Павел Усаў: На гэты раз склалася добрая кан’юнктура

Павел Усаў

Вызваленне Анджэя Пачобута для «Беларускага Радыё Рацыя» пракаментаваў палітычны аналітык Павел Усаў.

Павел Усаў: Адносна таго, што Анджэй Пачобут быў вызвалены, тут хіба нічога няма дадаць. Галоўнае кантэкст дадзенага вызвалення. Гэта ніякі не жэст добрай волі, ці змена палітыкі рэжыму Лукашэнкі. Гэта частка вялікай здзелкі, якая рэалізуецца паміж Вашынгтонам і Менскам. Ну а таксама тут відавочны шпіёнскі след. І своеасаблівая роля расейскага боку. Бо ў аспекце абмена Анджэя Пачабута «пяць на пяць» на беларуска-польскай мяжы таксама былі абмененыя два грамадзяніны Расеі, гэта сведчыць пра тое, што быў чатырохбаковы працэс, у якім свае інтарэсы мела Масква. І таму была магчымасць уключыць Анджэя Пачобута ў гэты спіс. Бо ў папярэднім абмене, два гады таму, ён меўся трапіць у спіс на абмен паміж расейскім бокам і Захадам. І не атрымалася.

РР: Вы маеце на ўвазе «справу Рубцова». Нібыта хацелі на Рубцова абмяняць Пачобута.

Павел Усаў: Так. І вось менавіта ў той час Анджэй Пачобут не трапіў у спіс. Думаю, гэтым разам склалася добрая кан’юнктура. Перадусім узаемаадносіны Менска і Вашынгтона. Нездарма Джон Коўл, спецыяльны прадстаўнік па Беларусі, быў у гэты час у Варшаве. Справа гэтая была таемная. Нейкія вонкавыя сілы на гэта ўплыву не мелі. Інфармацыя з’явілася толькі пасля таго, як гэты працэс быў завершаны.

Тут, яшчэ раз хачу падрэсліць, няма нагоды казаць, што радыкальна змяніліся адносіны ў добры бок паміж Польшчай і Беларуссю. Хаця, пачытаўшы каментары з боку польскіх палітыкаў, з’яўляюцца ноткі аптымізму адносна магчымасці перазагрузкі адносінаў з афіцыйным Менскам. Да якога ўзроўню гэтая перазагрузка адбудзецца пакуль рана казаць. Але відавочныя пазітыўныя змены. І факт таго, што за апошнія тыдні польскі бок не зафіксаваў ніводнай правакацыі на мяжы і нелегальных пераходаў з боку мігрантаў. Гэта звязана з аднаго боку з ушчыльненнем мяжы, але варта таксама падкрэсліць, што беларускі бок намагаецца нейкім чынам залагодзіць адносіны як з Польшчай, так і з Літвой.

racyja.com