«Ня бачу злачынства, але і мастацтва ня бачу». Што беларускія мастакі думаюць пра дзейнасьць Аляксея Кузьміча

Аляксей Кузьміч. Архіўнае фота

Апошняя гучная акцыя пэрформэра Аляксея Кузьміча з маляваньнем тэстыкулаў у турыстычным месцы Парыжу выклікала неадназначную рэакцыю і францускіх уладаў, і беларускіх калег-мастакоў Аляксея.

20 верасьня 2024 года ад пэрформансу беларускага мастака Аляксея Кузьміча пацярпела знакамітая Вандомская калёна ў Парыжы, якую беларус ператварыў у вялікі фаляс. Акцыю мастак назваў Insemination («Асемяненьне»).

На мастака завялі крымінальную справу за «вандалізм у дачыненьні помніка архітэктуры, які зьяўляецца культурнай спадчынай Францыі», Кузьміча зьмясьцілі ў турму. Неадназначна паставіліся да акцыі мастака і суайчыньнікі.

Андрэй Дурэйка

«Новы эўрапейскі кантэкст»

Мастак, куратар выставаў Андрэй Дурэйка лічыць, што апошнія акцыі Аляксея Кузьміча, безумоўна, зьяўляюцца мастацтвам. Тым больш што сам ён пэўна вызначае, што гэта мастацтва.

«Нават у сваёй прамове ў Варшаве пасьля акцыі на магіле Ван Гога Кузьміч выразна і трапна ўдакладніў, што яго інтарэс сёньня палягае выключна на тэрыторыі мастацтва. Пытаньні сацыяльныя і палітычныя таксама ўваходзяць у кантэкст, але не зьяўляюцца для яго ключавымі на гэтым этапе. Тым больш што мастак напрацаваў ужо шэраг праектаў у Беларусі, Францыі, Італіі», — мяркуе Андрэй Дурэйка.

На думку спадара Дурэйкі, Вандомскі пляц і калёну для сваёй акцыі Аляксей Кузьміч выбраў невыпадкова. Вандомская калёна была ўсталяваная ў 1806 годзе на загад імпэратара Францыі Напалеона ў гонар яго перамогі пад Аўстэрліцам. Для таго, каб вырабіць калёну вышынёй у 44 мэтра, пераплавілі больш за тысячу расейскіх і аўстрыйскіх гармат і ваенных трафэяў, захопленых французамі ў легендарнай бітве.

За гады існаваньня Вандомская калёна зазнала не адзін акт вандалізму. У 1871 годзе яе павалілі на зямлю. Адказнасьць за разбурэньне помніка тады ўсклалі на вядомага «пратэставага» мастака Гюстава Курбэ, кажа Андрэй Дурэйка.

«Дарэчы, Курбэ ўвёў паняцьце „новы рэалізм“ і менавіта яму выставілі вялізны штраф за разбурэньне Вандомскай калёны, які ён так і ня здолеў сплаціць. Гэты помнік аднавіла Француская Рэспубліка. Што тычыцца акцыі на Вандомскай плошчы, Кузьміч паказвае, што ён здольны працаваць з новым эўрапейскім кантэкстам. Гэта для акцыяніста вельмі важная рэч, таму што апошнім часам мы бачым, наколькі хутка зьнікае расейскі акцыянізм. Як расейскія мастакі ня могуць ахапіць новую эўрапейскую сытуацыю, як пазбаўляюцца глебы з-пад ног, наагул перастаюць дзейнічаць.

А пытаньне пра вандалізм, апаганьваньне — гэта бюракратычныя фармальнасьці. Ну трохі фарбы і сьмецьця было. Прыбяруць, гэта не праблема», — мяркуе Андрэй Дурэйка.

Пэрформанс Аляксея Кузьміча на выставе «Прысутнасьць» у Менску, 2019 год

«Прабачце за нецэнзурную лексыку»

Мастак Андрэй Дурэйка праводзіць паралель паміж акцыяй Кузьміча і вайной, якую разьвязала Расея супраць Украіны.

