Cёлета споўнілася 370 гадоў з часу знішчэння Мсціслава маскоўскімі войскамі падчас падзеяў Трынаццацігадовай вайны (1654–1667) або Крывавага патопа — найбольш стратнай і разбуральнай вайны на тэрыторыі Беларусі за ўсю яе гісторыю. Якія падзеі ўвайшлі ў гісторыю пад назвай «Трубяцкая разня». Як у савецкія часы хавалі праўду пра гэтую трагедыю? Чаму захаванне фрэсак Кармеліцкага касцёла Мсціслава, якія адлюстроўваюць памяць пра Трубяцкую разню, можна лічыць сапраўдным цудам?


Што ўвайшло ў гісторыю пад назвай «Трубяцкая разня»

22 ліпеня 1654 года ў самым пачатку вайны Маскоўскай дзяржавы супраць Рэчы Паспалітай (1654–1667) войска расійскага князя Аляксея Трубяцкога штурмам узяло горад Мсціслаў — буйны эканамічны і адміністрацыйны цэнтр Вялікага Княства Літоўскага, галоўны горад Мсціслаўскага ваяводства. Пры гэтым маскоўскія войскі здзейснілі масавае забойства мясцовых жыхароў, якое ўвайшло ў гістарычную памяць як «Трубяцкая разня». Паводле ацэнак сучаснікаў, акупантамі было знішчана ад 10 000 да 15 000 чалавек (большая частка жыхароў горада). Расійскі гісторык Аляксей Лобін мяркуе, што прычына, па якой маскоўскія войскі здзейснілі настолькі маштабнае забойства, звязаная з тым, што горад аказаў моцнае супраціўленне.

Разня манахаў-кармелітаў рускімі салдатамі, фрагмент фрэскі з Кармеліцкага касцёла ў Мсціславе. Крыніца: Obst J. Freski w kościele Mścisławskim // Litwa i Ruś. T. II, Z. 1. — Wilno, 1912

Для аховы ваяводскага горада з магутным замкам збегся паспаліты народ з далёкіх наваколляў, захапіўшы з сабой дакументы і ўсю магчымую рухомую маёмасць: «…все панове обывателе воеводства Мстиславского… до города Мстиславского з жонами, з детьми, з справами и зо всеми маетностями заехавшы спровадили» (цытата з кнігі Генадзя Сагановіча «Невядомая вайна»). 

Мсціслаў абаранялі навакольная знаць і мяшчане пад камандаваннем Яна Станкевіча. Маскоўскія ваяводы даволі хутка захапілі і спалілі астрог, але здабыць замак адразу не змаглі. Тады яны паабяцалі мсціслаўцам «великие дары и волности», агітавалі здацца, але ж абаронцы горада, «сурова отповедаючы», адбіваліся і спадзяваліся на дапамогу. Маскоўскія войскі абстрэльвалі замак чатыры дні, рабілі шматлікія атакі. На дапамогу мсціслаўскаму гарнізону спрабаваў падысці атрад апалчэнцаў у 3 тысячы чалавек, але войска Трубяцкога яго разбіла і не пусціла ў горад.

Пад камандай Трубяцкога ваявалі больш за 15 тысяч чалавек: памесная конніца (3,5 тыс.), 7 салдацкіх палкоў (11,2 тыс.), адна тысяча маскоўскіх стральцоў. Супраць такой вайсковай сілы Мсціслаў з добра ўмацаваным замкам з 10 вежамі, 10 гарматамі, равамі і валамі шмат часу абарону трымаць не здолеў. 

У выніку 22 ліпеня «великою потугою и усилством през штурм» захопнікі авалодалі горадам. Паводле шматлікіх сведчанняў відавочцаў тых падзей, пераможцы «места агнём выпалілі і людзей пасеклі»; «народ усялякі шляхецкі, мяшчанаў і жыдоў, а таксама простых людзей у пень высеклі, потым адтрубіўшы, сярод трупаў жывых знаходзілі і ў палон на Маскву забіралі, а скарбы ўсялякія забраўшы, замак і паркан увесь агнём спалілі і дазваньня спустошылі» (цытата з кнігі Генадзя Сагановіча «Невядомая вайна»). Падчас захопу горада, як сцвярджаюць гістарычныя крыніцы, маскавіцкія захопнікі знішчылі шмат помнікаў пісьменства.

