За 20 кілямэтраў ад Беларусі прайшоў фэстываль абуджаных Tutaka. Пра атмасфэру, удзельнікаў і грошы — рэпартаж «Радыё Свабода».
Сямейны фармат
Tutaka адбываецца ва ўрочышчы Барык каля вёскі Гарадок пад Беластокам у Польшчы. Цягам 30 гадоў там ладзілі легендарны фэстываль беларускай альтэрнатыўнай і рокавай музыкі «Басовішча». Ужо чацьвёрты раз фэст у новым фармаце. Упершыню імпрэза ідзе тры дні. Сёлета — 12–14 ліпеня, ад абеду пятніцы да позьняга вечару нядзелі.
У гэтым годзе фэст выглядаў вельмі сямейным. Многія прыехалі зь дзецьмі ўсіх узростаў.
«Памяркоўны, сямейны фэстываль, усё шляхетна, файна, акуратна, інтэлігентна, цікава і… нуднавата ў гэтым усім», — сказаў адзін з удзельнікаў фэсту.
«Сёлета так спакойна, па-сямейнаму. Мне падабаецца», — адзначыла суразмоўца, якая прыехала на фэст з унучкай.
«Я ўпершыню за доўгі час сеў удзень пачытаць кнігу. Значыць, мне тут спакойна і бясьпечна», — заўважыў яшчэ адзін удзельнік.
Цымусам фэсту многія называлі магчымасьць убачыцца і абняцца са знаёмымі, і сябрамі, якіх ня бачылі па пяць гадоў.
«Tutaka — гэта месца, дзе ўсім зручна сустрэцца. Тут усе прыкладна ў аднолькавых умовах паводле адлегласьці і даезду», — адзначыў наведнік фэсту Барыс.
Дыскусіі, забавы і гамакі
Адметнасьць арганізацыі — шмат пляцовак фэсту: Tutaka, Tamaka, Chillaka, Hamaka, Dzieści-Dzieści, Prosta tancuj!, Kirmaš. Розныя падзеі адбываліся паралельна ў некалькіх лякацыях.
Удзень — дыскусіі: пра палітвязьняў — з Андрэем Стрыжаком, пра беларускі бізнэс — з Аляксандрам Кныровічам, пра культурніцкую адукацыю — з Алінай Коўшык. Можна было атрымаць юрыдычныя парады ад Ганны Маціеўскай і Марыі Колесавай-Гудзілінай. Кацярына Ваданосава прэзэнтавала жаночыя беларускія традыцыйныя строі ад XI стагодзьдзя з выхадам мадэляў, якіх апранала проста перад публікай.
Фонд BySol арганізаваў свой пункт. За данат у 5 даляраў можна было паставіць на сябе пячатку «экстрэміст» і намазацца бліскаўкамі. Тыя, хто заданаціў, вылучаліся надпісамі на целе і мігатлівымі тварамі. У лятарэі разыгралі трамвай з надпісам BySol. Супрацоўнікі падзяліліся, што за дзень сабралі шмат ахвяраваньняў, бо ўвесь час да іх хтосьці падыходзіў. Падлічыць сумы яны не пасьпелі.
Камусьці падабалася перамяшчацца паміж пунктамі і выбіраць цікавае для сябе. Іншыя адзначалі, што ўсё раскідана і цяжка ўсачыць, што дзе адбываецца. Увечары ў суботу давялося выбіраць паміж сустрэчай са Сьвятланай Ціханоўскай, абмеркаваньнем выбараў 2025 году з Арцёмам Шрайбманам і лекцыяй Аляксандра Чарнухі пра пост-панк.
Дзецям паказвалі батлейку, ладзілі гульні, забавы, квэсты. Частка дзіцячай праграмы адбывалася на расейскай мове. Было чуваць, як некалькі ўдзельнікаў наракалі, што праграму не зрабілі цалкам беларускамоўнай. Дзеці, зрэшты, і самі знайшлі, чым сябе заняць. Некаторыя зьбіралі данаты за паказанае сальта і зараблялі на продажы ўласнаруч зробленых ліманадаў.
Хтосьці не ангажаваўся ў актыўнасьці. Адпачывалі на гамаках і пледах у зоне рэляксу, пілі зь сябрамі віно, гутарылі пра сваё. Бадай што самым рэляксацыйным месцам была лазьня, дзе прапаноўвалі масаж і гучала мэдытатыўная музыка. На ўваходзе можна было ўбачыць распаранага Аляксандра Памідорава. Каля лазьні ўвесь час былі наведнікі. Некаторым не хапала варушняку, і яны зьяжджалі на частку дня на возера або кудысьці ў цывілізацыю.
З Францыі, Швайцарыі, ЗША
На фэстывалі былі чуваць беларуская, расейская, польская, украінская, ангельская мовы. Удзельнікі зьехаліся з розных месцаў Польшчы, зь Літвы, Бэльгіі, Францыі, Швайцарыі, Грузіі, ЗША.