«Прабачце за нецэнзурную мову, але „мерацца х**мі“ — гэта дакладны знак нашага часу, як бы ні выглядала гэта вульгарна і пахабна. Мне падаецца, мастак Кузьміч паказвае, пра што сёньня ідзе гаворка — пра страшэнную вайну ў Эўропе. І вось менавіта гэты фалічны сымбаль паказвае, што прыводзіць да забойстваў. Мне здаецца, гэта такая мэтафара, хоць Аляксей даволі часта зьвяртаецца да фрэйдысцкага эратычнага кантэксту мужчынскай сілы. Нягледзячы на дзёркасьць, гэта акцыя была вельмі іранічнай», — мяркуе Дурэйка.

Ён спадзяецца, што крымінальная справа ў дачыненьні беларускага мастака будзе спыненая, бо ў францускіх уладаў выпрацаваная культура працы з радыкальнымі мастакамі, з радыкальным мастацкім выказваньнем.

«Апошні суд за акцыю на магіле Ван Гога таксама гэта паказаў, што ён мае разуменьне культуры і гуманнасьці. Вядома, Аляксей свае акцыі дзёрзка робіць, ён выпрабоўвае статус францускай юстыцыі, статус дзяржавы.

Наша мастацкае асяродзьдзе падтрымала Аляксея за ягоную перадапошнюю акцыю, і гэта мела ўплыў. Шмат залежыць, калі ёсьць падтрымка культурніцкага асяродзьдзя, калег-мастакоў, калі ёсьць палітычная і мэдыйная падтрымка. Спадзяюся, што француская юстыцыя будзе справядлівай», — кажа мастак і куратар Андрэй Дурэйка.

Міхаіл Гулін

«Няўдалая праца на ўзроўні падлеткавага жэсту»

Мастак Міхаіл Гулін, наадварот, лічыць, што наўрад ці Аляксей Кузьміч укладаў у сваю акцыю глыбокі канцэптуальны сэнс, што ён вывучаў гісторыю парыскага Вандомскага пляцу і Вандомскай калёны.

«Ва ўсялякім разе, гэта ніяк не гучыць у ягонай працы, ніяк не адлюстроўваецца. На гэты момант ні ў кога няма ніякай манаполіі на азначэньне, зьяўляецца гэта акцыя мастацтвам альбо не. Ёсьць толькі адзін пэўны момант: што сам Аляксей Кузьміч лічыць гэты пэрформанс мастацтвам.

А далей „уключаецца“ ўжо аўтарытэт экспэртнай супольнасьці. Калі экспэрт герархічна вышэйшы рангам за мастака, то ён можа даць сваё экспэртнае заключэньне, мастацтва гэта або вандалізм. Ну і, вядома ж, ёсьць юрыспрудэнцыя, ёсьць заканадаўства, і толькі яно можа вызначыць, што гэта насамрэч, зь яшчэ большай імавернасьцю», — адзначае Міхаіл Гулін.

Што тычыцца асабістай ацэнкі акцыі Аляксея Кузьміча, Міхаіл лічыць, што гэта «няўдалая праца на ўзроўні падлеткавага жэсту вымярэньня ўласнага органа лінейкай».

Для Міхаіла Гуліна важным крытэрам зьяўляецца неабавязковасьць такой акцыі. Так, мастак мае права на любое выказваньне, аднак Гулін не разумее, у чым важнасьць вось гэтага выказваньня нават для самога Аляксея. І параўноўвае пэрформанс Кузьміча з акцыяй расейскага арт-гурту «Вайна».

«Тая акцыя ў Санкт-Пецярбургу называлася „Х** у палоне ў ФСБ“ і была зробленая на разводным мосьце, які ўздымаўся перад будынкам, і гэта было вельмі дасьціпна і забаўна. Там была кінэтычныя праца, скажам так. А тое, што зрабіў Кузьміч на Вандомскай плошчы, яўна прайграе ў спаборніцтве зь расейцамі.

