У канцы верасьня экспэрымэнтальны тэатральны клюб La MaMa адкрые свой 63-і сэзон новай працай, створанай беларускім Свабодным тэатрам «KS6: SMALL FORWARD» — пастаноўкай пра алімпійку Кацярыну Сныціну.
Спэктакль на аснове асабістай гісторыі баскетбалісткі Сныцінай пабудаваны як баскетбольны матч — чатыры чвэрці, кожная зь якіх будзе прысьвечаная аднаму з складнікаў жыцьця Кацярыны: станаўленьне ў Беларусі, асабістае жыцьцё, спартовая кар’ера і грамадзкая актыўнасьць. Галоўную ролю выканае сама Сныціна ў тандэме з польска-брытанскай дыджэйкай Блянкай Барбарай. На сцэне, сярод іншага, будзе баскетбольны паркет і кольца. Рэпэтыцыі прайшлі ў Варшаве, ідуць у Лёндане і працягнуцца ў Нью-Ёрку. Рэжысэр Мікалай Халезін і галоўная гераіня спэктаклю Кацярына Сныціна знайшлі час для «Радыё Свабода» расказалі, што адбываецца за кулісамі.
Зь вялікага спорту на вялікую сцэну
«We first met more than 30 years ago» («Мы ўпершыню сустрэліся больш як 30 гадоў таму») — гэта першыя словы Кацярыны Сныцінай у п’есе «KS6: SMALL FORWARD». Назву прыдумаў Мікалай Халезін, кажа Сныціна.
— Гэта мае ініцыялы, мой нумар, пад якім я гуляла шмат гадоў. Small forward, лёгкі форвард — маё амплюа на пляцоўцы.
Усё пачалося пасьля таго, як Сныціна паглядзела на Netflix дакумэнтальнае кіно пра знакамітага брытанскага баскетбаліста Дэйвіда Бэкэма:
— Размаўляю з Надзяй (жонка Кацярыны Сныцінай, выканаўчая дырэктарка Беларускага свабоднага тэатру. — РС) і кажу: «Блін, хачу зьняць фільм пра сябе». Фільм пра Бэкэма мне вельмі спадабаўся, там былі ў тым ліку і ягоныя дзіцячыя ўспаміны. На той момант я яшчэ не разумела, наколькі глыбока мне трэба будзе вяртацца ў сваё юнацтва, дзяцінства. І пасьля гэтага камэнту пасярод дня ўсё пайшло-паехала, закруцілася. Беларускі Свабодны тэатар прапанаваў зьняць фільм пра мяне.
Пачалі са здымак дакумэнтальнага фільму, а потым фармат істотна пашырыўся. Сузаснавальнік Свабоднага тэатру, рэжысэр спэктакля Мікалай Халезін прызнаецца, што ўжо гадоў пятнаццаць думаў пра спартовую пастаноўку.
— Размаўлялі з рознымі экспэртамі. У асноўным гэта тычылася футболу і мужчынскіх відаў спорту. Дакладна не жаночага баскетболу. І тут узьнікла ідэя зрабіць пастаноўку кшталту «Пакаленьне джынс», толькі пра спартоўку, як яна пераходзіць зь вялікага спорту на вялікую сцэну. Я пагаварыў з амэрыканскімі прадусарамі, ці былі такія гісторыі. Кажуць, былі, але гэта былі гісторыі, калі спартоўцы гралі нейкія ролі ў спэктаклях ці зьяўляліся ў нейкіх фільмах як камэо ў эпізодах. Але такога, каб чалавек граў сам сябе ў тэатры, не было ніколі, калі вялікі спартовец скончыў кар’еру і пайшоў на тэатральную сцэну. Кацярына ўзважвала вельмі нядоўга. А потым сказала, што можна паспрабаваць. Я ёй паказаў некаторыя спэктаклі і сказаў, што тут будзе патрэбнае не тваё акторскае майстэрства, а твая натуральнасьць. Трэба будзе расказваць шчыра і сумленна пра сябе. Як толькі пачнеш граць, усё разваліцца.
