Напярэдадні 4 жніўня, калі заканчваецца тэрмін дзеяння механізму, які дазваляў замежнікам ва Украіне абменьваць пасведчанні на часовае пражыванне, у Кіеве адбылася прэс-канферэнцыя пра праблемы беларусаў з пратэрмінаванымі пашпартамі.

Намесніца прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі па сацыяльнай палітыцы Анастасія Махамет заявіла, што вяртанне беларусаў з Украіны ў Беларусь дзеля атрымання новага пашпарта не можа разглядацца як бяспечнае рашэнне:
– Як будзе рэагаваць беларускі бок на вяртанне людзей, мы ніколі не ведаем. Так, людзі ездзяць у Беларусь, каб замяніць пашпарты, гэта праўда. Але кожнага разу, калі чалавек гэта робіць, ён рызыкуе ўласным жыццём.

Сярод магчымых крокаў, якія маглі б дапамагчы беларусам захаваць легальны статус ва Украіне, Махамет назвала адтэрміноўку ўступлення новых патрабаванняў, магчымасць выкарыстоўваць пратэрмінаваныя беларускія пашпарты для пацвярджэння асобы, а таксама стварэнне асобнага механізму легалізацыі:
– Што датычыць людзей, якія зараз павінны замяніць дакументы, то тут патрэбнае тэрміновае рашэнне, каб адтэрмінаваць гэтую дату – да 6 жніўня ніяк немагчыма паспець. Ужо ёсць законапраект, які распрацоўвае дзяржаўная міграцыйная служба. Яны хочуць увесці нейкі часовы механізм дакументавання для гэтых людзей.
Паводле ўкраінскай міграцыйнай службы, праблема можа закрануць каля трох тысяч беларусаў, якія маюць часовыя пасведчанні на пражыванне ва Украіне. Частка з іх праз немагчымасць атрымаць новыя пашпарты рызыкуе апынуцца без законных падставаў для знаходжання ў краіне.
