Выбраныя творы філосафа Уладзіміра Фурса выйшлі на беларускай мове

Кніга выбраных твораў філосафа Уладзіміра Фурса «Беларусь у святле сучаснай крытычнай сацыяльнай тэорыі» у перакладзе на беларускую мову выйшла ў выдавецтве «Логвінаў». Пра выхад кнігі паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбук філосаф, кандыдат навук Павел Баркоўскі.

«Вось хтосьці пэўна прывез з Вільні з Канферэнцыі Новай Беларусі новыя ўражанні, хтосьці — успаміны пра вандроўкі па старым горадзе ці сустрэчы з сябрамі і знаёмымі, якіх цяпер у Літве часам больш, чым засталося ў Беларусі, а я ж таксама — не самотны, бо кнігу маю», — напісаў Павел Баркоўскі.

«Лічу, што ў плане амбіцый і ідэй ён бы мог відавочна быць акадэмічнай зоркай Беларусі, беларукім Баўманам ці Кастарыядысам, калі б лёс склаўся крыху лепей да яго. Тым не менш, на свае часы ён быў, а можа і дасюль застаецца найбольш цікавым сацыяльным тэарэтыкам у Беларусі — са сваімі вельмі жорсктімі і іранічнымі тэкстамі, цвярозымі ацэнкамі сітуацыі і разуменнем важнасці сацыяльна-філасофскай аналітыкі для змены сацыяльных стэратыпаў і ментальных схем сярод беларусаў», — адзначае Павел Баркоўскі.

Кніга вышла пад рэдакцыяй Веранікі Фурс і Андрэя Ралёнка.

Навінку можна знайсці ў Вільні, але неўзабаве зборнік можна будзе ўбачыць на фестывалі інтэлектуальнай кнігі Pradmova.

budzma.org