За 2022 год прэмію атрымала Наста Кудасава за кнігу «Побач» (выдавецкая ініцыятыва «Skarynyčy»). За 2023 год прэмію атрымала Ганна Шакель за кнігу «Цела мігдалу» (выдавецкая ініцыятыва «Вільма»).
Пра гэта паведамляе penbelarus.org.
Найлепшая паэтычная кніга 2022 года «Побач» — Насты Кудасавай!
Наста Кудасава — паэтка, перакладчыца. Аўтарка кніг паэзіі «Лісце маіх рук», «Рыбы», «Маё невымаўля», «Вясна. Вуснам цесна», «Побач», «Я працягваю». Атрымала прэмію Беларускага ПЭНа «Кніга году-2016» за зборнік «Маё невымаўля», прэмію «Празрысты Эол» (2018) у намінацыі «Найлепшая паэтычная публікацыя года», літаратурную прэмію імя Міхася Стральцова ў 2021 годзе.
Кніга «Побач» — гэта ілюстраваны збор вершаў, які распавядае пра адзіноту і надзею, пра пошук сябе і радзімы ў шалёных варунках рэчаіснасці. Нітуючы асабістае і гістарычнае, моўнае і візуальнае, зборнік паказвае шматаблічны свет растрывожанага сучаснасцю чалавека: ад роспачы і зняверанасці да захаплення жыццём.
Найлепшая паэтычная кніга 2023 года: «Цела мігдалу» Ганны Шакель!
Журы прэміі імя Наталлі Арсенневай абвясціла перможцу за 2023 год. Ёй стала Ганна Шакель з кнігай «Цела мігдалу».
Ганна Шакель — беларуская паэтка і перакладчыца. Нарадзілася ў 1998 годзе ў Маладзечне. Атрымала адукацыю ў МДЛУ. Навучалася ў Беларускім Калегіюме і Школе маладога літаратара «W/Rights». Публікавалася ў выданнях «Маладосць» і «Дзеяслоў». У 2022 годзе творы Ганны Шакель увайшлі ў «Анталогію паэтак. Выбранае Вальжынай Морт». Асобныя творы перакладзеныя на англійскую, нямецкую, украінскую, нарвежскую мовы.
У дэбютнай кнізе «Цела мігдалу» паэтка даследуе чалавечую душу і яе шлях праз род, карані і памяць; паэзія ў гэтым зборніку — спосаб гаварыць пра мінулае, якое не дае спакою… Творы ў кнізе ствараюць цэльны наратыў, у цэнтры якога — канцэнтраваная беларуская рэфлексія над сабой і светам.
Сёлета ў складзе журы былі:
Дар’я Бялькевіч — паэтка, перакладчыца песень. Яе першы паэтычны зборнік вершаў «Слёзы на вецер» атрымаў прэмію Наталлі Арсенневай за 2021 год.
Міраслава Лукша — журналістка, пісьменніца і перакладчыца, аўтарка кніг паэзіі і прозы.
Аляксандр Распапоў — славіст, літаратуразнаўца, перакладчык, доктар гуманітарных навук, дацэнт Інстытута ўсходнеславянскай філалогіі ва Універсітэце імя Адама Міцкевіча. Сябра Славістычнай камісіі Польскай акадэміі навук і Еўрапейскага філалагічнага таварыства.
Андрэй Хадановіч — паэт, перакладчык, літаратуразнаўца, пераможца прэміі імя Наталлі Арсенневай за 2019 год.