Каця зразумела альгарытм, і мы вырашылі рабіць спэктакль. А потым склалі ўсё разам і вырашылі, што гэта будуць чатыры прадукты, якія павінны стаць у адзін блёк. Пачынаецца з спэктакля, у ім выкарыстоўваецца відэа, і ён будзе грацца ня толькі на тэатральных сцэнах, але і на ўнівэрсытэцкіх і баскетбольных арэнах. Павінен выйсьці спэктакль, а за ім фільм, у якім фіналам становіцца яе выхад на тэатральную сцэну.
Зорка London Lions і камінг-аўт у шоў Халезіна
Кацярыне Сныцінай 38 гадоў, баскетболам займаецца зь сямі. У 15 трапіла ў свой першы прафэсійны баскетбольны клюб «Гарызонт». У 17 паехала гуляць за францускую каманду. Былі каманды ў Польшчы, Турэччыне, Вугоршчыне, Расеі. Калі ёй было 22 гады, нацыянальная зборная Беларусі, у складзе якой тады гуляла Кацярына, узяла бронзу на чэмпіянаце Эўропы ў 2007 годзе. Яна гуляла на пэкінскай Алімпіядзе, выйгравала чэмпіянаты Францыі і Беларусі. Баскетбалістка ростам 188 сантымэтраў, лёгкі форвард, была часткай беларускай каманды, якая заняла шостае месца на Алімпійскіх гульнях 2008 году.
У 2020 годзе Кацярына Сныціна падпісала ліст вольных спартоўцаў. У сакавіку 2021 году абвясьціла, што завяршае кар’еру ў нацыянальнай зборнай Беларусі, дзе яна тады была капітанам, каб ня быць часткай прапаганды рэжыму Лукашэнкі. Апошнія два сэзоны яна адгуляла ў брытанскай камандзе London Lions. Увосень 2023 году Кацярына заявіла, што цалкам завяршае баскетбольную кар’еру. У красавіку ейная каманда London Lions выйграла Эўракубак — другі па значнасьці турнір Эўропы. Мікалай Халезін працягвае:
— Мы пазнаёміліся з Кацяй у Вільні, яшчэ да яе прыезду ў Лёндан. Яна тады сказала, што ёй прапанавалі кантракт у Вялікай Брытаніі, але ў яе няма візы. І візу ёй рабіў ня клюб, а Наташа (Натальля Каляда — сузаснавальніца Беларускага свабоднага тэатру, жонка Мікалая Халезіна, Натальля і Мікалай — рэжысэры спэктакля пра Сныціну. — РС). Для нас было зусім незразумела, што Фэдэрацыя баскетболу не зрабіла візы, і сытуацыя завісла на месяц. Наташа пагаварыла з МЗС Вялікай Брытаніі, Кацярыне далі візу, яна прыехала. І мы проста хадзілі на матчы, сябравалі. Мы яе пазнаёмілі з Надзяй, узьнікла каханьне, нібы яны адна адну ведалі трыста год. Адразу яны абвясьцілі, што будуць жонка і жонка.
Мікалай Халезін згадвае, як Кацярына расказала пра сваю гомасэксуальнасьць, зрабіўшы камінг-аўт у ягоным Youtube-шоў «Перетрем с Халезиным».
— Аднойчы ў размове я ёй сказаў, што калі б я быў гей, то ня змог бы ў сабе гэта трымаць. Каця кажа, што ў яе не было ніколі гэтай праблемы, бо яна працавала шмат за мяжой, і ў яе ніхто не пытаўся, у спартовым коле ўсе ведалі гэтую гісторыю. Я кажу: «Ты ж камінг-аўт не зрабіла» Яна кажа, што зробіць, калі запрашу ў нейкую сваю праграму. Калі я запусьціў «Перетрем с Халезиным», мы зрабілі праграму, дзе яна робіць камінг-аўт спакойна, без усялякага патасу. Іншая справа, што з пратэстанцкім сьвятаром у этэры, які за 10 хвілін да этэру сказаў, што раздушыў бы сына танкам, калі б той сказаў, што ён гей.
Халезін згадвае, як Сныціна стала зоркай каманды London Lions і як яны здымалі яе матчы для будучага фільму.
