У цэнтры Вільні адкрылася выстава дызайнера Артура Вакарава да «трагікамічных вынікаў 30-гадовага панавання рэжыму». 30 постараў — «адказ на тыя песні прапаганды, якія ліюцца там, у Беларусі».
24 ліпеня ля віленскага Музея акупацыі і барацьбы за свабоду адкрылася выстава дызайнера Артура Вакарава, прысвечаная апошнім тром дзесяцігоддзям беларускага жыцця.
«Запрашаю паглядзець на вынік паўгадовай працы над лічбай 30. Атрымалася 30 постараў з трагікамічнымі вынікамі 30-гадовага панавання рэжыму. Выстава, як я і хацеў, вулічная, цалкам дэмакратычная і безкаштоўная. З 24 ліпеня па 23 жніўня на агароджы Музея акупацыі», — так анансаваў сваю выставу Артур Вакараў.
На адкрыццё выставы сабраліся беларусы Вільні, з прамовамі выступілі дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская, літоўскія палітыкі.
Усе плакаты так ці інакш абыгрываюць лічбу 30. Працы на розныя тэмы — ад дэмаграфічнай катастрофы і калажу з шагалаўскім сюжэтам да свінні ў фуражцы і атлантаў-сілавікоў, што трымаюць калоны «30». Мастак выказаўся пра эканоміку, ядзерную зброю, сімволіку афіцыйную і нацыянальную, выбары — усё наша надзённае і вечнае.
«Сам юбілей, канечне, г..но… Дзесьці напрыканцы 2023 года я нешта пра гэта падумаў, ужо не памятаю, што было нагодай. Падумаў я пра гэты трыццатнік, палез паглядзеў, калі ён дакладна да ўлады прыйшоў. І думка такая з’явілася, што ўсё зразумела наконт таго, што мы прайграем рэжыму на такіх дзялянках, як палітвязні, як сітуацыя ўнутрыпалітычная. Ну, зразумела, розніца патэнцыялаў і мы не шмат што можам зрабіць, але вось на фронце інфармацыйным павінна быць ініцыятыва за намі, таму што мы разумнейшыя, больш крэатыўныя, чым гэтыя рэжымныя прапагандоны, — кажа Артур Вакараў у інтэрв’ю Budzma.org. — І мне падумалася, што там жа, у Беларусі, будзе нейкая такая кампанія, ведаеце, пачнуць яны штампаваць рэляцыі, як дыктатар утрымаў Беларусь, адвёў ад бездані, адмыў кароў, узбагаціў насельніцтва, як усё гэта пазітыўна і добра, што ён 30 гадоў ва ўладзе. Падумаў, што трэба нешта супраць гэтага выставіць, паказаць як яно ёсць, праўду, каб не прайграць менавіта ў гэтым аспекце вынікаў трыццацігадовага кіравання».
Артур Вакараў заўважае, што 30 год — «моцная лічба, гэта ж рэкорд, хіба што Салазар у Партугаліі больш быў». «30 год дыктатуры — гэта ўстаўляе. Усё-ткі, можа, не ўсе ў Еўропе разумеюць, што так доўга мы ў гэтым жывем. І вырашыў, што гэтую лічбу і трэба падымаць наверх, таму што яна такая моцная. І вакол гэтай лічбы будаваць такі праект. Ну і вось, паўгода корпаўся», — кажа мастак.
Артур Вакараў — заснавальнік студыі «Адліга», былы арт-дырэктар мінскай антыкварнай крамы «Буржуазныя каштоўнасці». Шмат супрацоўнічаў з рознымі культурнымі, адукацыйнымі і грамадскімі ініцыятывамі, рабіў вокладкі для беларускіх кніг. Летам 2022 года быў эвакуяваны з Беларусі.
«Тое, што зараз у Беларусі з беларускай культурай, з беларускімі, нашымі людзьмі… Ну, гэта час рэакцыі, рэакцыя заўсёды такая гістарычна жорсткая, і тут сапраўды трэба выжыць, асабліва тым, хто не з’ехаў. Мы ў гета былі, але там зараз і гета ўжо не засталося. І мне вельмі шкада нашых, хто там застаўся. Думаю пра іх. І сядзяць колькі сяброў, знаёмых, — кажа Артур Вакараў. — А місія наша ж не змянілася. Так, зараз цяжка, можа падацца, што мы прафукалі гэтыя 30 год нацыянальнай будоўлі краіны Беларусь, але, місія як была, так і застаецца, я з маладосці адну і тую ж яе ведаю…
Трэба белкульт прыняць і перадаць наступным пакаленням, і штосьці туды яшчэ ўкласці свайго. Бо гэта і будзе падмуркам для будоўлі Беларусі — культура. Культура, героі — гэта ж усё эпас, які і стварае нацыю.
