Беларусь і Украіна, рэпрэсіі, Буча і вайна, сям’я і лісты маленькаму сыну

Новы герой відэа на канале Андрэя Хадановіча — беларускі паэт і ўкраінскі грамадзянін Сяргей Прылуцкі, які жыве ў трагічнай Бучы пад Кіевам. Гэта аўтар, які мае некалькі альтэр-эга ў выглядзе хуліганскага вобраза Сірошкі Пістончыка і паўночнакарэйскага літаратара Кім Чжун Хо, гэта творца, які пранізліва і шчыра піша лірычны дзённік з вайны.

Як культуролаг Жбанкоў параўноўвае Прылуцкага з Букоўскім і Хадановічам? Чаму тэксты аўтара пра пратэсты 2006 года ў Беларусі дагэтуль актуальныя? Як паўставаў вобраз Сірошкі Пістончыка ў творчасці Прылуцкага? Беларусь і Паўночная Карэя: празорлівыя паралелі аўтара праз выдуманага паэта Кім Чжун Хо? Як Прылуцкі перанёс хуліганства ў дзіцячую паэзію? Чаму кніга «Гіброіды» пабачыла свет толькі ў 2024 годзе? Як Прылуцкі ў новых палітычных рэаліях пераасэнсаваў знакаміты верш Барадуліна? Чаму ад тэкстаў са зборніка «Эўрыдыка не азіраецца» ўстаюць валасы дыбам: траўмы беларусаў 2020-га, дыялог з Качмарскім і думкі амапаўцаў? Балючая паэзія вайны ў кнізе «Нічога нястрашнага»: сляды акупантаў у Бучы, кранальныя лісты таты да сына і танга з курткай, калі каханай няма побач. Адказы на гэтыя і іншыя пытанні ў новым выпуску размоваў пра беларускую і сусветную літаратуру ад Андрэя Хадановіча.

budzma.org