У суботу, 29 чэрвеня 2024 года, беларуская супольнасць у Нью-Ёрку сабралася, каб ушанаваць памяць Васіля Быкава. Мерапрыемства падкрэсліла яго ўплыў як пісьменніка і актывіста.
У суботу 29 чэрвеня 2024 у грамадзкай залі Беларускага цэнтру на Атлантык Авэню 401 у Брукліне сабралася беларуская грамада Нью-Ёрку, каб ушанаваць памяць Васіля Быкава. Сёлета па ініцыятыве Рады БНР ягоны 100-гадовы юбілей адзначаўся па цэлым сьвеце, дзе ёсьць беларуская прысутнасьць. Імпрэзу арганізавала Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне.
Асоба Васіля Быкава – знакавая для Беларусі. Выбітны пісьменьнік, грамадзкі дзеяч ён стаўся адным з самых уплывовых дзеячаў новага Беларускага Адраджэньня. Пра гэта гаварыла ў сваім выступе Ганна Сурмач, якая была асабіста знаёмая з ім і супрацоўнічала ў розных грамадзкіх справах. Выступоўца згадала пра тое, што ўпершыню пазнаёмілася з творчасьцю пісьменьніка ў дзяцінстве на Гарадзеншчыне, калі пачалася друкавацца ягоная “Альпійская балада” у газэце “Гродзенская праўда”. Далей лёс наканаваў ёй непасрэдна пазнаёміцца з улюбёным пісьменьнікам ужо ў Менску. Васіль Быкаў не адмовіўся з-за вялікай занятасьці і пагадзіўся паехаць у складзе беларускай дэлегацыі ў Прагу. Сп. Ганна арганізавала напрыканцы 80-х гадоў разам з прафэсаркай-багемісткай Ірынай Шаблоўскай гэтую паездку аўтобусам на грант ад Фонда Сораса. Дэлегацыя мела за мэту правесьці Тыдзень беларускай культуры ў сталіцы Чэхіі. Мерапрыемства прайшло з вялікім посьпехам, найперш, дзякуючы аўтарытэту Васіля Быкава. У выніку праведзеных тады перамоваў з уладамі Прагі ўдалося атрымаць дазвол на ўстаноўку там помніка нашаму першадрукару Францішку Скарыну. Гэты помнік стаіць ў Празе на Градчанах і да сёньня.
Сп. Ганна нагадала і пра важную ролю пісьменьніка ў стварэньні Беларускага Народнага Фронту. Яна была прысутнаю на тым знакамітым паседжаньні ў Чырвоным касьцёле 19 кастрычніка 1988 году, на якім было абвешчана аб стварэньні грамадзкай арганізацыі “Беларускі мартыралёг” дзеля аднаўленьня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Менавіта там быў таксама зацьверджаны Арганізацыйны камітэт па стварэньні БНФ. Прысутныя партыйныя апаратчыкі спрабавалі сарваць паседжаньне, але Васіль Быкаў рашуча перашкодзіў ім, пазбавіўшы доступу да мікрафона.
Далей улады забаранілі правядзеньне Устаноўчага зьезду БНФ у Менску, але ён адбыўся у Вільні 35 гадоў таму – 24-25 чэрвеня 1989 году, дзе быў прысутны і Васіль Уладзімеравіч. Сп. Ганна згадвала пра той вялікі патрыятычны уздым, які панаваў на зьездзе, пра беалускую калёну з бел-чырвона – белымі сьцягамі на вуліцах старажытнай сталіцы ВКЛ. Яна параўнала тыя падзеі з тым, якая атмасфэра панавала ў Вільні пад час перапахаваньня парэшткаў каліноўцаў. Васіль Быкаў увесь далейшы час браў удзел у дзейнасьці БНФ і зьяўляўся даверанай асобаю Зянона Пазьняка на першых прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году.
Васіль Быкаў ставіўся з вялікай павагаю да беларускага замежжа, падтрымліваў усе ініцыятывы, якія былі скіраваныя на устанаўленьне сувязяў з эміграцыяй. Напрыканцы 1990 году ён браў удзел ва Устаноўчым сходзе Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, дзе быў абраны першым прэзыдэнтам арганізацыі. Пры ягоным прэзыдэнцтве ЗБС падрыхтавала і правяло ў Менску 8-9 ліпеня 1993 году Першы зьезд беларусаў сьвету. Ганна Сурмач была старшынёю Працоўнай групы па падрыхтоўцы зьезду. Разам са сп. Быкавым ёй давялося супроцьстаяць спробам уладаў Кебіча узяць зьезд пад свой кантроль і нават стварыць магчымасьць перадачы Мандатаў БНР менавіта ўраду Кебіча, які не будаваў дэмакратычную Беларусь і не заслугоўваў гэтага. Васіль Быкаў не дазволіў прадстаўніку ўладаў Пятру Краўчану адчыніць і весьці першыя паседжаньні Форуму, дзякуючы гэтаму Зьезд прайшоў пад кантролем дэмакратычнай грамадзкасьці.
Праз 5 гадоў Васілю Быкаву самому давялося выехаць у замежжа, спачатку ў 1998 годзе ў Фінляндыю, потым у Нямеччыну і далей напрыканцы 2002 году ў Прагу. Ён не афармляў свой эміграцыйны статус, але фактычна гэта была эміграцыя з-за немагчымасьці больш заставацца ў лукашэнкаўскай Беларусі.