Ну і, вядома, самы галоўны крытэр — любая непалітычная праца такога кшталту выглядае проста дэкаратыўна. Улічваючы, што ідзе вайна, такое выказваньне проста недарэчнае. Бо буйныя палітыкі толькі і „мераюцца чэлесамі“, і дадаваць свой у гэтую кагорту — я ня думаю, што для мастака гэта важна цяпер», — мяркуе Міхаіл Гулін.

Лера Лазук

«Шаблоннае дзеяньне, дрымучы фрэйдызм»

Мастачка Лера Лазук прызнаецца, што ня можа адназначна адказаць на пытаньне, ці ўчыніў Аляксей Кузьміч акт вандалізму. Яна выказвае сумнеў, што Вандомскай калёне былі нанесены рэальныя пашкоджаньні. Не бярэцца яна даваць і маральную ацэнку акцыі.

«Асабіста для мяне помнікі такога кшталту духоўнай каштоўнасьці не нясуць. Я ня бачу ў акцыі Кузьміча злачынства, але і мастацтва, на жаль, ня бачу таксама. У ёй няма ні цікавай вобразнасьці, ні нечаканай арыгінальнай думкі. Вельмі шаблоннае дзеяньне і дрымучы фрэйдызм, — мяркуе Лера Лазук.

На яе думку, Аляксей Кузьміч зрабіў тое, што робяць многія хлопчыкі, якія ў пэўным узросьце надзвычай захопленыя сэксуальнасьцю і вельмі засяроджаныя на сваім палавым органе.

«Ім трэба некуды скіроўваць лішкі сэксуальнай энэргіі, і яны малююць паўсюль чэлесы, дамалёўваюць яйцы ўсемагчымым вэртыкалям, у тым ліку помнікам-калёнам у падручніках.

Думаю, вобраз чэлеса ўсё яшчэ магчыма эфэктыўна выкарыстоўваць у акцыянізме, але ідэя мусіць быць сапраўды цікавая, арыгінальная і дасьціпная. Мы ведаем такія прыклады: гэта і выява гэтага органа на разводным мосьце насупраць будынку ФСБ у Піцеры, і акцыя самога Кузьміча пра Міністэрства культуры.

Таму зычу Аляксею найхутчэйшага вызваленьня, добрых ідэй і творчых посьпехаў», — кажа Лера Лазук.

Акцыя Аляксея Кузьміча на выбарчым участку 9 жніўня 2020 году

Мастак Аляксей Кузьміч свае эпатажныя пэрформансы пачаў ладзіць у Беларусі. У 2019 годзе ён прыйшоў на выставу «Прысутнасьць» у Нацыянальны цэнтар сучасных мастацтваў голым, а геніталіі прыкрыў шыльдай «Міністэрства культуры».

9 жніўня 2020 года мастак учыніў пэрформанс на выбарчым участку ў Менску. Ён выйшаў з кабінкі для галасаваньня з павязкай на клубах, а на грудзях прымацаваў бюлетэнь з намаляваным на ім фалічным сымбалем.

У 2021 годзе Кузьміч спрабаваў уварвацца ў палац прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона.

У 2022 годзе ў Вэнэцыі ён выйшаў у выглядзе залатога глядыятара, напісаў на сьцяне BELO побач з назвай павільёна RUSSIA і крычаў «Хайль Гітлер», пакуль яго не забрала паліцыя.

Улетку 2023 году Кузьміч вярнуўся ў Менск, каб атрымаць новы пашпарт і замяніць пасьведчаньне кіроўцы. Паралельна Аляксей правёў акцыю «Транзыт», зьняў сваю паездку ў Беларусь на відэа і апублікаваў яго ўжо пасьля ад’езду з краіны.

29 ліпеня 2024 году Аляксей Кузьміч раскапаў магілу Ван Гога пад Парыжам. Акцыя называлася «Renaissance: невыносна жыць у сьвеце, дзе скончыліся мастакі». Тады на месяц ён трапіў у СІЗА, трымаў галадоўку. Яму прысудзілі штраф 1500 эўра. Улады пагражалі дэпартаваць мастака, але не зрабілі гэтага.

svaboda.org