Юрка Хмялеўскі, галоўны рэдактар Czasopis’а, падзяліўся сваімі назіраннямі пра сёлетні фестываль Tutaka.
Вечарам з Вострава пад’ехаў я ў Гарадок, каб заглянуць у Барык, дзе пачаўся якраз чацвёрты фестываль Tutaka. Праграма сёлетняга выпуску была вельмі насычанай. На працягу трох фестывальных дзён арганізатары з фонду з такой жа назвай падрыхтавалі мноства розных падзей. Гэта не проста музычны фестываль, як легендарнае Басовішча, якое ў гэтым месцы шумела ад 1990 да 2019 г. Апрача канцэртаў у праграме былі дыскусіі, майстар-класы, паказы фільмаў, спектаклі, нават спартыўныя мерапрыемствы. Усё гэта на звыш дзесяці пляцоўках.
У тыя дні стаяла летняя спякота. Яшчэ пасля 20-й гадзіны было даволі горача. Так як заўсёды адразу накіраваўся я ў бок галоўнай сцэны. Праўда, стаяла ў тым жа месцы, але ўжо на голай зямлі. Не было таксама лавачак і таго характэрнага драўлянага падстрэшка, у якім падчас Басовішча многія гады прадавалі піва, а пасля моладзь гуляла там на начных дыскатэках „Проста танцуй”. Аднаго разу навезлі там нават пяску і зрабілі штосьці накшталт пляжу. Тую віяту пабудавалі яшчэ пры камуне. Адбываліся там штогадовыя беларускія народныя фэсты і нават першы выпуск Басовішча.
Уся гэтая „інфраструктура” напрадвесні была цалкам знесена. Калі быў я дырэктарам гарадоцкага дому культуры, помню, войт і радныя ў Барыку хацелі пабудаваць сучасны амфітэатр з усялякімі выгодамі для выканаўцаў і публікі, а паляну мелі абгарадзіць шчыльным плотам. Галоўнай перашкодай было тое, што гміна ніколі не была ўласнікам гэтага месца, толькі надлясніцтва. Шмат гадоў вяліся перамовы. Была пачатая нават адміністрацыйная працэдура, каб Барык стаў уласнасцю гміны (узамен за нейкае поле пад лес). На такое ў міністэрстве ў Варшаве, куды ўрэшце трапіла справа, не надта пагаджаліся. У Барыку растуць векавыя сосны, якіх – прынамсі некаторыя – трэба было б пад такую інвестыцыю зрэзаць. І наогул амфітэатр у такім месцы парушыў бы яго натуральны характар, багацце прыроды і экалогіі.
Гарадоцкія ўлады на чале з войтам меркавалі нават падаць заяўку на фінансаванне такога праекту з грошай Еўрасаюза. Залежыла ім перад усім палепшыць у такі спосаб умовы не так для Басовішча, якога арганізатар звонку, як Сяброўскай бяседы – найбольшай гміннай імпрэзы, якая цяпер адбываецца ўжо ў іншым месцы, над штучным азярцом у Зарэчанах.
Цяперашні фестываль Tutaka розны ад Басовішча не толькі таму, што Барык вярнуўся да выгляду звычайнага лесу. Гучная надалей, гэтая імпрэза ў параўнанні з папярэдняй крыху… нетутэйшая. З 1990 году кожны раз у ліпені з’язджалася тут вялікая колькасць беларусаў з-за ўсходняй мяжы. Але заўсёды даволі шмат было і тутэйшых з Гарадка, Беластока і ўсяго Падляшша, нават з Польшчы. Тым часам на Tutaku прыбываюць амаль адны беларусы з дыяспары. З Беластока, розных гарадоў Польшчы, таксама з Літвы, Германіі, Бельгіі, Даніі, Швейцарыі…
Ідучы па фестывальным Барыку чуў я найчасцей рускую мову, толькі зрэдку беларускую. Польскай не чуў амаль увогуле. Ад нас пабачыў толькі пару асоб і амаль нікога з Гарадка. У такой – крыху не сваёй – кампаніі пабываў на канцэрце Аляксандра Памідорава, які пасля 21-й запачаткаваў музычную праграму. Яго песні гучалі даволі сумна. Запамяталіся словы: „…усе пераможцы святкуюць паразу”.
Канцэрт так як іншыя знакаміта вяла Крысціна Дробыш. Перад выступам Памідорава запрасіла яна на сцэну галоўнага арганізатара – старшыню фонду Tutaka Паўла Станкевіча. Між іншым праінфармаваў ён, што сёлета былі ўведзены налепкі для тых, хто не хоча трапляць на фота. Спачатку я падумаў, што такое запатрабаванне закону (o ochronie danych osobowych). Аказваецца, прычына была іншая. У лукашэнкаўскай Беларусі Tutaka прызнана як экстрэмісцкая арганізацыя. Сілавікі затрымалі тры асобы, якіх распазналі на фота з мінулага фестывалю.
