасля працы настаўніцай, прыбіраць у краме было спачатку вельмі складана.
– Першы час было складана з ёй. Размаўляў, тлумачыў: паглядзі, палічы, колькі ты зарабляеш у параўнанні з тым, што мела ў Беларусі. Гэта перакананне спрацавала, і на сённяшні дзень яна ўжо сама хваліцца мне, што такія грошы зарабляе, якіх у Беларусі б ніколі не мела. Але школа надалей застаецца яе марай, хоча працаваць у школе.
У Польшчы мы нараўне з палякамі
У бытавым сэнсе інтэграцыя, паводле суразмоўцы, таксама адбылася даволі хутка. Магчыма дзякуючы таму, што амаль адразу здолеў авалодаць мовай на ўзроўні, каб падтрымліваць размову. А стаўленне да беларусаў у Польшчы аказалася наогул нармальным.
– Здавалася, што будзе так, як было ў Ізраілі. А гэта значыць: ты працуеш, бо эмігрант, а мы, ізраільцяне, будзем сядзець і глядзець, як ты працуеш. Там такое стаўленне. А тут нараўне з палякамі, і ніхто не кажа, што я тут у сябе дома і буду паліць папяросу, а ты працуй. Не, усе нараўне на працы. Прыемна, і жартуем разам, асабліва, калі ты хоць троху па-польску размаўляеш.
Ездзіць на радзіму небяспечна, нават калі ты думаеш, што нідзе не засвяціўся
Пры ўсім тым, што жыццё ўдалося наладзіць, Анатоль кажа, што па Беларусі сумуе. Першы год знаходжання ў Польшчы спрабаваў некалькі разоў наведваць радзіму, але да пэўнага моманту.
Аднойчы памежнік, спраўджаючы яго пашпарт, прапанаваў прайсці ў асобны пакой, а там яго сустрэлі людзі ў цывільным, пачалі цікавіцца тэлефонам, сацыяльнымі сеткамі і сказалі, што ў іх ёсць зафіксаваны данат, які ён дасылаў падчас пратэстаў. Анатоль насамрэч дасылаў невялікі данат яшчэ будучы ў Ізраілі, але забыў пра гэта.
Затым выклікалі ў КДБ, дзе ізноў пачаліся допыты адносна сацыяльных сетак. Хлопец схітрыў, што не мае пароляў, але яму прапанавалі тыдзень на тое, каб іх знайсці, і выпісалі позву. Менавіта тады ён зразумеў, што трэба з’язджаць. У КДБ больш не хадзіў і вярнуўся ў Польшчу.
– Так я страціў магчымасць ездзіць у Беларусь, але з таго часу мне стала лягчэй жыць у Польшчы. Да таго часу, пакуль ты ездзіш у Беларусь, ты сябе больш кантралюеш. Адчуваеш тут свабоду, але не свавольнічаеш. На мітынгі ходзіш – добра, але твар не паказвай і не высоўвайся лішні раз, бо за табой сочаць. А вось, калі ў Беларусь шлях закрыты, то чаго ўжо баяцца, рабі, што хочаш, адкрыта хадзі на мітынгі, адзначай Дзень Волі, займайся палітыкай. Вядома, я ў Беларусь ужо больш не паеду.
Анатоль упэўнены, што гэта не канец свету, бо з’явілася іншая магчымасць сустрэцца з роднымі за мяжой і трохі паказаць ім свет.