Мы гэта ўжо праходзілі: як 103 гады таму ў эміграцыі адбывалася Першая Ўсебеларуская канфэрэнцыя

Вайна. Беларускія дзеячы, якія называюць сябе Ўрадам, знаходзяцца ў заходніх краінах, дзейнічае Рада. У сталіцы адной з эўрапейскіх дзяржаваў склікаецца Канфэрэнцыя. Гэта не пра 2024 год, а пра 1921. Замест АПК, Каардынацыйнай рады і Вільні з Варшавай – Рада БНР, Прага. Што абмяркоўвалі?

Частка дэлегатаў у Празе

37 беларускіх дэлегатаў зьехаліся ў Прагу 25 верасьня 1921 года. Гэта была насамрэч неблагая прадстаўнічасьць палітычных ініцыятываў, што існавалі на той час у эміграцыі. Нагадаем, за паўгады да падзеяў, якія мы разглядаем, адбыўся так званы Рыжскі мір, які разьдзёр Беларусь на два кавалкі – адзін дастаўся Польшчы Пілсудзкага, другім пачала карыстацца бальшавіцкая дыктатура на Ўсходзе.

З рэзалюцыі Канфэрэнцыі 1921 года:

Сотні лепшых сыноў нашай Бацькаўшчыны сядзяць у бальшавіцкіх i польскіх турмах, церпячы голад i зьдзек над ix нацыянальным пачуцьцём.

Сучаснае становішча беларускага народу нявымоўна цяжкае ня толькі таму, што ён перанёс дзьве страшэнныя вайны, ня толькі таму, што ён цярпеў i да сяго дня церпіць ад чужацкіх акупацый, но яшчэ i таму, што сучасная культурная Эўропа нічым не дапамагла яму падняцца з руін i няволі, i таму, што ўвесь культурны мір заставаўся i застаецца спакойным, калі беларускі народ задыхаецца ў клешчах няволі i голаду.

Становішча беларусоў-уцекачоў у Савецкай Расеі, у бальшавіцкіх турмах i прымусовых табарах, палажэньне беларускіх уцекачоў, вярнуўшыхся ў родны край, знаходзячыхся пад польскай акупацыяй, i тых беларусоў, якія гніюць i паміраюць у польскіх турмах i канцэнтрацыйных табарах Польшчы, нячувана цяжкае i безвыходнае таму, што ні савецкі ўрад, ні польскі не дазваляюць нашым беларускім дабрачынным арганізацыям абсьледаваць ix цяжкае жыцьцё i прыйсьці ім на помач.

Беларуская Нацыянальна-Палітычная Канфэрэнцыя ў Празе зьвяртаецца да ўсіх культурных нацый, да ўсіх грамадзкіх i ўрадовых дабрачынных арганізацый i ўстаноў, i асабліва да Жэнэўскага Чырвонага Крыжа, з просьбай дапамагчы беларускаму народу празь яго дабрачынныя арганізацыі.

А хто ўдзельнічаў?

Сярод тых, хто прысутнічаў, былі знакавыя асобы Беларусі таго часу. Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянэраў (эсэраў) прадстаўлялі сярод іншых Клаўдзій Дуж-Душэўскі (стваральнік эталённага нацыянальнага бел-чырвона-белага сьцягу), Вацлаў Ластоўскі, Язэп Мамонька. Беларускую партыю сацыялістаў-федэралістаў — Васіль Захарка, Канстанцін Езавітаў, Пятро Крачэўскі, Аляксандр Цьвікевіч (спрэс галоўныя асобы – міністры, прэм’ер-міністры Ўрадаў БНР). Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю — Браніслаў Тарашкевіч, Беларускі нацыянальны камітэт у Варшаве — Лявон Дубейкаўскі. Дэлегатамі таксама былі (хутчэй для масоўкі) прадстаўнікі сялянаў, што вялі партызанскую барацьбу ў Заходняй Беларусі, што апынулася ў складзе Польшчы.