Рускі ваявода Фёдар Валконскі пісаў, што Трубяцкі «Мстиславль взял и высек и выжег, а побил в нём больше пятнадцати тысяч человек». Праўда, 700 майстроў засталіся ў жывых, якія былі неабходны Маскоўскай дзяржаве і якія пасля былі пераселены ўглыб Масковіі. Жыхароў Мсціслаўля з гэтага часу звалі «недасекамі», паколькі іх «недасеклі» маскоўскія войскі. У выніку катастрофы шматлюдны і квітнеючы горад на ўсходзе Магілёўшчыны заняпаў і больш ужо не вярнуў сваю былую веліч.

Наогул Мсціслаў заставаўся пад кантролем рускай адміністрацыі да восені 1658 года, калі мяцежныя запарожскія казакі Івана Выгоўскага занялі Мсціслаў пры падтрымцы некаторых гараджан, а вясной 1659 года, пасля аблогі, горад зноў быў заняты рускімі войскамі. У 1661 годзе Мсціслаў вярнуўся пад кантроль Рэчы Паспалітай, і ў выніку Андрусаўскага замірэння 1667 г. горад застаўся ў складзе дзяржавы абодвух народаў.

Панарама горада, гравюра сярэдзіны XIX стагоддзя. Крыніца: Tygodnik Illustrowany, 1872

Але страшная трагедыя сярэдзіны XVII стагоддзя ў народнай памяці захоўвалася цэлымі пакаленнямі. Паводле гісторыка Міхаіла Без-Карніловіча, памяць пра трагічную падзею ў Мсціслаўлі і ваколіцах захоўвалася ў народных паданнях нават у сярэдзіне XIX стагоддзя пад назвай «Рэзь Трубяцкога». 

Адлюстраванне трагічнай падзеі ў фрэсках Кармеліцкага касцёла і знаходкі археолагаў

Трагічныя падзеі мінуўшчыны Мсціслаўля захаваліся на фрэсках XVII стагоддзя касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, больш вядомага як Кармеліцкі касцёл. У храме захавалася каля 20 фрэсак, якія адлюстроўваюць як традыцыйныя рэлігійныя, так і свецкія сюжэты гісторыі. Сярод іх ёсць і тыя, што прысвечаны «Трубяцкой разні». Яны, дарэчы, няблага захаваліся нягледзячы на агульны сумны стан храма. Дзве цэнтральныя фрэскі адлюстроўваець аблогу горада і забойства манахаў маскоўскімі войскамі. Адна з іх — «Узяцце Мсціслаўля князем Трубяцкім» — адлюстроўвае палаючы ў агні Мсціслаўскі замак на Замкавай гары і штурм яго маскоўскімі войскамі, іншая — «Пакаранне ксяндзоў» — зверскую расправу пераможцаў над каталіцкімі манахамі-кармелітамі, што былі перабіты маскавітамі.

Фрэскі Кармеліцкага касцёла: узяцце маскавітамі замка. Крыніца: Obst J. Freski w kościele Mścisławskim // Litwa i Ruś. T. II, Z. 1. — Wilno, 1912

Убачыць гэтыя фрэскі на свае вочы шараговы турыст ці нават аматар гісторыі не можа, таму што галоўная частка касцёла зачынена, ды і самі фрэскі закрыты будаўнічымі рыштаваннямі. Стаяць яны там ужо як мінімум гадоў 20, але ніякія рэстаўрацыйныя працы не вядуцца. Хоць храм з’яўляецца ўнікальным помнікам, якому няма аналагаў ва ўсёй Беларусі. Да таго ж Кармеліцкі кляштар унесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей і складаецца з касцёла, кляштарнага корпуса і мура з брамай. 

Аднак у Мсціславе штогод (з 2007 года) праводзіцца свята сярэднявечнай культуры «Рыцарскі фэст», падчас якога перыядычна ўсім гасцям горада і аматарам гісторыі можна завітаць у сам Кармеліцкі касцёл, а мабыць, і адным вокам здалёк пабачыць знакамітыя фрэскі. 

У 2021 годзе ў самім Кармеліцкім касцёле археолагі і гісторыкі праводзілі раскопкі, пра што нават быў зняты сюжэт дзяржаўным тэлебачаннем. Даследчыкі зрабілі невялікі раскоп у цэнтры касцёла ў сувязі з тым, што пад цэнтральным нефам, магчыма, знаходзіліся скляпенні з фрэскамі, якія маглі абрынуцца падчас пажару 1855 года. Калі сапраўды ўдалося б іх знайсці, падняўшы іх з зямлі, то ў будучыні падчас рэстаўрацыі храма можна было б аднавіць сюжэты фрэсак, такім чынам прыдаўшы помніку культавай архітэктуры першапачатковы воблік. 

