Выгнанне з радзімы для творчага чалавека – заўсёды боль і трагедыя, якія трэба яшчэ перажыць. Але для многіх глыток вольнага паветра прыдае новы імпульс, дазваляе раскрыцца новым граням іхняга таленту.
Нечуваныя па маштабах і жорсткасці рэпрэсіі, якія накрылі Беларусь пасля жніўня 2020-га, параскідалі па белым свеце тысячы і тысячы таленавітых беларусаў. На радзіме знішчаецца ўсё нацыянальнае, усё жывое (пакуль хіба што не паляць кнігі на плошчах), таму, нават застаўшыся там, творца можа пісаць толькі ў стол, чакаючы “лепшых часоў”.
Былы дырэктар “Галіяфы” літаратар і мастак Зміцер Вішнёў яшчэ да ліквідацыі выдавецтва з’ехаў у творчую камандзіроўку ў Нямеччыну, якая пагражае зацягнуцца на доўгія гады. Чаму так здарылася?
Пагаварылі са Змітром Вішнёвым пра выдавецтва “Галіяфы”, якое ліквідуецца, пра выезд з Беларусі і пра жыццё ў Берліне.
Апошнія гады “Галіяфы” былі лідарамі па адкрыцці новых імёнаў
– Выдавецтва “Галіяфы” знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі, якая фактычна распачалася паўгода таму. З вышыні цяперашняга часу ці можна сказаць дакладна, што сталася прычынай ліквідацыі?
– Я б адказаў пытаннямі на пытанне. Што сталася падставай для затрымання выдаўца Андрэя Янушкевіча? Што сталася падставай для затрымання супрацоўніка фонда “Вяртанне” Сяргея Макарэвіча? Усе гэтыя пытанні лепш пераадрасаваць непасрэдна чыноўнікам. На ліквідацыю выдавецтва пайшло праз безвыходнасць: нам забаранілі не толькі выдаваць кнігі, але і прадаваць раней выдадзеныя. Былі і канкрэтныя пагрозы ад чыноўнікаў пра “незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць”, хаця правіннасць наша была толькі ў несвоечасовым прадастаўленні дадзеных у міністэрства інфармацыі. Рэпрэсіі супраць выдавецкай сферы – частка планавай зачысткі грамадскай супольнасці ў Беларусі, а таксама нацыянальнай культуры.
– Калі справе аддаеш 15 гадоў жыцця (а менавіта столькі часу існавалі вашя “Галіяфы”), то без гэтай справы адчуваеш сябе ніякавата, сіратой, ці што. Чым запоўніце гэтую пустэчу?
– Строга кажучы, дырэктарам “Галіяфаў” не заўсёды быў я. Першыя гады выдавецтва ўзначальваў паэт Міхась Башура. Пасля прыпынення дзейнасці “Галіяфаў”, “сіратой” я сябе ўсё ж не адчуваю. Хутчэй, вельмі крыўдна, калі ты аддаеш праекту ладны кавалак жыцця, а потым яго фактычна знішчаюць. Прычым менавіта за тое, што яно рабіла важную справу. На мой погляд, апошнія некалькі гадоў “Галіяфы” былі лідарамі па адкрыцці новых імёнаў. Увогуле ў розныя гады мы выдалі кнігі такіх важных для сучаснай беларускай літаратуры аўтараў, як Вольга Гапеева, Альгерд Бахарэвіч, Валянцін Акудовіч, Юры Станкевіч, Валеры Гапееў, Сяргей Абламейка і многіх іншых.
“Пустэчы” я таксама не адчуваю. Хутчэй, стала трошкі больш часу на ўласную творчасць, што не можа не радаваць. І потым па-магчымасці я дапамагаю ў выданні кніг, якія “завіслі” ў выдавецтве, не былі выдадзеныя праз ліквідацыю – такіх каля трыццаці.
Напрыклад, ужо можна раскрыць таямніцу праекта “33 кнігі для іншай Беларусі”, у межах якога нямецкамоўныя выдавецтвы выдадуць тыя кнігі на беларускай мове, што па розных прычынах не могуць выйсці у Беларусі.
Арганізатары праекта – перакладчыца, рэдактарка, сяброўка Нямецкай акадэміі мовы і паэзіі Ірына Герасімовіч, пісьменнік Лукас Берфус і прафесар, кіраўніца Інстытута славістыкі Цюрыхскага ўніверсітэта Сільвія Засэ. Адной з першых кніг у гэтым праекце будзе “Нетутэйшыя: Reversion” – анталогія беларускай эксперыментальнай драматургіі (“ТВЛ”, “Бум-Бам-Літ”).