Васіль Захарка, прэзідэнт Рады БНР у 1928-1943 гадах

Галоўныя пытаньні на Канфэрэнцыі датычыліся непасрэдна вынікам Рыжскага міру, разглядалася Слуцкае паўстаньне, дзейнасьць непадкантрольнага арганізатарам Станіслава Булак-Булаховіча і шэраг іншых аспектаў.

Праз сем гадоў пасьля Канфэрэнцыі абраны на пасаду прэзідэнта Рады БНР Васіль Захарка ў сваей прывітальнай прамове да Нарады выказваў шчырую падзяку да «прэзыдэнта Масарыка i Ўрада Чэха-Славакіі за дазвол Канфэрэнцыі у Празе». Як сьведчыць стэнаграма, прысутныя віталі гэтыя словы доўгім воклікам «Слава!». Гэтым жа воклікам былі пакрыты словы прывітаньня роднай Беларусі, i выкананы ўсімі прысутнымі беларускі гімн.

Кастусь Езавітаў, прадстаўнік беларусоў Латгаліі i Таварыства «Бацькаўшчына», у сваёй прамове малюе «тые жахі, якія перажывае Беларусь над чужынскімі акупацыямі, дзе забаронена ўсякая вольная думка, дзе прыпынена беларуская культурнапрасьветная праца, а дзеячы тлумяцца турмой i расстрэламі. Частка беларускага народу, жывучая ў Латгаліі i зьяўляючаяся латвійскімі грамадзянамі, дзякуючы талерантнасьці Латвійскага Ўраду, карыстаецца ўсімі правамі нацыянальнай меншасьці».

«Пашкрабі «добрага» расейца…»

Далей выступіў госьць ад расейскіх сацыял-рэвалюцыянэраў Лазараў, які з першых словаў падкрэсьлівае, што ён вітае зьезд ад імя ня толькі вялікарасейцаў, але i ўсіх тых народаў, якія ў 1917 годзе вызваліліся ад царскага прыгнёту. Далей прамоўца зазначае, што «мірнай арганізацыі лёсу Расеі перашкаджае панаваньне новых барбараў-камуністаў; але рух гісторыі ўказвае новы шлях, шлях фэдэрыраваньня з Расеяй вызваленых ад бальшавікоў незалежных народаў. Па гэтаму шляху павінна ісьці i Беларусь i рыхтавацца падрыхтоўчая праца зьезду».

І так стагодзьдзе за стагодзьдзем: разам з «цудоўнай Расеяй будучыні» вам, беларусам (падстаўляем любы іншы народ), будзе лепш.

Рэзалюцыя аб Рыскім трактаце

Канфэрэнцыя

Стоячы на грунце граматы Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ад 25 сакавіка 1918 года, апавесьціўшай незалежнасьць Беларусі ў межах лічэбнай перавагі беларускага народу, Беларуская Нацыянальна-Палітычная Нарада ў Празе, зложаная з прадстаўнікоў беларускіх палітычных партый i нацыянальных арганізацый з-пад усіх цяперашніх акупацый Беларусі, сабраўшыхся ў Прагу, аднаголасна заяўляе:

1. Беларускі народ вёў, вядзе i будзе вясьці барацьбу за незалежнасьць i непадзельнасьць Беларусі;

2. што ўсе ранейшыя пратэсты беларускіх палітычных i нацыянальных арганізацый, у свой час заяўленыя супроць Рыскага трактату, дзелячага Беларусь паміж Расеяй i Польшчай, Нарадай аднагалосна пацьвярджаюцца;

3. Беларуская Нацыянальна-Палітычная Нарада ў Празе заклікае ўсе актыўныя беларускія сілы да самай рашучай рэвалюцыйнай барацьбы ўсякімі маючыміся ў ix распараджэньні спосабамі супроць падзелу Беларусі i заклікае лічыць ворагам беларускага народу кожнага таго, каторы згадзіўся бы прызнаць Рыскі мірны трактат.

