
Рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца, але ў беларусаў у Польшчы складаецца ўражанне, што польскія чыноўнікі пачалі гэта ігнараваць. «Белсат» спытаў Франка Вячорку, чаму гэта адбываецца, ці варта чакаць паляпшэння сітуацыі і што робяць дэмсілы, каб дапамагчы беларусам за мяжою.
Паводле звестак «Віцебскай вясны», 29 ліпеня пад Расонамі адбыўся найбольшы за некалькі гадоў «хапун»: затрымалі каля 350 чалавек, якія сабраліся на нефармальны злёт Rainbow Family. Франак Вячорка, галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай, пракаментаваў гэта «Белсату»:
«Пра тое, што рэпрэсіі працягваюцца, мы ведаем. На жаль, пра гэта мала ведаюць у замежнай інфармацыйнай прасторы. Таму пра гэта трэба нагадваць. Але масавае затрыманне вось гэтай ініцыятывы паказвае, што рэжым не спыніцца ні перад чым, і ўсё, што не ўпісваецца ў рэжымную парадыгму, будзе карацца. Пры тым што гэта не нейкі рух, які там, не ведаю, выступаў за змену рэжыму ў Беларусі».
Раней пад рэпрэсіі ў Беларусі, нагадаў Вячорка, трапляла мноства бяскрыўдных для ўладаў ініцыятываў грамадзянскай супольнасці – нават «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Рэпрэсуюць усё, што аб’ядноўвае людзей і што дае людзям рэалізавацца і рабіць нешта разам.
Міжнароднай супольнасці цяжка давесці інфармацыю пра тое, што адбываецца ў Беларусі, не таму, што «ад Беларусі стаміліся», кажа Вячорка. Рэч у тым, што праблемы беларусаў перабіваюць больш маштабныя праблемы, як вайна ва Украіне ці вайна ў Іране. Беларусь не трапляе на першыя палосы – і менавіта таму, кажа Вячорка, Офіс Ціханоўскай надае столькі ўвагі міжнароднай дзейнасці, сустрэчам з замежнымі палітыкамі.
Тое, што на праблемы беларусаў пачалі глядзець іначай, пацвярджаецца статыстыкаю разгляду заяваў аб міжнароднай абароне ў Польшчы: толькі ў чэрвені 25 беларусаў атрымалі міжнародную абарону, а 52 – адмовы, плюс яшчэ 13 справаў былі прыпыненыя. Прадстаўнікі Народнага антыкрызіснага ўпраўлення сустракаліся з польскімі чыноўнікамі і абмяркоўвалі гэта – тыя паабяцалі, што разгляд кожнай справы будзе індывідуальны, і заявілі, што стаўленне да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі не змяняецца, аднак міграцыйная палітыка пераглядаецца.
«Беларусаў працягваюць прымаць, дакументы працягваюць выдаваць, але ставяцца больш скрупулёзна да ўсіх заявак, якія прыходзяць на міжнародную абарону, – кажа Вячорка пра Польшчу. – Трэба падаваць доказы, паказваць, што пагражае пераслед, трэба пісаць тлумачэнні. Калі пасля 2020 года прымалі ўсіх беларусаў, амаль усе, хто падаваўся, там 90 % і болей, атрымлівалі гэтыя дакументы. Спачатку абарону, потым пашпарты замежніка.
2020 год прайшоў, пратэсты прайшлі – і трэба даказаць, што цяпер у гэтых умовах вам таксама пагражае за вашую дзейнасць крымінальная справа ці пераслед. Заяваў на абарону ў Польшчы шмат. Органы перагружаныя, інстытуцыі перагружаныя».
«Агульная палітыка да міграцыі змянілася: мы бачым, што антыміграцыйныя настроі выраслі не толькі ў Польшчы. Таму будзе складаней. Трэба на гэта ўважаць і беларусам, якія падаюцца на дакументы, трэба ставіцца да гэтага максімальна сур’ёзна».
Вячорка запэўнівае: дэмакратычныя сілы намагаюцца дапамагчы. Каб сапраўды развязаць шырокую праблему, трэба мяняць заканадаўства. Але ў індывідуальных выпадках дэмакратычныя сілы, юрысты і праваабаронцы намагаюцца паспрыяць легалізацыі беларусаў за мяжою.
У Польшчы дзеюць Цэнтр беларускай салідарнасці і ініцыятыва «Партызанка», якія кансультуюць людзей, каб іхныя заяўкі хутчэй праходзілі альбо каб доказы былі сабраныя належным чынам, расказвае Вячорка. Дзее таксама працоўная група з урадам Польшчы, кіраўнік польскай Управы ў справах замежнікаў Томаш Цытрыновіч камунікуе з НАУ і Паўлам Латушкам. Дэмакратычныя сілы скіроўваюць уладам запыты і лісты.