“Берлін мяне прыняў ужо даўно, як даўно і я палюбіў гэты горад”
– Зараз вы знаходзіцеся за мяжой, у Нямеччыне. Што стала штуршком да ад’езду? Ліквідацыя выдавецтва, немагчымасць творчай рэалізацыі, пагроза крымінальнага пераследу?
– Спачатку я выехаў з Беларусі толькі на два месяцы – на дзве літаратурныя рэзідэнцыі ў Швецыі і Нямеччыне. Выехаў, каб займацца ўласнай кнігай, менавіта дзеля творчай рэалізацыі. І падзеі з выдавецтвам мяне заспелі ўжо за мяжой. Калі вам тэлефануюць і пагражаюць, вы будзеце ігнараваць такія сігналы? І тут жа паралельна знішчаюцца іншыя выдавецкія ініцыятывы і саджаюць амаль на месяц Андрэя Янушкевіча. Гэта ўсё складнікі адной праблемы, праз якую я вырашыў пакуль не спяшацца дахаты.
– 27 лістапада ў Берліне вы выступілі на міжнародным фестывалі «Weiter Schreiben Mondial. Dünnes Eis. Leben und Schreiben in Kriegs— und Krisengebieten» з эсэ «Мая свабода п’яная і танчыць аголенай». Эсэ пра п’яную свабоду, якая танчыць аголенай, утрымлівае асаблівы сімвалізм?
– Не разумею, пра які сімвалізм Вы кажаце (смяецца). Пачытайце эсэ ўважліва – яно пра свабоду ў шырокім сэнсе гэтага слова. Эсэ ёсць у вольным доступе ў інтэрнэце. Тэкст напісаны яшчэ да выезду з Беларусі.
– Ці надоўга вы ў Нямеччыне? Ці гэты ад’езд – на нявызначаны тэрмін?
– Будзе бачна. На бліжэйшы год я дакладна застаюся тут.
– Нямеччына – дарагая па беларускіх мерках краіна. Як абуладкаваліся там, чым зарабляеце на жыццё?
– Я атрымаў тут літаратурную стыпендыю на працяглы тэрмін.
– Ці прыняў вас Берлін у якасці мастака? Ці даў новае натхненне? Ці дазваляе напоўніцу раскрыцца талентам жывапісца і перформара?
– Раней я штогод прыязджаў у Берлін і па некалькі месяцаў працаваў у мастацкім доме “Tacheles” – таму Берлін мяне прыняў ужо даўно, як даўно і я палюбіў гэты горад. Нядаўна мяне запрасілі ў госці на калядны адвент у берлінскую кватэру – і там я нечакана ўбачыў на сцяне сваю карціну “Паход мандавошак на Парыж”! Было вельмі прыемна. Летась у Нямеччыне цягам некалькіх месяцаў я працаваў над новымі жывапіснымі палотнамі, а потым браў удзел у летнім фестывалі ў Віперсдорфе, дзе выставіў пятнаццаць новых твораў.
І вы, пэўна, прапусцілі: з перформансам я даўно прынцыпова завязаў.
– Сарока на хвасце прынесла, што вы рыхтуеце сюрпрыз аматарам сваёй прозы. Апошні ваш антыраман “Калі прыгледзецца – Марс сіні” фантастычны. Што будзе ўяўляць новы твор, калі не сакрэт, канешне?
– Я не лічу антыраман “Калі прыгледзецца – Марс сіні” фантастыкай – хутчэй гіперрэалізмам. Так, я працую над новай прозай, але казаць пра яе пакуль зарана. Апошнім часам больш займаўся паэзіяй і вось, напярэдадні Новага года, аддаў новы паэтычны зборнік на рэдактуру. Працоўная назва –“Непадпарадкаванне”. У кніжцы будуць вершы напісаныя выключна пасля выезду з Беларусі. Да гэтага я некалькі гадоў фактычна не мог займацца паэзіяй і пачаў пісаць, толькі калі вырваўся “з канцлагера”. Мае новыя вершы таксама зараз перакладаюцца на нямецкую мову.
– …”і здаецца мне цяпер
што мы там недзе і
засталіся
яшчэ едзем й едзем
на мора”…
Гэтаму вершу літаральна месяц. Куды і пра што цяперашняя ваша паездка, што шукаеце вы і што спадзеяцеся знайсці?
– Гэта радкі з верша пра дзяцінства. На што я спадзяюся зараз? Спадзяюся, што неўзабаве скончыцца вайна, што ў Беларусі абрынецца хунта, і тады будзе магчымаць вярнуцца дахаты. Калі гэта надоўга – буду штосьці прыдумляць і вырашаць. Штодня займаюся нямецкай мовай, бо, магчыма, мая паездка зацягнецца.