Балючае пытаньне Вільні

«Прымаючы пад увагу, што пытаньне дзяржаўнай належнасьці Віленскай тэрыторыі, на якой беларусы складаюць пераважаючаю большасьць, вырашана Лігай Нацый без учасьця прадстаўнікоў беларускага народу i нават без фармальнага азнаямленьня зь яго воляй шляхам свабоднага народнага рэфэрэндуму, Беларуская Нацыянальна-Палітычная Нарада ў Празе, стоячы на грунце абароны правоў народу на яго тэрыторыі, зазначае, што пастанову Лігі Нацый беларускі народ будзе лічыць часовай да моманту скліканьня Найвышшага Заканадаўчага Органу Беларусі, якому едына прыналежыць права ўстанавіць сталыя межы Беларусі.

Пастановы Лігі Нацый, трактуючыя беларусоў у Віленшчыне як нацыянальную меншасьць, зьяўляюцца процівагаворучымі фактам жыцьця, дзеля чаго Нарада рашуча проціў ix протэстуе.

Прызнаваючы Літву за векавога гістарычнага сябра народу беларускага, зь якім звязывае агульнасьць як палітычных, гэтак i эканамічных інтарэсаў, Нарада выражае сваю пэўнасьць, што Беларусь i Літва знойдуць цяпер, як i раней, адпаведныя шляхі добрасуседзкага жыцьця. Слаўная сталіца старога Беларуска-Літоўскага Княства, Вільня, павінна зьявіцца не яблыкам спрэчкі паміж беларускай i літоўскай дэмакратыямі, але фактарам ix аб’яднаньня».

Грузія і Ўкраіна вітаюць беларусаў

Мартос, прадстаўнік украінскіх сацыял-дэмакратаў, «зазначыўшы доўгую барацьбу Ўкраіны за сваю незалежнасьць, падкрэсьлівае, што Беларусь i Ўкраіна самыя блізкія па духу народы, i шчырасьць ix адносінаў дае надзею, што яны змогуць вырашыць свае ўнутраныя адносіны без праліцьця крыві».

Аёла, прадстаўнік грузінскіх сацыял-дэмакратаў, ад імя партыі вітае Нараду i зазначае, што аднальковы лёс выпаў Грузіі i Беларусі: «Грузія, акупаваная чырвонымі штыкамі, усё ж ня губіць веры ў блізкі час свайго асвабаджэньня. Грузінская дэмакратыя пільна сьлядзіць за барацьбой далёкага беларускага народу за сваю незалежнасьць i жадае яму ўсьпеху».

Прамова прадстаўніка Грузіі пакрываецца воплескамі.

Каму кіраваць, нават калі кіраваць фактычна няма чым?

«Прымаючы пад увагу сучасны стан Беларусі, Беларуская Нацыянальна-Палітычная Нарада зазначае:

а) што адзіным заканадаўчым органам Беларусі зьяўляецца Рада БНР, маючая пераемнасьць улады ад Усебеларускага Кангрэсу 1917 года;

б) што адзінай законнай уладай Беларусі зьяўляецца ўрад БНР, маючы мандат ад Рады БНР.

Прымаючы пад увагу, што праца ўраду БНР зьяўляецца адпаведнай тым мэтам, якія прыняты Нарадай, i што ў першую чаргу яна кіруецца да абароны непадзельнасьці i незалежнасьці Беларуci, Беларуская Нацыянальна-Палітычная Нарада пастанаўляе аб’яднаць каля ўраду БНР сілы ўсіх беларускіх партый, арганізацый i груп дзеля дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі».

Агулам канфэрэнцыя мала да чаго прывяла. Розныя падыходы і адсутнасьць сапраўднай дзейнасьці прывялі праз чатыры гады да Другой Усебеларускай канфэрэнцыі, пасьля якой некаторыя адметныя асобы беларускага руху рызыкнулі паехаць у чырвоны рай. Пра іх трагічны лёс ведае амаль кожны.

Павел Хадзінскі, novychas.online