Гэтым і трэба займацца цяпер, у эміграцыі. Тут не істотна, дзе ты знаходзішся, ты можаш працаваць на белкульт: пісаць кніжкі, маляваць карціны, ставіць спектаклі. І ўсё гэта спатрэбіцца абавязкова».
Мастак кажа, што вымушаная эміграцыя, адаптацыя да новых умоў жыцця могуць «перабіваць нашую «павестку», беларускую, але ж разуменне гэтае, беларускае, — яно генетычнае, на такім узроўні падсвядомым».
«Даволі цяжка перайсці на парадак дня польскі, літоўскі ці ўвогуле глабалісцкі. Усё адно, калі ўсё жыццё маляваў белкульт, то саскочыць з гэтай тэмы і паспець неяк асэнсаваць глыбіні польскай праблематыкі немагчыма асабліва. Усё адно мы ўжо пакаленне, якое будзе працаваць на Беларусь. Мы свядомасцю застанемся беларусамі. І будзем захоўваць гэтае беларускае, якое, паўтаруся, спатрэбіцца абавязкова», — лічыць Артур Вакараў.
Што да творчай працы ў Польшчы, дзе цяпер жыве дызайнер, то «мала яе пакуль, кола кліентаў выбітае»: «Напрыклад, вельмі шчыльна я з Пашам Белавусам працаваў гадамі, праект «Годна» і ўсе падпраекты, а зараз Паша сядзіць. Нейкія бізнес-кліенты амаль што згубілі магчымасць замаўляць дызайн. Такая ёсць трохі праца з выгнанымі НДА… Для «Байсола» брэндбук зрабіў, для БДПЧ брэндбук зрабіў. Але гэта мала. Трэба рабіць нешта такое простае класнае беларускае».
«Калі казаць, чаму выбраў фармат постару для гэтага так званага юбілею, то класіка ж нікуды не дзяваецца. Постар — гэта класічны вынік працы дызайнера, асабліва ў гэтай сферы грамадскай, сацыяльнай. Таму тут ніякіх новых формаў не знойдзеш. Гэтыя прапорцыі постара застаюцца. Рады, што зацікавіліся нашыя арганізацыі маім праектам і выцягнулі з інтэрнэту ў рэальную прастору. Бо добра, калі постар надрукаваны, а не проста запошчаны ў фэйсбуку», — расказаў Артур Вакараў.
«Мне б хацелася, каб у гэтай выставы была іншая тэма»
Святлана Ціханоўская падчас адкрыцця выставы сказала, што ёй бы хацелася прамаўляць на выставе пад назвай «30 гадоў сяброўства Беларусі ў Еўрасаюзе» ці «30 гадоў літоўска-беларускага партнёрства».
«Мы павінны адзначаць свабоду і дэмакратыю ў Беларусі, якія беларусы сапраўды заслужылі. Але сёння мы адзначаем 30 гадоў дыктатуры і несправядлівасці, 30 гадоў болю і пакут, 30 гадоў страчаных магчымасцей. Але таксама сёння мы адзначаем 30 год салідарнасці і супраціву», — сказала Святлана Ціханоўская.
На яе думку, вельмі сімвалічнае тое, «што нашая сённяшняя выстава праходзіць побач з Музеем акупацый і барацьбы за свабоду ў Вільнюсе — горадзе, які стаў сапраўдным міжнародным цэнтрам для змагароў за свабоду». «Больш за 30 гадоў таму літоўцы зрынулі савецкую акупацыю і вярнулі сабе незалежнасць. Да гэтага ж імкнецца і беларускі народ», — дадала палітык.
«Кайданкі на адным з плакатаў Артура Вакарава выдатна перадаюць сутнасць таго, што адбывалася і адбываецца ў Беларусі на працягу 30 гадоў. Але гэтая выстава прысвечана не рэжыму, а ўсім тым, хто на працягу ўсіх гэтых гадоў змагаецца супраць гэтага рэжыму. У тым ліку нашым героям — палітвязням. Кожны дзень мы памятаем пра іх і робім усё магчымае, каб вызваліць нашых родных і сяброў з турмы (…), — заявіла Святлана Ціханоўская.
— Нам вельмі важна зараз трымацца разам, сустракацца, нагадваць, хто мы і адкуль. Памятаць, што аднойчы мы абавязкова вернемся дадому і адсвяткуем нашу свабодную і дэмакратычную Беларусь».