Улады не адстаюць ад актывіста, якога штрафавалі за фота з Дудам, — гэтым разам яму забаранілі распараджацца ўласнай кватэрай

Рагачоўскаму актывісту Дзянісу Дашкевічу, вядомаму па адміністрацыйнай справе за фота з польскім прэзідэнтам Анджэем Дудам, забаранілі распараджацца кватэрай. Пра гэта ён паведаміў «Люстэрку». Мужчына лічыць, што ягонае жыллё арыштавалі. Юрысты кажуць, што пакуль гэта не так, але справа ўсё ж можа дайсці да арышту — нядаўна ўлады актыўна ўзяліся за маёмасць нязгодных з іх палітыкай. Расказваем падрабязнасці і тлумачым, што значыць такая забарона.

Актывіст з Рагачова Дзяніс Дашкевіч. Фота: «Рагачоў Анлайн»

У канцы жніўня Дашкевічу выдалі паведамленне са Жлобінскага філіяла Гомельскага агенцтва па дзяржрэгістрацыі і зямельным кадастры. Як расказвае мужчына, дакумент (яго фота ёсць у рэдакцыі «Люстэрка») яму перадалі знаёмыя. У ім гаворыцца, што 22 жніўня судовая выканаўца па Рагачоўскім раёне Вікторыя Буднік выдала прадпісанне на забарону ажыццяўлення рэгістрацыйных дзеянняў у дачыненні да яго кватэры ў Рагачове. І ў адпаведнасці з законам гэтая забарона зарэгістраваная ў Жлобінскім філіяле Дзяржкамітэта па маёмасці. Падпісаны дакумент рэгістратарам нерухомасці Антонам Ярошыным.

Сам актывіст, як і раней, праз пераслед знаходзіцца ў Польшчы, але ў Беларусі застаюцца ягоная жонка і дзеці — усе яны жывуць у той самай кватэры, пра якую ідзе гаворка ў паведамленні.

Што значыць забарона на рэгістрацыйныя дзеянні?

Дашкевіч выказаў здагадку, што на ягонае жыллё накладзены арышт. Аднак прэзідэнтка Беларускай асацыяцыі адвакатаў па правах чалавека Марыя Колесава-Гудзіліна тлумачыць, што гэта не так.

— Не варта блытаць арышт і забарону на ажыццяўленне рэгістрацыйных дзеянняў у дачыненні да нерухомай маёмасці. Пры такой забароне маёмасць, у гэтым выпадку жыллё, па-ранейшаму належыць чалавеку, але ён не можа яго прадаць, падараваць, аформіць адчужэнне і гэтак далей. Імаверна, там ёсць нейкі грамадзянскі пазоў ці штраф, бо судовы выканаўца накладвае такое абмежаванне, — у чым прычына, трэба высвятляць у гэтага выканаўцы, — расказала Гудзіліна ў каментары «Люстэрку».

На пытанне, ці можа такая забарона ў выніку прывесці да арышту кватэры актывіста, у выніку чаго ён страціць жыллё, адвакатка адказала так:

— Такое можа быць, а можа і не здарыцца. Для арышту ў чалавека мусіць быць іншае жыллё. Калі гэта адзінае, то не мусяць. Але, як паказала практыка, у нашай краіне можа быць усё.

Пра незаконнае забіранне жылля праўладнымі структурамі «Люстэрку» ўжо расказвала Крысціна Рыхтэр, экс-дарадца Святланы Ціханоўскай па юрыдычных пытаннях. У дадатку да Закона «Пра выканаўчую вытворчасць» ёсць пералік маёмасці, якая не можа быць канфіскаваная. У яго першым пункце выразна сказана, што нельга забраць жыллё, у якім пастаянна жыве даўжнік ці яго сям’я. Аднак улады канфіскавалі і прадалі на аўкцыёне кватэры Ціханоўскіх і Цапкалаў, нягледзячы на тое, што ў іх былі зарэгістраваныя няпоўнагадовыя дзеці палітыкаў. То-бок канфіскацыя нерухомай маёмасці была незаконнай.

Сцяг Дня польска-венгерскага сяброўства. Фота ўзятае з сайта www.800lat.piotrkow.pl

Як расказаў «Люстэрку» Дзяніс Дашкевіч, для яго сям’і гэта адзінае жыллё. Рагачовец пацвердзіў, што ў яго сапраўды ёсць непагашаныя штрафы пасля некалькіх «адміністратывак», па якіх яго судзілі. Вядома, што ў траўні 2023-га Дзяніса аштрафавалі на 720 рублёў за публікацыю фота з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам на фоне сцяга польска-венгерскага сяброўства, які падаўся суду падобным да БЧБ.