— Каця стала адзіным гульцом у камандзе, у якой сядзеў свой сэктар заўзятараў. Да яе падыходзілі мэнэджары на пачатку матча і пыталіся: твае прыйдуць? Гэта стварала сваю асаблівую атмасфэру. Зьмяніўся трэнэр, ёй прапанавалі яшчэ адзін сэзон, і яна пагадзілася. Ніхто не падазраваў, што з гэтага атрымаецца. Яна тады казала, што стамілася ад баскетболу, што, напэўна, трэба сыходзіць. Насамрэч у свае 38 гадоў яна ў кандыцыі, калі апярэджвае многіх 22—23-гадовых. Каця казала, што псыхалягічна стамілася. Мы разумелі, што гэта апошні сэзон, што трэба нешта рабіць. Надзя кажа: дык трэба зьняць гэтую ўсю гісторыю, бо ў нас ёсьць людзі, якія могуць зьняць фільм пра апошні сэзон выбітнай беларускай баскетбалісткі.
Рэпэтыцыі ў Варшаве і Лёндане. 20-старонкавы тэкст па-ангельску
Пытаюся ў Кацярыны, што яе найбольш непакоіла ў новым тэатральным жыцьці.
— Ты не баісься, пакуль не ўяўляеш памер працы. Спачатку было вельмі лёгка, але цяпер у мяне тэкст на ангельскай мове на 20 старонках, і мне трэба яго вывучыць. Адначасна з гэтым я павінна буду рухацца па сцэне, камунікаваць зь іншымі акторамі і з публікай. Першы тыдзень рэпэтыцый быў у Варшаве, я прыехала папрацаваць з акторамі Свабоднага тэатру, і там я прыфігела. У мяне быў страх, што я не змагу гэта зрабіць. І было рэальна страшна, што я падвяду вялікую каманду. Але цяпер, калі ты ў працы, калі крок за крокам рухаесься, вучыш гэтыя 20 старонак, гэта не падаецца ўжо такім страшным. З другога боку, я разумею, што мы ўсе недаацэньваем сябе і свае магчымасьці. Натальля зь Мікалаем бачаць, што я магу гэта зрабіць. І мне гэта дадае сілаў.
Удакладняю ў Кацярыны, чаму складана вывучыць 20 старонак тэксту, заснаванага на ейных жа расповедах.
— Так, гэта мая гісторыя, мае словы, мае ўспаміны. І гэта ўсё на ангельскай мове. Я па-ангельску размаўляю са школы. Увесь мой 21 сэзон я гуляла з амэрыканкамі, зь легіянэркамі. Я па-ангельску вельмі даўно размаўляю, але размаўляю, як мне зручна. Нейкія словы праглынаю, артыкляў не ўжываю ўвогуле. А тут усё павінна быць якасна, трэба вучыць дасканала ўвесь тэкст. Гэта мяне крыху палохае, але па ходу разьбяромся. Мне падаецца, што мой мозг у выніку павінен запрацаваць, як і цела. Я ведаю, што калі я трэнірую цела, то з нагрузкай мае ліміты пашыраюцца. І я чакаю гэтага ад свайго мозгу, каб ён пачаў запамінаць тэкст хутчэй і адносна лягчэй. Калі прыйдзе час вучыць гэты ж тэкст на беларускай мове, у мяне будуць свае лайфхакі, і мяне гэта ўжо ня будзе так палохаць, як цяпер.
Ультрамаратон па пустыні як шлях беларускай рэвалюцыі
Папярэднія прагляды «KS6: SMALL FORWARD» пачнуцца 21 верасьня, а прэс-адкрыцьцё адбудзецца 23 і 24 верасьня ў будынку Тэатру Элен Ст’юарт (66 E. 4 St.) у Нью-Ёрку. Спэктакль будзе ісьці да 13 кастрычніка.
Мікалай Халезін раскрывае, як рыхтавалася і будавалася п’еса:
— Мы пачалі размаўляць з Кацяй, інтэрвію за інтэрвію. І склалі гісторыю, якая зьмясьцілася ў фармат баскетбольнага матча. Чатыры чвэрці. Яе савецкае дзяцінства, савецкі баскетбол і яе бацькі-баскетбалісты. Потым яе кар’ера, далей яе асабістае жыцьцё і камінг-аўт. І чацьвертая чвэрць — грамадзкая. Рэвалюцыя, яе значэньне ўнутры працэсу, яна і Беларусь. У спэктаклі будуць і фрагмэнты фільму, і ўсё будзе перасякацца паміж сабой.
