У сённяшні час пратэстаў, рэпрэсій і вайны паэзія загойвае раны і траўмы людзей, паэты і паэткі раней за філосафаў і празаікаў рэагуюць на выклікі часу. У новым выпуску размоваў пра беларускую і сусветную літаратуру Андрэй Хадановіч падрыхтаваў ТОП-5 лепшых кніг сучасных беларускіх паэтак.
Наста Кудасава «Побач»
Магчыма, менавіта Наста напісала самы знакаміты тэкст часу пратэстаў і рэпрэсій 2020 года. Тэкст, у якім прыслухоўваецца да імені, якое зрабілася злавесным праз следчы ізалятар на вуліцы Акрэсціна. Разам з тым сам Акрэсцін — лётчык, які самаахвярна загінуў на вайне для перамогі святла над цемрай. Але лёс сённяшняй установы так перайначыў гэта імя, што мы разумеем, што цемрай зноў запаволіла, а сам подзвіг у хвіліну адчаю здаецца марным.
Марыя Мартысевіч «Водападзел»
Мартысевіч працуе не з адной інтанацыяй ад пачатку да канца, а, так бы мовіць, на кантрасце: сутыкаючы не сутыкальнае і сумяшчаючы не сумяшчальнае, пераскокваючы з высокіх рэгістраў у нізкія, смеючыся там, дзе банальная рэакцыя падказвае плач і наадварот. Любоў да гэтых вершаў патрабуе большай працы і падрыхтоўкі.
Вальжына Морт «Песні для мёртвых і ўваскрэслых»
Вальжына працуе на стыку розных культур і моў. Вальжына Морт — двухмоўная аўтарка беларускай і англійскай моў, гэта аўтарка, якая нясе сваю беларускую ідэнтычнасць у амерыканскую культуру, а на тэрыторыю беларускай мовы і традыцыі кантрабандай працягвае іншыя спосабы светабачання і паэтычнага пісьма. Творачы так, як да яе ў беларускай паэзіі не рабіў ніхто.
Юлія Цімафеева «Воўчыя ягады»
Цімафеева напісала колькі балючых і вострых тэкстаў пра пратэсты і рэпрэсіі, пра гвалт і прымус, пра турму і карнікаў, пра новыя абліччы беларускага фашызму. Так склалася, што Юля на ўзроўні сем’і сутыкнулася з карнікамі і рэпрэсіямі. Яе родны брат, музыка гурта Indorath Пятро Марчанка быў арыштаваны, атрымаў 1,5 гады калоніі і дзень у дзень адседзеў свой тэрмін.
Ганна Янкута «Канстытуцыя»
Янкута звяртае ўвагу на ўнікальную хваробу Куру, якой хварэюць толькі людажэры. Хвароба небяспечная і невылечная. Тэкст паэткі свайго роду даследаванне беларускай немачы, на якую хварэюць канібалы, якія выраслі на шыі беларускіх падаткаплатнікаў у гэтыя дзесяцігоддзі. Выраслі ў вялізнага монстра, але дарэмна думаць пра сваю беспакаранасць. Эпідэмія, якая прыходзіць да людажэраў, бязлітасная і невылечная.