Сям’я беларусаў, якія жывуць у ЗША, прыехала ў Эўропу на адпачынак з такім разьлікам, каб трапіць на Tutaku.
«Я езьдзіла на „Басовішча“ з 2000-х. Канечне, я хачу сюды вярнуцца, каб убачыць людзей, якіх ня бачыла, можа, пяць гадоў. Іду і сустракаю то таго, то таго», — расказала суразмоўніца.
Яна адзначыла, што ўдзельнікі фэсту ў Гарадку ўжо менш выпіваюць, чым раней. Бо многія зь іх езьдзілі сюды яшчэ ў маладосьці, а цяпер гэта дарослыя людзі зь дзецьмі.
Удзельнік фэстывалю Яраслаў зь Беластоку гаворыць па-польску. Ён прыехаў на фэст зь сям’ёй, бо ўсё ягонае жыцьцё зьнітаванае зь Беларусьсю. Ён жанаты зь беларускай. Ягоныя продкі паходзілі з-пад Беластоку і гаварылі «падобна да беларускай мовы», «po prostu». Нядаўна ён езьдзіў у Беларусь, каб зрабіць апэрацыю, чаргі на якую ў Польшчы меўся б чакаць да канца 2026 году. Ён набыў бел-чырвона-белы сьцяг, «каб парадаваць жонку, бо яна перажывае тое, што адбываецца ў Беларусі», і ня можа вярнуцца на радзіму.
«Заўсёды гэтая Беларусь ёсьць у нас», — дадаў Яраслаў.
«РСП», неанансаваны гурт і падляскія дуэты
Бліжэй да вечару пачыналіся канцэрты. Гэта быў асноўны пункт праграмы, на які зьбіралася найбольш людзей. Канцэрты ладзілі на трох сцэнах. Найбольш чаканым гуртам, паводле выказваньняў многіх удзельнікаў, было «Разьбітае сэрца пацана», якое сьпявае на трасянцы. Аднак яны выступалі не апошнімі. На пытаньне, ці лічаць яны сябе хэдлайнэрамі фэстывалю, музыкі аджартаваліся.
«Я іду па вуліцы, і ўсё — я хэдлайнэр гэтай вуліцы, збольшага хэдлайнэр», — адказаў музыка з «РСП» Дзяніс Тарасенка.
Музыкі бывалі раней на «Басовішчы» і адзначылі, што тады было больш брутальна і панкава. На Tutacy ж больш сем’яў зь дзецьмі.
«Мы ня можам гараваць увесь час. Гэта ж фэстываль адзін раз на год. Ня тое што ў нас карнавал кожны дзень і мы такія бесклапотныя. Людзі цяжка жывуць. І хочуць парадавацца, «адарвацца» хоць раз на год», — выказаў думку яшчэ адзін музыка з «РСП» Павал Гарадніцкі на пытаньне пра баляваньне ў той час, як у Беларусі не сьціхаюць рэпрэсіі.
«Кожны чалавек выбірае свой сьвет. Ад кожнага залежыць, дзе быць: на фэстывалі ці па той бок фэстывалю», — дадаў Дзяніс.
«РСП» сабралі максымум публікі і «раскачалі» танцпляцоўку. Іх клікалі на біс або па-беларуску: «Я-шчэ, я-шчэ».
У пятніцу засьпяваў Аляксандар Памідораў. Добрыя водгукі былі чуваць пра гурт B.N., праўда, на іхным выступе адключалася апаратура. Нечакана ў суботу выступіў неанансаваны легендарны рок-гурт, музыкі якога застаюцца жыць у Беларусі. Слухачы іх не хацелі адпускаць.
Завяршалі суботні канцэрт на галоўнай сцэне два падляскія дуэты. У абодвух удзельнічаў модны польскі прадусар Sw@da з падляскімі і калюмбійскімі каранямі. Разам зь ім сьпявалі Валерыя Дэле (Koob) зь Беларусі, якая цяпер жыве ў Нямеччыне, і Ніка Юрчук (Niczos) з Падляшша. У іхных песьнях чуваць беларускія і польскія фальклёрныя матывы, але ў сучасным электронным танцавальным гучаньні. Пасьля выступу «РСП» людзі разышліся, але хутка вярнуліся, пачуўшы энэргічныя гукі падляскіх дуэтаў.
— Дзе вы ёсьць? — пыталася са сцэны Валерыя Koob.
— Тутака!
Многія ўдзельнікі казалі, што ім не хапала ў праграме больш вядомых музыкаў, як у папярэднія гады. Зь іхных словаў, праз гэта іхныя знаёмыя вырашылі зусім ня ехаць на фэст.