Рэжысэр кажа пра неверагодныя здольнасьці Сныцінай:
— Я кантактую са спартоўцамі ўсё сваё жыцьцё, практычна ад нараджэньня. І я практычна не сустракаў людзей, якія б маглі так занырваць у любыя сфэры. Ёй усё роўна — бізнэс, спорт, мастацтва. Працаваць з такімі людзьмі лёгка. Адзін на тысячу спартоўцаў можа пераступіць гэты бар’ер і стаць публічным. Але спартоўцы, як правіла, сыходзяць у спартовыя камэнтатары. Ніхто ня думаў, што іх можна выкарыстоўваць у тэатры. Слухаць чэмпіёна на сцэне — гэта зусім іншая гісторыя, чым слухаць актора, які грае чэмпіёна.
Пытаюся ў Сныцінай: чым для яе адрозьніваюцца тэатральная і спартовая сфэры?
— Пакуль нічога не адрозьніваецца. Мне ўсё роўна трэба ўставаць вельмі рана. У нас па 8 гадзін рэпэтыцыі. Мне трэба запамінаць ужо не баскетбольныя камбінацыі, а тэкст. На дадзены момант для мяне гэта ўсё адносна аднолькава. Недзе спрабую выкарыстоўваць свае спартовыя навыкі выжываньня. Што на баскетбольнай пляцоўцы, што на тэатральнай — такія рэчы вельмі падобныя. З другога боку, лаўлю сябе на думцы, што мне так цікава працаваць. І мяне гэта заводзіць. Гэта менавіта тое, чаго апошнія некалькі гадоў я ў баскетболе не адчувала — радасьці, прадчуваньня, недзе страху, недзе няўпэўненасьці, і ад гэтага я кайфую ўдвая болей.
Як гэтая праца Сныцінай зьвязаная зь Беларусьсю, з грамадкай актыўнасьцю, змаганьнем за свабоду?
— Першапачаткова я думала, што калі здымаць фільм, то дзеля таго, каб яго паглядзелі беларусы, каб, можа, нехта натхніўся гісторыяй пра тое, што спартоўцы, якія зьехалі зь Беларусі, могуць быць пасьпяховымі. Натальля Каляда мне кажа: «Каця, трэба гэта паказаць сьвету. Сьвет павінен даведацца ня толькі тваю гісторыю, праз баскетбол мы можам расказаць вялікай колькасьці людзей, што адбываецца ў нашай краіне». У спэктаклі ёсьць частка, дзе я расказваю пра 2020 год, пра рэпрэсіі. Для мяне як для грамадзянкі Беларусі гэта яшчэ адзін спосаб расказаць сьвету пра тое, што адбываецца ў нас у краіне, і неяк прыцягнуць увагу да нашых праблемаў.
У 2020–2021 годзе ў некалькіх інтэрвію Свабодзе Сныціна называла беларускае змаганьне маратонам. Ад сваёй мэтафары ў 2024 годзе яна не адмаўляецца, толькі ўдакладняе дэфініцыю:
— Я заўсёды казала, што шлях да пераменаў — гэта маратон. Ёсьць жа такія маратоны, як на 100 кілямэтраў па пустыні. Гэта ўжо ня проста алімпійскі маратон на 42 кілямэтры. Цяпер адчуваецца, што гэта ультрамаратон рэальна на выжываньне. Калі Сныціна ў камандзе, мы як мінімум дойдзем да фінішу. Часам хочацца ў клубочак скруціцца і паныць, што там адбываецца з маёй краінай, зь беларусамі. Але трэба працягваць жыць, працягваць змагацца, рабіць што можаш і дапамагаць тым, хто побач з табой, дайсьці да канца дыстанцыі. Таму да канца ультрамаратону мы дакладна дойдзем.