Так як і год таму ў фестывалі прыняла ўдзел таксама лідарка беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская. На другі дзень была з ёю кароткая сустрэча і прамаўляла са сцэны – ужо галоўнай, вялікай – падчас афіцыйнага адкрыцця вячэрніх канцэртаў. Разам з ёю стаялі там яе намеснік Павел Латушка, віцэ-ваявода Ева Кулікоўская, віцэ-прэзідэнт Беластока Рафал Рудніцкі і войт Гарадка Веслаў Кулеша. Ціханоўская сказала, што „мы – нацыя цяпер партызанаў, творцаў і герояў, а нашая творчасць – зброя супраць рускага свету”. Яна падзякавала таксама нам – беларусам Падляшша за захаванне беларускай культуры, а польскім уладам за тое, што „раздзяляюць рэжым і народ”.
Адной з мэтаў фестывалю ёсць аб’яднаць беларусаў – беларускую меншасць і эмігранцкую дыяспару. Таму арганізатары заўсёды намагаюцца, каб у праграме фестывалю заўсёды былі таксама падляшскія акцэнты. Тым больш, што фінансуе яго між іншым польскае міністэрства з думкай пра utrzymanie i rozwój tożsamości kulturowej mniejszości białoruskiej. Аказваецца, у прынятай арганізатарамі формуле, што на першым плане стаўляе „абуджаных”, месца для нас няшмат, хіба што ў выглядзе публікі і то толькі тэарэтычна як відаць. У гэтым годзе былі два такія акцэнты. У адным з канцэртаў выступіў гайнаўскі гурт „Вандроўнік”, а пра сваю навейшую кніжку распавядала Анэта Прымака-Онішк з падсакольскай Хмялеўшчыны, дзе жыве.
У арганізатараў і ўдзельнікаў фестывалю штораз менш аптымізму калі гаварыць пра чаканыя змены ў Беларусі. Паслядоўнасцю такіх настрояў ёсць абмежаванне ў Польшчы і Еўропе фінансавання дзейнасці беларускай дыяспары. Павел Станкевіч адкрываючы сёлетні выпуск Tutaki паведаміў, што некалькі дзён раней адмовіўся галоўны спонсар. Таму будучыня фестывалю, як пасля напісаў у Інтэрнэце, цяпер „пад сумневам”.
Беларусы, што пасля падзей 2020 г. з’ехалі за мяжу, наўрад ці назад вернуцца. – З кожным годам усё больш складана пра гэта думаць, – сказаў мне адзін з удзельнікаў фестывалю. – Мае дзеці ходзяць у школу, вывучылі ўжо польскую мову, кірыліцы зусім не ведаюць, – патлумачыў і дадаў, што для дзяцей эмігрантаў, на жаль, мала магчымасцей калі гаварыць пра беларускую адукацыю.
З доўгім прабываннем у Польшчы пагадзіўся ўжо таксама пражываючы ў Беластоку сябра і пастаянны чытач „Часопіса” Кастусь Шыталь. Год таму пасля вяртання з Tutaki апублікаваў ён на MOST Media рэпартаж, у якім між іншым апісаў свае ўражанні з Гарадка, што на вуліцы не пачуў ён ні разу, каб хтосьці гаварыў па- беларуску. Прызнаўся, што трохі быў у шоку паколькі дагэтуль думаў, што Басовішча арганізавалася менавіта там, бо гэта месца, дзе моцна трымаецца беларушчына і беларуская мова. Цяпер нядаўна ў Фейсбуку прызнаўся, што „вяртання да дому няма, таму ў мяне будзе шмат часу, каб папрактыкавацца ў польскай мове…”.
Калі чую такія песімістычныя выказванні, прыгадваюцца мне словы Сакрата Яновіча, які даўно ўжо сказаў, што змены ў Беларусі могуць адбыцца нечакана, калі нават ніхто гэтага раней не ўсведамляў.
Хаця пісьменнік з Крынак усё-такі не дачакаўся перамен у Беларусі, не абазначае гэта яшчэ, што іх ніколі не будзе. Яго словы актуальныя надалей, бо змены могуць адбыцца ў любы момант. Асабліва непрадбачальны сённяшні час, калі ідзе вайна ў Украіне і невядома чым яна скончыцца. І якія будуць яе паслядоўнасці. Бо яны будуць. Таксама для Беларусі.
Таму, сябры, не падайма духам!