У Менскім абласным судзе 12 верасьня пачынаецца новы працэс у справе салідарнасьці з палітвязьнямі.
12 верасьня ў Менскім абласным судзе пачынаецца працэс над Інай Плахатнюк, якую судзяць, як мяркуюць праваабаронцы «Вясны», за падтрымку палітвязьняў.
Жанчыну абвінавачваюць па артыкуле 361-4 («Садзеяньне ў экстрэмісцкай дзейнасьці»), ёй пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.
Пра Іну Плахатнюк вядома, што ёй 49 гадоў, яна з Салігорску. Паводле праваабаронцаў, жанчыну затрымалі ў канцы студзеня падчас рэйду сілавікоў па грамадзянах, якія ў межах ініцыятывы INeedHelp праяўлялі салідарнасьць з палітвязьнямі.
Паводле праваабаронцаў, 23-24 студзеня ў Беларусі затрымалі каля 200 чалавек, больш за 20 зь іх прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці, над некаторымі ўжо ідуць суды.
Справу Іны Плахатнюк разглядае судзьдзя Алена Бачышча.
Агулам судзяць 16 жанчын, у СІЗА — каля 30
На мінулым і гэтым тыднях масава праходзяць суды над затрыманымі ў студзені. Паводле «Вясны», жанчынам, як правіла, прызначаюць да 3 гадоў калёніі. Так, за студзеньскі рэйд ужо асудзілі Ірыну Такарчук, Алесю Сергеенку, Алену Дземянчук, Надзею Лескавец, Натальлю Харытонаву-Крыжэвіч.
Паводле інфармацыі «Вясны», у верасьні за салідарнасьць з палітвязьнямі ў Беларусі судзяць як мінімум 16 жанчын. Прававабаронцы паведамляюць, што цяпер каля 30 чалавек цяпер утрымліваюцца пад вартай у СІЗА. Амаль усе — жанчыны, большасьць зь якіх ва ўзросце больш за 50 гадоў. Супраць затрыманых заведзены крымінальныя справы за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу. Па гэтым артыкуле затрыманым пагражае да 7 гадоў калёніі.
Нягледзячы на тое, што яны рабілі гэта па ўласным жаданьні і з уласных грашовых сродкаў, іх абвінавачваюць у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці». Сутнасьць абвінавачваньня ў тым, што яны нібыта бралі інфармацыю аб палітвязьнях на рэсурсах, прызнаных у Беларусі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі». Гаворка ідзе пра інтэрнэт-рэсурсы праваабарончых арганізацый і ініцыятываў, якія публікавалі заклікі да падтрымкі палітвязьняў.
Справа INeedHelpBY
Адной з прычын ператрусаў, допытаў і затрыманьняў 23 студзеня 2024 году стала дапамога сем’ям палітвязьняў з прадуктовымі перадачамі празь Е-дастаўку ад ініцыятывы INeedHelpBY, а таксама дапамога палітвязьням, якія цяпер у няволі. Большасьць з тых, хто трапіў пад перасьлед, — жанчыны і сваякі палітвязьняў. Частку зь іх асудзілі паводле адміністрацыйных артыкулаў, на некалькі дзясяткаў чалавек завялі крымінальныя справы.
Так, паводле зьвестак праваабаронцаў, сама меней 126 чалавек падпалі пад судовы адміністрацыйны перасьлед паводле арт. 24.15 КаАП (за «выкарыстаньне замежнай дапамогі для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці») з пачатку лютага 2024 году па ўсёй Беларусі. Гэты адміністрацыйны артыкул раней у Беларусі не выкарыстоўвалі, адзначаюць праваабаронцы, новую рэпрэсіўную практыку сталі актыўна выкарыстоўваць супраць сем’яў палітвязьняў.
Прыкладна супраць 30 чалавек завялі крымінальныя справы за тое, што падтрымлівалі палітвязьняў невялікімі грашовымі пераводамі і перадачамі.
- Масавы рэйд сілавікоў па кватэрах тых, хто дапамагаў сем’ям палітзьняволеных прадуктовымі наборамі праз інтэрнэт-пляцоўку «Е-дастаўка» сеткі крамаў «Эўраопт» у рамках ініцыятывы «INeedHelpBY» (16 студзеня прызнаная экстрэмісцкім фармаваньнем), адбыўся 23 студзеня.