Дыскусія ў ААН: «Дайце выказацца ахвярам – палітычным зняволеным у Беларусі і іх будучыні»

Леанід Судаленка пад час працы 57-й сесіі Савета ААН па правах чалавека

Пад час працы 57-й сесіі Савета ААН па правах чалавека Літоўскі ўрад пры падтрымцы шэрагу еўрапейскіх краін і ЗША арганізаваў дыскусію “Дайце выказацца ахвярам-палітычным зняволеным у Беларусі”.

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае пагаршацца. Як адзначала ў апошніх дакладах Спецыяльная дакладчыца па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі спадарыня Анаіс Марын, рэпрэсіўныя меры накіраваныя супраць грамадзян Беларусі як унутры краіны, так і за яе межамі, закранаючы шырокі спектр правоў чалавека. Эксперты ААН заклікалі беларускія ўлады памілаваць або змякчыць прысуд усім зняволеным паводле палітычна матываваных абвінавачванняў. Некалькі затрыманых былі падвергнутыя прымусоваму псіхіятрычнаму лячэнню, яны пакутуюць хранічнымі, вострымі або цяжкімі захворваннямі. У спіс уключаны асобы з абмежаванымі магчымасцямі.

Дыскусію мадэраваў Віціс Юрконіс з арганізацыі “Freedom House”. Сваё бачанне пошукаў спосабаў аднаўлення справядлівасці ахвярам беларускага рэжыму выказалі праваабаронца “Вясны” Леанід Судаленка, былая палітзняволеная і сябра Каардынацыйнай Рады Алана Гебрэмарыям, жонка беларускага палітвязня Эдуарда Пальчыса Вікторыя Пальчыс.

У прэс-рэлізе, распаўсюджаным арганізатарамі сайд-івэнту, у прыватнасці, адзначаеццца:

“3 лютага 2023 года Вярхоўны камісар па правах чалавека Фолькер Цюрк прыйшоў да высновы, што некаторыя з парушэнняў могуць быць прыроўненыя да злачынстваў супраць чалавечнасці, як яны вызначаны ў міжнародным звычайным праве. 20 сакавіка 2024 года ён паведаміў, што ўрад Беларусі, магчыма, здзейсніў “злачынства супраць чалавечнасці ў выглядзе пераследу”. На жаль, Вярхоўны камісар таксама сказаў, што па-ранейшаму няма разумных падстаў чакаць, што правасуддзе будзе адноўлена ў сувязі з парушэннямі правоў чалавека, здзейсненымі ў Беларусі цяперашнімі беларускімі ўладамі. Рэпрэсіі ў дачыненні да тых, хто выказвае нязгоду з рэжымам, у Беларусі працягваюцца, а ўзровень крымінальнага пераследу застаецца трывожна высокім”.

Па стане на 12 верасня 2024 года 1347 чалавек былі прызнаныя зняволенымі па палітычных матывах. Палітычным зняволеным не даюць мець зносіны са сваімі сем’ямі і адвакатамі. Многія блогеры, бізнесмены, удзельнікі прэзідэнцкай кампаніі і мірныя пратэстоўцы ўтрымліваюцца ў турмах толькі таму, што яны не пабаяліся рэалізаваць сваё права на мірныя сходы, выказванне свайго меркавання і ўдзел у палітычнай дзейнасці. Большасць з гэтых людзей сталі ахвярамі палітычна матываваных крымінальных пераследаў у сувязі з падзеямі, якія адбыліся падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года”.

Удзельнікі мерапрыемства запрасілі міжнародную супольнасць працягнуць дыскусію з вядучымі арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, прыслухацца да іх патрэб і знайсці шляхі адпраўлення правасуддзя.

Паралельнае мерапрыемства было арганізавана 23 верасня Літоўскай рэспублікай пры падтрымцы Аўстрыі, Бельгіі, Эстоніі, прадстаўніцтва ЕС, Фінляндыі, Францыі, Латвіі, Ліхтэнштэйна, Люксембурга, Манака, Чарнагорыі, Нідэрландаў, Паўночнай Македоніі, Польшчы, Славакіі, Швецыі, Злучанага Каралеўства і Злучаных Штатаў Амерыкі.

spring96.org