Вольга Буланава шмат гадоў працавала бухгалтаркай, а пасля змяніла прафесію і вывучылася на UX-дызайнерку. У маі 2025 года яе арыштавалі.

Вользе Буланавай (у дзявоцтве — Віняцкай) 43 гады. Яна з Бабруйска. Пасля заканчэння мясцовага аграрна-эканамічнага каледжа ў 2004 годзе яна ўладкавалася аператаркай ПЭВМ на Бабруйскую абутковую фабрыку.
Неўзабаве паехала вучыцца ў Мінск. Вольга з 2005 года працавала менеджаркай у кампаніі «Браш Майстар». І паралельна атрымлівала вышэйшую адукацыю на ўлікова-эканамічным факультэце Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.
У 2006 годзе Вольга прыйшла ў кампанію «Лонза». Там яна адпрацавала больш за 11 гадоў, даросшы да пасады намесніцы галоўнага бухгалтара. Паралельна з гэтым, у 2009—2010 гадах, таксама працавала галоўнай бухгалтаркай у іншай фірме.
Аддаўшы фінансам больш за 10 гадоў, Буланава вырашыла кардынальна змяніць жыццё. У 2018—2019 гадах яна прайшла навучанне ў IT Academy і атрымала прафесію UI/UX-дызайнеркі. Пасля знайшла працу ў IT.

Калі меркаваць па сацсетках, яна да самага затрымання жыла ў Літве, але раз на пару месяцаў ездзіла ў Беларусь. У жанчыны ёсць муж і дзіця.
Вольгу арыштавалі 21 мая 2025 года і змясцілі ў СІЗА. Яе асудзілі ў Мінскім гарадскім судзе паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 КК. Па звестках Dissidentby, пераслед звязаны са справай Гаюна.
3 студзеня 2026 года Вользе прысудзілі тры гады калоніі.
