Беларускі ПЭН разам з паэтам і перакладчыкам Андрэем Хадановічам абвяшчае новы сезон Перакладчыцкай майстэрні. Запрашаем далучацца да майстэрні прыхільніц і прыхільнікаў беларускай мовы, літаратуры ды творчасці, якія цікавяцца мастацкім перакладам або хочуць паспрабаваць сябе ў гэтым творчым кірунку.
Перакладчыцкая майстэрня – гэта творчая прастора, дзе перакладчыкі і перакладчыцы мастацкай літаратуры збіраюцца разам, дзеляцца спробамі перакладу, абмяркоўваюць узніклыя праблемы і, знаходзячы рашэнні, набываюць неабходныя ў сваёй працы веды і навыкі. Бонусам такога падыходу з’яўляюцца наладжаныя сувязі паміж удзельніцамі ды ўдзельнікамі і стварэнне прафесійнай супольнасці. Праект існуе больш за дваццаць гадоў, яго кіраўнік-мадэратар – паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч. Сёлета майстэрня адбудзецца ў анлайн-фармаце, што прынясе і пэўныя плюсы: цяпер да яе можна будзе далучыцца з любой мясціны і краіны.
Майстэрня займаецца перакладамі на беларускую мову з любой мовы і ў любым жанры (падборка вершаў, апавяданне, эсэ, фрагмент рамана, нон-фікшн і гэтак далей). Удзельнікамі і ўдзельніцамі праекта штораз стаюць як дэбютанткі і дэбютанты, так і спецыяльна запрошаныя майстры і майстрыні, якія дзеляцца сваім творчым досведам. Апроч перакладання на беларускую, гаворка пойдзе і пра пераклад нашай літаратуры на замежныя мовы, а таксама пра тое, як у сённяшняй няпростай сітуацыі апублікаваць перакладзены твор.
Сярод запланаваных гасцей – перакладчык і выдавец Сяргей Шупа, пісьменнік і перакладчык Альгерд Бахарэвіч, пісьменніца і перакладчыца Ганна Янкута, нямецкі перакладчык Томас Вайлер, паэтка і перакладчыца з іспанскай і на іспанскую Анхела Эспіноса Руіс ды іншыя вядомыя творцы.
Працягласць майстэрні – два месяцы. Сустрэчы будуць адбывацца анлайн на платформе ZOOM у жніўні – верасні, раз на тыдзень чацвяргамі, а 19:00–21:00 беларускага часу, хоць асабліва цікавыя дыскусіі могуць зацягнуцца і надаўжэй.
Удзел у майстэрні бясплатны. Колькасць месцаў абмежаваная, таму заахвочваем усіх, хто жадае далучыцца да майстэрні, пісаць шчырыя і творчыя матывацыйныя лісты.
Каб падаць заяўку, запоўніце гэтую гугл-форму: https://forms.gle/9curFFkYdzP6qhaL9
Дэдлайн: 5 жніўня (уключна).
Беларускі ПЭН падрыхтаваў вялікі артыкул, прысвечаны Перакладчыцкай майстэрні і яе галоўнай асобе – паэту і перакладчыку Андрэю Хадановічу. Пачытаць можна на нашым сайце.
З мэтаў бяспекі ваш удзел можа быць зашыфраваны з дапамогай псеўданіма. Звяртаем увагу, што Instagram-старонка Беларускага ПЭНа і сацсеткі Андрэя Хадановіча прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі» – калі ласка, будзьце асцярожныя ў распаўсюдзе інфармацыі пра майстэрню.
Дзякуючы Перакладчыцкай майстэрні ў Беларусі вырасла новае пакаленне перакладчыкаў ды перакладчыц і стварылася школа сучаснага мастацкага перакладу. Працягнем добрую традыцыю з удзельніцамі і ўдзельнікамі новага сезону!