У бліжэйшую суботу пачатковая школа ў Дубічах Царкоўных разам з Цэнтрам беларускай культуры ў Беластоку зладзяць першы школьны інтэграцыйны фэст “Бабінае лета. Беларускія інтэграцыі” для дзяцей і бацькоў са школ, дзе вядзецца навучанне на беларускай мове.
Кажа намесніца дырэктара Цэнтра беларускай культуры Ілона Карпюк:
– Паколькі ўсё праходзіць у Дубічах, то думаю ў гэтым сэнсе колькасць удзельнікаў неабмежаваная. Яно прызначана для дзяцей, якія вывучаюць беларускую мову, а таксама для тых, хто проста ходзіць у школу і жыве ў Дубічах. Вядома, што з Чарэмхі, з Клешчэляў будуць арганізаваныя паездкі. Фармат мерапрыемства сямейны.
Удзельнікаў фэсту “Бабінае лета. Беларускія інтэграцыі” у Дубічах Царкоўных чакаюць майстар-класы па беларускіх танцах, песнях, прыкладным мастацтве, кулінарыі, спартыўныя спаборніцтвы прэзентацыя мясцовай бібліятэкі і нават паслугі кантактнага заапарка для самых маленькіх. Дарослыя ўдзельнікі змогуць падзяліцца патрэбамі ў справе вывучэння і пашырэння беларускай мовы.