Раскопкі ў Кармеліцкім касцёле Мсціслава летам 2021 года. Крыніца: katolik.life

У адносна невялікім раскопе пасярод цэнтральнага нефа спачатку знаходзілі толькі кераміку або рэшткі цэглы. Але ж на другі дзень раскопак археолагаў чакала незвычайная знаходка. І гэта зусім не тое, што яны чакалі тут убачыць. На глыбіні двух метраў убачылі чалавечыя парэшткі і фрагмент тканіны карычневага колеру. Былі знойдзены парэшткі пяці чалавек, якія, па меркаванні даследчыкаў, маглі належаць манахам-кармелітам, што сталі ахвярамі «Трубяцкой разні». 

Адзначым, што ў 1746–1750 гадох касцёл перабудавалі паводле праекта нямецкага архітэктара Яна Глаўбіца. Як лічаць навукоўцы, можна дапусціць, што пахаванне пакутнікаў-манахаў, якое шанавалася прадстаўнікамі ордэна, спецыяльна было пакінута ў цэнтры храма менавіта ў сярэдзіне XVIII стагоддзя. Сімвалічна таксама і размяшчэнне знакамітай фрэскі з выявай «Трубяцкой разні» над гэтым пахаваннем на бакавой сцяне цэнтральнага нефа.

Спробы замаху на Кармеліцкі касцёл з-за «няправільных» фрэсак

Мсціслаўскі касцёл кармелітаў — помнік архітэктуры барока і ракако рэспубліканкага значэння, які ахоўваецца дзяржавай. Але мясцоваму чынавенству карцела знішчыць помнік напрыканцы 1950-х гадоў. Улады і іх «спецыялісты» лічылі, што адсутнічаюць эстэтычныя і гістарычныя вартасці Кармеліцкага касцёла ў Мсціславе і ў гэтым нават ішлі насуперак пастановы Саўміна БССР, які прызнаваў сакральны помнік каштоўнасцю савецкай рэспублікі (з’ява на той час досыць рэдкая). 

Спачатку была напісана дакладная запіска ад 24.06.1959 аб стане касцёлаў Магілёўскай вобласці, якія на той час не дзейнічалі, падпісаная ўпаўнаважаным савета па справах рэлігійных культаў па прозвішчы Вярбіцкі. У ёй акцэнтавалася ўвага асабліва на Кармеліцкім касцёле ў Мсціслаўлі і змесце фрэсак: «Патрэбна прыпыніцца на змесце карціны [маюцца на ўвазе фрэскі]. Не бяруся судзіць аб якасці фарбаў і майстэрства каралеўскай Польшчы. З фармальнага пункту гледжання, яна прысвечана бітве 1654 года за Мсціслаў… Але сэнс, укладзены ў экспазіцыю карціны, з’яўляецца для нашага народа антыпатрыятычным, абразлівым»

Далей думка радыкалізуецца і становіцца яшчэ больш абсурднай: «Такое скажонае, хлуслівае і варожае апісанне гісторыкамі каралеўскай Польшчы гістарычных падзеяў 1654 года, пранікнутых паклёпам і нянавісцю з боку каралеўскай вярхушкі і каталіцкага духавенства да рускіх войскаў, разграміўшых нашчэнт польска-літоўскія войскі, пакладзена ў аснову карціны… Адпаведна пабудова будынка, яго стыль і роспісы ў будынку не маюць гістарычнай каштоўнасці для беларускага народа і яго нацыянальнага развіцця, жывапісу і архітэктуры»

Кармеліцкі касцёл у Мсціслаўлі. Выгляд з Замкавай гары. Крыніца: wikipedia.org

Нягледзячы на гэта ўпраўленне культуры пра Саўміне БССР прымае рашэнне аб рэстаўрацыі ўнікальнага касцёла ў Мсціслаўлі: узвялі будаўнічыя рыштаванні і завезлі будаўнічыя матэрыялы для рэстаўрацыі і капітальнага рамонту з поўным захаваннем культурнага выгляду. Гэта быў сапраўдны цуд, бо на месцах гэты крок выклікаў абурэнне і непрыняцце. Мясцовыя манкурты хацелі проста знішчыць аб’ект, які супярэчыў іх уяўленню «гістарычнай праўды». 