Уплывовыя партнэры і амбітная ідэя туру па ўнівэрсытэцкіх арэнах у ЗША
Прэм’ера спэктакля адбудзецца ў Нью-Ёрку ў экспэрымэнтальным тэатральным клюбе La MaMa. Як напісаў Халезін у сваіх сацсетках, «заснаваная ў 1961 годзе легендай тэатру Элен Ст’юарт, La MaMa зьяўляецца адзінай арыгінальнай пляцоўкай Off-Off-Broadway, якая працягвае існаваць. Сёньня La MaMa падтрымлівае асяродзьдзе непадцэнзурнай творчай свабоды, дзе артысты любога паходжаньня і ідэнтычнасьці могуць ствараць працы, якія рассоўваюць межы магчымага на сцэне».
З тэатрам La MaMa Беларускі свабодны тэатар працуе з 2009 году. Калі ў Нью-Ёрку граем, то на іхных розных пляцоўках, удакладняе Мікалай Халезін:
— У іх чатыры сцэны. Мы граем, як правіла, на самай вялікай, некаторыя праекты паказвалі на камэрных сцэнах. La MaMa — культавы тэатар у Нью-Ёрку, які стварыла Элен Ст’юарт. Гэта сапраўдны оф-Брадвэй, яны сталі іконамі. Таму нам хацелася, каб мы зь імі і рабілі гэты праект, на іхнай пляцоўцы далі сусьветную прэм’еру.
Цяпер рыхтуецца англамоўная вэрсія спэктакля, але паралельна ідзе пераклад на беларускую мову. Халезін, кажа, што адбудзецца стрым спэктакля для беларусаў унутры Беларусі:
— А для дыяспары? Спэктакль паедзе па розных краінах. Мы хочам гэта ўсё сумясьціць з паказамі кіно, гульнёй у баскетбол з Кацяй прадстаўнікоў дыяспары. Гэта вялікі праект, у якім усё зьмяшана — спорт, палітыка, мастацтва, гуманітарны кампанэнт, дапамога, салідарнасьць. У гэтым спэктаклі гледачы будуць ва ўсім удзельнічаць. Цяпер мы кантачым з Энэсам Фрыдамам, вядомым баскетбалістам, які зрабіўся праваабаронцам. Гэта адзіны чалавек з мужчынскага NBA, які заступіўся за Лену Леўчанку (знакамітая беларуская баскетбалістка, якую пасадзілі на Акрэсьціна восеньню 2020 году. — РС). Мы хочам яго ў спэктаклі скарыстаць, а таксама амэрыканскую баскетбалістку Брытні Грайнэр, якая сядзела ў турме ў Расеі. Гэта цэлая гісторыя, якая пачынае разрастацца ў розныя бакі.
Халезін тлумачыць, чаму прэм’еру вырашылі граць менавіта ў ЗША:
— Каб атрымаць доступ да студэнцкіх арэнаў. У ЗША студэнцкія баскетбольныя арэны — як у «Барсэлёны». Гэта шалёныя пляцоўкі. Гэта рэальна вялікі праект. Мы хочам праехаць па амэрыканскіх унівэрсытэтах як гуманітарны беларускі праект, які хоча расказаць, як змагацца з дыктатурай, якая можа ў ЗША наступіць. Верасьнёўская прэм’ера шчыльна зьвязваецца і з выбарчай кампаніяй у ЗША. Гэта цікава.
Пры канцы нашай размовы пытаюся ў Кацярыны Сныцінай, як яна ўяўляе сабе прэм’еру ў Нью-Ёрку.
— Калі атрымаецца зрабіць выступы па ўнівэрсытэцкіх стадыёнах, гэта будзе азначаць, што першыя тры тыдні ў Нью-Ёрку прайшлі пасьпяхова. Я ўсё яшчэ кажу «трэніруемся», хоць гэта рэпэтыцыі. Гэта ад спорту ў мяне яшчэ засталося. У мяне ёсьць бачаньне, што прэм’ера пройдзе пасьпяхова, што я стаю на сцэне і мне пляскаюць у ладкі. Я сабе ня стаўлю нізкую плянку. Мне хочацца, каб гэта прагрымела на ўвесь сьвет.