Томас Вайлер стаў лаўрэатам прэміі Паўля Цэляна-2024 за пераклад на нямецкую мову рамана «Сабакі Еўропы»

Пра гэта паведаміў аўтар рамана «Сабакі Еўропы» Альгерд Бахарэвіч на сваёй старонцы ў Фэйсбук.

«Мае самыя шчырыя віншаваньні, дарагі майстар!

Абгрунтаваньне журы:

Прэмію Паўля Цэляна за 2024 год атрымлівае Томас Вайлер за ягоны пераклад рамана «Сабакі Эўропы» Альгерда Бахарэвіча (выдавецтва Voland&Quist), забароненага і прызнага экстрэмісцкім у Беларусі.

Тэкст, які выйшаў у 2017-м, запрашае чытача ў настолькі ж змрочнае, наколькі іранічна апісанае падарожжа скрозь мінулае і ўяўнае будучае Беларусі і Эўропы і пры гэтым разглядае найвастрэйшыя тэмы сучаснасьці зь неверагоднай дакладнасьцю.

Журы ўганароўвае цудоўны пераклад Томаса Вайлера, у якім ён з уражвальнай крэатыўнасьцю і радасьцю мовы робіць чутнымі самыя разнастайныя галасы рамана і выдатна працуе з такімі рознымі моўнымі рэгістрамі, як слэнг, архаіка, міталёгія і сатыра.

Апрача беларускага і расейскага тэксту, Томас Вайлер пераклаў таксама слоўнік сканструяванай мовы бальбута, якая знаходзіць сваё разьвіцьцё ў рамане і на якой размаўляюць героі кнігі.

Са сваёй адкрытай да экспэрымэнтаў моўнай гульнёй, сваім тонкім адчуваньнем рытму і гучаньня на розных тэкставых узроўнях і грунтоўнасьцю, што дазваляе адсачыць шматлікія культурныя алюзіі рамана, Томас Вайлер дорыць нямецкамоўнаму чытачу нечуваную моўную асалоду і доступ да аднаго з дагэтуль не вядомых твораў сусьветнай літаратуры», — напісаў Альгерд Бахарэвіч.

budzma.org