Прадстаўнікі Мсціслаўскага райсавета неадкладна пішуць у Магілёўскі аблвыканкам ліст істэрычнага зместу, у якім створаная камісія «спецыялістаў» просіць прыбраць касцёл з ліку помнікаў культуры вобласці, бо будынак, на погляд апаратчыкаў, не меў гістарычнай каштоўнасці. Вось што пісала тагачаснае мясцовые чынавенства, не саромечыся сваёй антыбеларускасці ў звароце ад 16.08.1961: «Створаная на месцы камісія засведчыла, што сам будынак па сваёй сутнасці, архітэктурнай пабудове і роспісе ўнутры будынка, ніякай гістарычнай вартасці не мае і знаходзіцца ў аварыйным стане»

Але галоўная прычына была ў змесце фрэсак, бо яны супярэчылі канцэпту пра «брацкую любоў» беларусаў і рускіх, а гэта значыць, былі «няправільныя» і падлягалі знішчэнню: «Роспіс «Разня Трубяцкога», на якім рускія воіны, прыйшоўшыя вызваляць беларускі народ з-пад польска-шляхецкага іга 1654 года, паказаны як забойцы і рабаўнікі. Сам такі роспіс абразлівы для беларускага і рускага брацкіх народаў» (з дакумента, якія пісалі прадстаўнікі Мсціслаўскага райвыканкама. Цытата з артыкула гісторыка Ігара Пушкіна «Замах на Мсціслаўскі касцёл», часопіс «Магілёўская даўніна» за 1999 год). Атрымліваецца, што беларусы не цэняць «харошых» рускіх, якія прыйшлі «вызваляць» нібыта братоў.

У выніку чыноўнікі Мсціслаўскага райвыканкама спрабавалі пераканаць вышэйшыя органы, што касцёл трэба прыбраць з уліку важных помнікаў і прыпыніць фінансаванне яго рэстаўрацыі: «Пагаджаючыся з актам камісіі, Мсціслаўскі райвыканкам просіць Вас паставіць пытанне перад Саўмінам БССР аб зняцці з уліку будынка былога касцёла і закрыцці фінансавання на яго рэстаўрацыю».

Фасад Кармеліцкага касцёла з надпісам на лаціне. Крыніца: wikipedia.org

Але, напэўна, справа не ішла, таму была створана яшчэ адна камісія, якая ўключала ўсю вярхушку раёна (ад старшыні Мсціслаўскага райвыканкама і загадчыка аддзела культуры да настаўніка гісторыі СШ № 3 Мсціслава). Гэтая камісія з упартасцю цвердзіла адно і тое ж: «На сцяне з левага боку маецца часткова захаваны роспіс «Разня Трубяцкога», на якім рускія воіны адлюстраваны як забойцы і рабаўнікі… Гэта скажэнне гістарычнай праўды і абраза… Большасць роспісаў, якія меліся ўнутры будынка, загінулі ад часу і дажджу, у тым ліку загінула большая частка роспісу «Разня Трубяцкога». Заключэнне створанай камісіі нібыта «прафесіяналаў» было «не маюць ніякай каштоўнасці» і адпаведана іх «патрэбна зняць з уліку».

У такой пазіцыі мясцовых мсціслаўскіх чыноўнікаў нічога дзіўнага няма, бо савецкая гістарычная навука спрабавала замаўчаць факт масавай «братэрскай» расправы маскавітаў над продкамі беларусаў. Да прыкладу, савецкі гісторык Абецэдарскі фактычна адмаўляў «Трубяцкую разню» і ставіў пад сумнеў праўдзівасць актаў, апублікаваных уладамі Расійскай імперыі ў 34-м томе «Актов, издаваемых Виленскою комиссиею для разбора древних актов», сцвярджаючы, што такім чынам шляхта хацела ўтоіць уцёкі і здачу замка ворагу. Пры гэтым ён ніяк не каментаваў і ўвогуле ігнараваў наяўнасць дакументаў Маскоўскай дзяржавы, у якіх паведамляецца пра разню і вялікую колькасць забітых жыхароў ваяводскага Мсціслава.

«Мсціслаў: эсэ пра гісторыю і людзей адной зямлі» Уладзіміра Караткевіча. Крыніца: ay.by

Прычым пра «разню Трубяцкога» замоўчвалі не толькі ў 1950-х і 1960-х гадах. У 1985 годзе выйшла апошняя кніга Уладзіміра Караткевіча «Мсціслаў: эсэ пра гісторыю і людзей адной зямлі», у якой савецкая цэнзура без аніякіх тлумачэнняў цалкам выразала фрагмент пра жудасныя падзеі «Трубяцкой разні».

Застаецца толькі назваць цудам захаванне фрэсак Кармеліцкага касцёла Мсціслава, якія паказваюць сапраўдны воблік усходняга суседа і дагэтуль раздражняюць прыхільнікаў «рускага свету». 

Хведар Прылёпаўскі, Budzma.org