У лёнданскім выдавецтве Skaryna Press выйшла новая паэтычная кніга Вольгі Гапеевай «Пад асобнымі коўдрамі». Пачыталі разам з аўтаркай ейныя вершы апошніх гадоў ды пагаварылі пра самоту і адзіноту ў выгнаньні, межы чужых земляў, страх у сваёй краіне ды мары пра сапраўдную радзіму.
«Адзінота — гэта страшна і бесчалавечна»
— Давайце пачнем нашу гаворку з цытаты зь верша, які даў назву кнізе: «усё радзей // хочацца засынаць з чалавекам // бок у бок // пад асобнымі коўдрамі». Ці гэтая кніга пра ваша жыцьцё апошніх гадоў як суцэльную самоту? І што для вас самота?
— Напэўна, можна і так сказаць. Я вось толькі цяпер заўважыла, што гэтыя радкі можна іначай прачытаць, як «ня хочацца засынаць пад асобнымі коўдрамі, хочацца пад адной» (😊). Калі я пісала гэты верш, то толькі пачынала ўсьведамляць, што як бы я ні кахала іншага чалавека, які б шчыльны ні быў кантакт, усё адно застаецца невымоўная самота. Спачатку гэта троху пужае, але потым усё наладжваецца. Цяпер я прымаю сябе такой, якая я ёсьць, і, адпаведна, іншых таксама.
Варта ўсё ж падзяляць адзіноту і самоту, добра, што ў нас ёсьць два словы. Для мяне самота больш пра мэлянхолію, пра нейкую крохкасьць і нават прыгажосьць, пра тое, як істотна мець мажлівасьць быць з сабой сам-насам. Для творчых людзей гэта звычайны стан, таксама як і для інтравэртаў або эмпатаў. Адзінота ж, у сваю чаргу, — гэта калі ты адчуваеш закінутасьць, калі больш няма сацыяльных сувязяў, калі здаецца, што на цябе забыліся. Таму адзінота — гэта страшна і бесчалавечна.
«Нямецкіх гарадоў я ўжо наведала значна больш, чым беларускіх»
— «У выгнаньні // хочацца рабіць бачнай // сваю рэальнасьць каб не пачувацца // самотніцай без гісторыі». Якая цяпер ваша рэальнасьць? І якая сямейная гісторыя найбольш дапамагае не пачувацца самотніцай у выгнаньні?
— Верш, зь якога паходзяць гэтыя радкі, я пачала пісаць яшчэ ў Грацы ў 2019 годзе да ўсіх падзеяў (пэўна, тое было нейкае прадбачаньне), скончыла яго толькі недзе ў 2022-м. Шмат чаго зь мінулага жыцьця знаходзіць месца ў цяперашнім часе, але шмат і новага — напрыклад, выступы і пераезды. Нямецкіх гарадоў я ўжо наведала значна больш, чым беларускіх. І так, большасьць часу я баўлю ў самоце, але гэта не замінае, цяпер я ўжо хутка стамляюся, калі доўга бываю зь людзьмі ці на публіцы. Таксама шмат плянаваньня, бо штодзённасьць вольнай мастачкі (у шырокім сэнсе гэтага слова) вымагае дысцыпліны і пралічваньня наперад, як я буду жыць наступны год. Напрыклад, яшчэ ў мінулую восень я пачала думаць пра выставу, якая прайшла ў траўні гэтага году ў Грацы, цяпер рыхтую матэрыялы для выставы ў Ене ў кастрычніку. Тое ж і зь літаратурай — дапрацоўваю кніжку, якая павінна выйсьці ў 2026 годзе.
«Эўфарыя саступіла месца ціхай радасьці, якую можна заўважаць паўсюль»
— «Радасьць // дзе ты цяпер». Што вас радуе апошнім часам?— Мяне радуе шмат чаго, але думаю, што сам рэгістар радасьці
зьмяніўся. Зноў жа, калі я пісала гэты верш, то мела на ўвазе нейкую
іншую радасьць, ня тую, якую я адчуваю цяпер. Вось тут не зашкодзіла б
нейкае іншае слова (😊) — паспрабую азначыць гэтыя станы як «ціхая
радасьць» і «эўфарыя». Тады можна сказаць, што эўфарыя саступіла месца
ціхай радасьці, якую можна заўважаць паўсюль: калі птушка перабягае
дарогу, калі смачны абед атрымаўся, калі чую, што ў мамы добры настрой,
калі зьяўляецца жаданьне нешта намаляваць, калі бачу чмялёў, што
корпаюцца ў кветкавым пылку, і так да бясконцасьці.
— У гэтых радках я пісала пра стасункі зь іншымі людзьмі. Раней мне было цяжка вызначаць свае межы, я расплывалася і распускалася ў іншых, дазваляючы часам «несанкцыянаваныя» дзеяньні. 😊 Потым я пачала вучыцца выбудоўваць уласныя межы, і жыцьцё зрабілася значна больш прыемным.
За апошнія гады я зьмяніла сем адрасоў, і дзесьці было больш утульна, дзесьці менш. Але тыя месцы, дзе было не зусім камфортна, я ўспрымала як выклік — маўляў, вось гэта маё заданьне — зрабіць тое месца домам. Потым, калі я зьяжджала, наступным стыпэндыятам заставалася мая ўтульнасьць, і гэта таксама пра радасьць.
«Лепш не чакаць нічога, а жыць, пакуль ёсьць такая мажлівасьць»
— Пра радзіму вы скрушна напісалі ў вершы «Няпростая арытмэтыка»: «Гэтая чысьціня — беспаветраная прастора // дзе нічога жывога // дзе адно // ЧЫСЬЦІНЯ // і // STRACH // што спыніў гадзіньнік на лічбах 19:95». Як і калі, па-вашаму, можа ажывіцца гэты гадзіньнік?
— Тут можна разважаць лягічна, і тады можна было б адказаць — «калі зьменяцца людзі і абставіны». Але, мне здаецца, гісторыя вучыць нас трошку іншаму, ніколі ня ведаеш, што адбудзецца ў наступную хвіліну. Таму мой падыход сёньня — лепш не чакаць нічога, а жыць, пакуль ёсьць такая мажлівасьць.
— «Сапраўдная радзіма бывае толькі ў марах». Якія вашы мары пра радзіму? І ці верыце вы, што хутка вашы мары стануць рэальнасьцю?
— На самой справе гэта цытата з малюнку на кітайскім сувоі, які я пабачыла ў адной кніжцы па сумі-э. Для мяне тут процьма сэнсаў, шматзначнасьць такога кшталту вельмі захапляе і пасуе паэзіі.
Сёньня, калі людзі шмат вандруюць, многія пераяжджаюць і мяняюць краіну пражываньня. У кожнай і кожнага сваё стаўленьне. Хтосьці думае пра такія сытуацыі пазытыўна і кажа: «Цяпер у мяне дзьве радзімы». Нехта, наадварот, пачувае сябе ў выгнаньні і ня можа прыняць новую рэальнасьць, іншыя зусім пра гэта ня думаюць. У мяне ўзьнікаюць, аднак, ня самыя лёгкія думкі, калі я разважаю пра панятак радзімы — у тым сэнсе, што часам дзяржавы граюць на патрыятычных пачуцьцях грамадзянаў, і тады пачынаюцца дыскурсы кшталту «радзіму трэба бараніць ад ворагаў» і г.д. Таму ў агульначалавечым сэнсе можна разважаць пра радзіму, але калі яна выкарыстоўваецца як сродак прапаганды, істотна не губляць крытычнага стаўленьня.