«Зараз асноўнае – дамагчыся падаўжэння дзеяння тэрміну падарожнага дакументу да двух альбо да трох гадоў. Я думаю, што гэта найбольш рэалістычна. І зменшыць чаканне людзей, якія падаюцца на абарону».
У час працоўнага візіту Ціханоўскай у Прагу чэшскія чыноўнікі і дзяржаўныя кіраўнікі казалі шмат добрых словаў на адрас беларусаў. Але пасля візіту беларусы працягнулі скардзіцца на дыскрымінацыю і адмовы з боку чыноўнікаў. На камеру чыноўнікі ў розных краінах кажуць, што ўсё добра, а фактычна беларусы не могуць дамагчыся абароны нават у Польшчы?
«Не, усё-ткі могуць, – адказвае Вячорка. – Трэба разумець, што Польшча выдала сотням тысяч беларусаў дакументы, працягвае гэтыя дакументы выдаваць, людзі тут у бяспецы і атрымліваюць дапамогу ад Польшчы, выплаты паводле абароны, хто атрымаў палітычны прытулак. То бок усё-ткі не трэба казаць, што змянілася нешта. Проста змяніліся патрабаванні да новых просьбітаў аб уцякацтве ці абароне. І ў Чэхіі, напрыклад, шмат якія праблемы ўсё-ткі ўдалося развязаць».
«Вайна шмат што памяняла, бо вайна – гэта пытанне бяспекі. Калі краіна думае пра тое, каб не прыязджалі агенты, рызыкоўныя элементы, нейкія злачынцы, яны пачынаюць завастраць сваю міграцыйную палітыку. Але яны завастраюць не супраць беларусаў, яны завастраюць супраць усіх замежнікаў».
У гэтым, мяркуе Вячорка, якраз можа палягаць праблема: беларусаў не адрозніваюць ад іншых замежнікаў, яны праходзяць праз звычайныя міграцыйныя працэдуры.
Праблемы ў Польшчы асабліва заўважныя, бо там шмат беларусаў, і беларусам гэтая краіна «больш важная і блізкая». Але кіраўніцтва Польшчы, запэўнівае ён, ведае пра праблемы беларусаў:
«Я думаю, што новая сесія пасля вакацыяў у Сейме, Сенаце дасць нам магчымасць гэтае пытанне падняць», – сказаў Вячорка.
Ціханоўская, расказаў ён, паўтара тыдня таму сустракалася з польскім сенатарам Гжэгажам Схэтынам і абмяркоўвала, што можна зрабіць для легалізацыі беларусаў на ўзроўні польскага парламенту. Але змены на ўзроўні парламенту вымагаюць часу – а такіх умоваў, як да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, ужо не будзе, прагназуе Вячорка.
Пытанне легалізацыі ў пэўным сэнсе завастрыў рагачоўскі актывіст Дзяніс Дашкевіч. Ён кажа, што пісаў некалькі эмацыйных прыватных паведамленняў праваабаронцам наконт сваіх праблемаў з легалізацыяй і спосабаў звярнуць увагу на гэтыя праблемы – маўляў, «што рабіць, трэба выкрасці дзяцей Ціханоўскай?» Гэтыя паведамленні неяк трапілі да беларускіх прапагандыстаў – і тыя распавялі, што актывіст «рыхтаваў тэракт».
«Рэжым паводзіць сябе як гопнік, які карыстаецца ўразлівасцю людзей, – сказаў Вячорка пра пагрозы «тэрактам». – Яны атрымалі гэтую інфармацыю, гэтае ліставанне – хто зліў, мы не разумеем. Скарысталіся гэтым, каб зладзіць гульню з Польшчаю».
Гэтымі словамі актывіста, сказаў Вячорка, беларуская дзяржаўная прапаганда скарысталася, каб паказаць: «Вось! Гэта вынік таго, як Польшча ставіцца да беларусаў!» Затым гэта падхапілі расейскія тролі і боты, якія намагаліся паказаць слабасць становішча беларусаў за мяжой і ўдарыць у тым ліку асабіста па Ціханоўскай.
Вячорка заклікаў беларусаў, якія ў цяжкім становішчы, асабліва ў дэпрэсіі, звяртацца да праваабаронцаў, юрыстаў і іншых, хто можа прафесійна пракансультаваць і нешта параіць. А таксама не пісаць лішняга невядомым людзям.
