Анталогію беларускага гей-пісьменства «Мальцы выходзяць з-пад кантролю» цяпер можна паслухаць

Больш за 20 беларусаў і беларусак узялі ўдзел у запісе кнігі, а таксама і сам укладальнік выдання — Уладзіслаў Гарбацкі. Больш за 9 месяцаў працы і дзясяткі гадзін запісаў, правак ды мантажу. Нарэшце аўдыёкніга даступная для праслухоўвання.

Хто гэта робіць?

Праект «Народная аўдыёкніга» — гэта ініцыятыва аўдыявыдавецтва audiobooks.by і выдаўніцы аўдыёкніг Крысціны Дробыш. У рамках праекту абсалютна кожны і кожная, незалежна ад досведу і ўменняў, могуць узяць удзел у запісе сапраўднай кнігі пад пільным кіраўніцтвам прафесійных рэдактараў. Праект з’явіўся ў 2021 годзе. У выніку першага сезону больш за сто ўдзельніц і ўдзельнікаў запісалі аўдыёверсію кнігі «Мова 404» Аліны Нагорнай.

Пра кнігу і запіс?

«Мальцы выходзяць з-пад кантролю» — гэта анталогія беларускага гей-пісьменства. Кніга сабрала ўсё, што на сёння вядома пра гэты пласт нашай літаратуры. Яна рыхтавалася амаль 5 гадоў, аўдыяверсія — амаль год! Вынік — наватарская і прыгожая калекцыя тэкстаў, якія адкрываюць нам яшчэ адно вымярэнне саміх сябе. 

На выданне папяровай версіі анталогіі быў абвешчаны збор сродкаў, які прайшоў паспяхова. Прэзентацыя кнігі адбылася на фестывалі інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA 7 кастрычніка 2023 года.

Аўдыёверсія створаная ў рамках праекту «Народная аўдыёкніга», дзякуючы супольным намаганням аўдыёвыдавецтва audiobooks.by, выдавецтва «Скарына», пры ўдзеле выдаўніцы аўдыёкніг Крысціны Дробыш.

Адметна, што ў кнізе ўпершыню з’яўляюцца пераклады адзначаныя міжнароднымі прызамі п’ес беларускага драматурга Мікіты Ільінчыка. Агучка драматургіі стала сапраўдным выклікам для ўсіх удзельнікаў запісу.

Агулам праца над аўдыёкнігай заняла ў каманды амаль год. 

Дзе паслухаць кнігу?

Усе дасяжныя платформы па спасылцы (спіс неўзабаве будзе дапоўнены).

Папяровае выданне кнігі можна купіць на сайце выдавецтва Скарына.

Звяртаем вашу ўвагу. У творах можа прысутнічаць абразлівая лексіка, апісанне сексуальных стасункаў, гвалту, прастытуцыі, палення цыгарэтаў, ужывання алкаголю і наркотыкаў. Прыгадваецца ўстанова, прызнаная беларускімі ўладамі так званым «экстрэмісцкім фармаваннем».

budzma.org