У Празе Васіль Быкаў, па словах сп. Ганны, якая таксама сталася тады эмігранткаю ў Чэхіі, актыўна ўдзельнічаў у мерапрыемствах беларускай суполкі, супрацоўнічаў з Беларускай рэдакцыяй Радыё Свабода, дзе зачытаў для эфіра свае ўспаміны “Доўгая дарога дадому”. Аднак, складаны жыцьцёвы лёс, былыя раненьні і перажытыя стрэсы падарвалі здароўе і Васіль Уладзімеравіч перажыў цяжкую апэрыцыю ў пражскім шпіталі. Дактары не давалі аптымістычных прагнозаў і ён вырашыў вярнуцца на Радзіму на апошнім этапе свайго жыцьця.
22 чэрвеня 2003 году Васіль Быкаў адыйшоў у вечнасьць у шпіталі ў Бараўлянах пад Менскам. Дата ягонай сьмерці сталася сымбалічнаю. 22 чэрвеня трагічная дата для Беларусі – гэта пачатак крывавай вайны, якую Быкаў прайшоў цалкам. Ваенныя падзеі, чалавечыя лёсы ў трагічных абставінах сталіся галоўнай тэмаю ягонай літаратурнай творчасьці, што зрабіла Васіля Быкава сусьветна вядомым пісьменьнікам.
Ганна Сурмач больш засяродзіла на грамадзкай дзейнасьці Васіля Быкава. Наступны выступоўца Зьміцер Левіт патлумачыў прысутным, чаму прыйшоў на імпрэзу ў параднай вайсковай форме, як дзейны амэрыканскі вайсковец. Гэтым ён хацеў нагадаць, што Васіль Быкаў быў напачатку вайскоўцам, скончыў вайсковую вучэльню і быў адпраўлены на фронт. Ён прайшоў усю ваёну, быў паранены, але, на шчасьце для ўсіх нас, застаўся ў жывых. Бог даў яму доўгі жыцьцёвы шлях, каб ён распавёў праўду пра тую вайну, якую савецкая прапаганда прадстаўляла нам як толькі гераічнае змаганьне з ворагам. Праўда пра вайну, з крывёю, брудам, неймавернымі фізічнымі і маральнымі пакутамі адкрыла нам вочы на сапраўдную цану гэтай вайны, дзе перамога не прывяла да лепшага жыцьця, а толькі ўмацавала савецкі рэжым.
Сп. Левіт асабліва падкрэсьліў адметнасьць асобы Быкава, як ягоная высокая маральная цьвёрдасьць., чалавечнасьць. Ён трапіў у мясарубку вайны, калі яму было каля 20 гадоў. Не кожны мог маральна адолець перажываемыя цяжкасьці, не ўсе вытрымлівалі, многія станавіліся больш жорсткімі. Вайна можа ператварыць чалавека у зьвера, у жорсткага забойцу, для якога чалавечае жыцьцё не мае каштоўнасьці. Але, Васіль Быкаў захаваў у сабе маральную стойкасьць глядзець на вайну з пазыцыі гуманных каштоўнасьцяў. Ён не зламаўся, а наадварот , набыў вопыт і веды для таго, каб пазьней паказаць у сваіх творах другое аблічча вайны з пазыцыі агульначалавечых каштоўнасьцяў, пра несумяшчальнасьць вайны і каштоўнасьці чалавечага жыцьця.
У другой частцы імпрэзы маладыя людзі, прадстаўнікі новай беларускай эміграцыі, зачытвалі ўрыўкі з успамінаў пра Быкава вядомых асобаў – Рыгора Барадуліня, Леаніда Шчамялёва, сястры пісьменьніка Валянціны і інш. З гэтых тэкстаў яшчэ больш выразна паўставала асоба Быкава, як чалавека і творцы. Гэту тэатральную дзею падрыхтавала Настасься Дзюйм, прафэсыйная рэжысэрка, яна падзякавала за ўдзел чытальнікам – Мікіту Манаёнкаваму, Філіпу Налецкаму, Ірыне і Сяргею Ляшко.
Сп. Настасься падрыхтавала для прысутных адмыслову віктарыну, якая паказвала – наколькі яны ведаюць творчасьць пісьменьніка. Аказалася, што многія справіліся з гэтым выпрабаваньнем.
А потым прысутныя даведался пра тое, што камень, які ўсталяваны на магіле Быкава ў Менску, быў прывезены ў падарунак з Фінляндыі, дзе некаторы час Быкаў жыў па запросінах ад фінскага Пэн-Цэнтра, як старшыня такога Цэнтру ў Беларусі.
Сп. Настасься падрыхтавала і яшчэ прыемную цікавостку – яна запрасіла украінскую мастачку Вольгу Барынец, якая прапанавала сваю неардынарную форму ўдзелу ў імпрэзе. Пакуль у залі ішла дзея, мастачка малявала на сцэне на мальберце партрэт Васіля Быкава, які быў прадстаўлены ужо гатовым у канцы імпрэзы. Мастачка падаравала свой твор нашаму Беларускаму цэнтру і цяпер яго змогуць бачыць усе, хто наведаецца да нас.
Вечарына зацягнулася, бо людзі не сьпяшаліся разыходзіцца. Гаманілі за каваю, знаёміліся, абмяркоўвалі падзеі. У залі панавала сяброўская, прыветная атмасфэра. Выглядала, што гэты летні суботні вечар прынёс ім радасьць, цеплыню, узаемаразуменьне, сяброўскую падтрымку. Магчыма, Васіль Уладзімеравіч і не спадзяваўся, што ягонае імя будуць шанаваць у самых розных краінах, куды сёньня накіраваліся новыя хвалі маладых уцекачоў з Бацькаўшчыны ад лукашэнкаўска рэжыму, але якія і на чыжыне застаюцца беларусамі і шануюць сваіх нацыянальных герояў.