Адмысловы цягнік
Сёлета на фэст Tutaka ехаў адмысловы цягнік. У раскладзе на вакзале Беластоку, а таксама на самым цягніку, быў надпіс Tutaka. Усяго дадалі пяць фэстывальных рэйсаў у бок вёскі Гарадок і ў адваротным кірунку. Вярнуцца ў горад з фэстывалю можна было а другой гадзіне ночы. Цягнік выглядаў як адзін вагон з кабінай машыніста. У розныя рэйсы, паводле сьведчаньняў удзельнікаў, ён ня быў моцна перапоўнены, але людзей было больш, чым месцаў для сядзеньня.
Сёлета дзеля бясьпекі ўдзельнікаў вакол тэрыторыі фэстывалю паставілі плот, бо фэст адбываецца проста ў лесе. У параўнаньні з папярэднімі гадамі быў пашыраны фудкорт, можна было зьесьці бліны, шашлыкі, вэганскія стравы і нават марожанае. З алькаголю было ў асноўным толькі піва, але многія ўзялі «з сабой». Можна было скарыстацца душам і прыбіральнямі.
На пляцоўцы фэсту працавалі 30 валянтэраў. Яны пачалі падрыхтоўку за тыдзень, 6 ліпеня, і плянуюць навесьці парадак пасьля імпрэзы.
Спонсар адмовіўся
Як звычайна, можна было начаваць на намётавым полі. Уваход туды на аднаго чалавека каштаваў 15 эўра, у апошнія дні перад фэстам — 20 эўра. Дзецям да пяці гадоў уваход бясплатны. Многія выказваліся, што гэта дорага для месца ў намёце ў лесе. Пры гэтым уваход на фэстываль ва ўсе гады быў і застаўся бясплатны.
Арганізатар фэстывалю Tutaka Павал Станкевіч мяркуе, што цяпер гэта самы буйны фэстываль для беларусаў, хоць, можа, і ня самы папулярны. Летась на фэст прыехалі каля 5 тысяч чалавек. Сёлета арганізатары чакалі гэтулькі ж. Станкевіч адзначыў, што заўзее за ўсе іншыя фэстывалі для беларусаў за мяжой: «Грай», «Варушняк», «Гучна-фэст».
Станкевіч расказаў, што траты на фэстываль, паводле папярэдніх падлікаў, сягаюць 300 тысяч злотых (каля 80 тысяч даляраў. — РС). Значная іх доля ідзе на арганізацыю санітарнай зоны — прыбіральняў, душаў. Імпрэза фінансуецца з розных крыніцаў. Аднак за некалькі дзён да фэстывалю асноўны ягоны спонсар адмовіўся фінансава падтрымаць фэст. Цяпер у фонду прыкладна напалову менш сродкаў, чым трэба на аплату ўсіх выдаткаў.
«У апошнія дні мы намагаліся рэзаць, ад чаго мы яшчэ пасьпеем адмовіцца, каго мы можам папрасіць, каб зрабілі бясплатна. Я ўдзячны ахове, тэхніцы, што пагадзіліся пайсьці ў нуль, удзячны ўсім валянтэрам, якія тут робяць велізарную працу. Людзі, якія ставяць прыбіральні, людзі, якія ставяць ахову, людзі, якія ствараюць сцэну, — яны не НДА. Ім трэба плаціць грошы. А цяпер можна сказаць, што яны таксама НДА, бо пагадзіліся пайсьці ў нуль», — адзначыў Станкевіч.
Ён заўважыў, што арганізатары хочуць пакінуць уваход бясплатным для ўдзельнікаў і надалей. Зьніжкі для ўваходу на намётавае поле для ўразьлівых катэгорый людзей яны пакуль не плянуюць рабіць.
«Калі зрабіць зьніжкі адным, могуць пачацца пытаньні ад другіх», — заўважыў Станкевіч.
Ён дадаў, што людзі могуць начаваць у намётах «дзіка» ў лесе, а не на намётавым полі, таксама — у гатэлях паблізу, або вяртацца на начлег у Беласток.
Арганізатара не бянтэжыць, што фэст «Тутака» працягваюць параўноўваць зь ягоным папярэднікам — «Басовішчам».
«Параўнаньні неабходныя. Думаю, паволі мы даводзім, што мы не „Басовішча“. „Басовішча“ было крутым фэстам. Я там правёў свае юнацкія часы. Часы зьмяняюцца. Мы іншыя, ня лепшыя, ня горшыя, проста іншыя. Заўсёды пасьля кожнага „Басовішча“ было чуваць: „Гэта ня тое „Басовішча“, якое было раней“», — кажа Станкевіч.
Павал расказаў, што яны стараюцца зрабіць фэстываль Tutaka месцам, дзе людзі змогуць штогод бачыцца са старымі знаёмымі, а таксама завязваць новыя сувязі і натхняць адзін аднаго.
«Нам вельмі важна адчуваць, што навокал шмат аднадумцаў, людзей, якія дыхаюць тым жа паветрам, маюць тыя ж напрамкі», — сказаў ён.