Да гэтага, у траўні, рагачоўская «раёнка» пісала, што Дашкевічу, «аматару прыдумляць небыліцы і пісаць гадасці ў інтэрнэце», выставілі абвінавачанне за абразу службовай асобы падчас выканання ёю службовых паўнамоцтваў. «Падчас судовага паседжання віна была цалкам даказаная», і актывіста зноў пакаралі штрафам — на 925 рублёў.

Сам мужчына кажа, што агульная сума штрафаў можа складаць да 2500 рублёў.

Нагадаем, Дзяніс Дашкевіч — 39-гадовы актывіст з Рагачова, больш за дзесяць гадоў вёў рэгіянальны рэсурс «Рагачоў Анлайн», які закрыў у 2023 годзе. З 2017-га мужчына працаваў дырэктарам Палаца культуры ў раёне, у 2020-м быў звольнены за ўдзел у страйку. Каля двух гадоў ён жыве ў Польшчы. У жніўні мінулага года на Дашкевіча завялі крымінальную справу за абразу Лукашэнкі.

Што ўвогуле адбываецца з жыллём тых нязгодных, якія з’ехалі

Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: Efrem Efre, pexels.com

У траўні на дзяржканале АНТ паказалі сюжэт, у якім сілавікі адбіраюць кватэры беларусаў, якія з’ехалі. Прапагандысты заявілі, што ад заклікаў беларусаў-эмігрантаў уводзіць санкцыі краіне наносіцца шкода, а кампенсаваць яе будуць «эканамічнымі мерамі» — адбіраннем маёмасці. Тады, да прыкладу, стала вядома пра арышт кватэры дачкі Паўла Латушкі Яны Латушка, гісторыка Віктара Якубава, каардынатара кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Змітра Бандарэнкі, былога слесара Магілёўскага мясакамбіната Андрэя Тупоўскага і многіх іншых.

Усяго па справе «беларусаў замежжа» праходзіць больш чым сто чалавек. Дарэчы, у адрозненне ад сітуацыі Дашкевіча, у гэтым працэсе фігуруюць «цяжкія» крымінальныя артыкулы 361−1 (Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім) і 369−1 (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь). І грашовыя пакаранні ў іх адпаведныя: у першым выпадку пагражае штраф ад трыццаці да тысячы базавых велічынь — то-бок ад 1200 да 40 тысяч рублёў. А ў другім верхняя планка наогул касмічная — 50 тысяч базавых, то-бок два мільёны рублёў.

Таксама ў чэрвені ў Гродне арыштавалі кватэру Сяргея Верамеенкі і яго жонкі Вольгі. Верамеенка — актывіст і бізнесовец, палітэмігрант. Яны з жонкай — заснавальнікі крамы «Адметнасць», якую ў сакавіку КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фарміраваннем». Пазней СК у Беларусі пачаў спецвытворчасць у дачыненні да Вольгі і Сяргея.

Некалькі месяцаў таму на беларуску, якая жыве ў ЗША і пяць гадоў не была на радзіме, завялі палітычную «крыміналку». Па гэтай справе наклалі арышт на лецішча пажылых бацькоў жанчыны, якое зарэгістраванае на яе. Хоць яна прызнаная абвінавачанай, расказвала жанчына, бок абвінавачання з ёй не звязваўся, дэталі справы ёй невядомыя, бо сваякам выдалі падпіскі пра неразгалошанне.

Улады адбіраюць жыллё актывістаў і тых, хто трапіў пад каток рэпрэсій і іншымі шляхамі. Экс-палітвязень Віктар Пархімчык расказваў пра калегу, якога таксама прыцягвалі за «палітыку», а пасля яго ад’езду анулявалі ўгоду куплі-продажу кватэры, хоць новыя ўладальнікі паспелі зрабіць рамонт і ўладкаваць дзяцей у найбліжэйшы дзіцячы садок. У Крысціны Кашыцкай, якая з’ехала са Жлобіна, сельсавет спрабуе адабраць участак і дом на падставе таго, што той нібыта стаіць без нагляду і зарастае травой. На будаўніцтва дома жанчына з мужам бралі крэдыт, які выплачваюць дагэтуль, а сам участак яе муж набыў яшчэ да вяселля.

zerkalo.io