Чаму палякі не давяраюць беларусам?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Наведвальнікі канцэрту, прысвечанага святкаванню Дня Волі, на Замкавай плошчы ў Варшаве, Польшча. 24 сакавіка 2024 года. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Беларусы – у тройцы народаў, якім палякі давяраюць найменш. І гэта катастрофа. Як змяніць сітуацыю?

Польская фірма «SW Research», якая часта праводзіць апытанні грамадскай думкі, на пачатку кастрычніка апублікавала «Польскі рэйтынг недаверу 2024» (Polski Ranking Nieufności 2024). Няцяжка здагадацца, што падчас агрэсіўнай вайны, што распачала ў Еўропе Расея, найбольш палякі не давяраюць сёння расейцам. На другім месцы размясціліся «мусульмане» (без пазначэння канкрэтнай нацыянальнасці). Беларусы занялі трэцюю пазіцыю сярод народаў, якім палякі найбольш не давяраюць. На чацвёртым месцы – украінцы. Як жа так сталася, што палякі маюць значна большы давер да грузінаў і японцаў, чым да беларусаў, з якімі Польшчу звязвае не толькі супольная гісторыя, але і падабенства культуры, мовы і традыцыяў? Што ж здарылася?

Польскія стэрэатыпы пра Беларусь

Яшчэ дзесяць ці пятнаццаць гадоў таму, размаўляючы з выпадковымі палякамі, часта можна было пачуць, што Беларусь – гэта частка Расеі. Маўляў, там кіруе Лукашэнка, усе гавораць па-расейску, ходзяць у расейскую царкву і святкуюць расейскія святы. І калі мы сёння запытаем пра Беларусь звычайнага паляка (не палітыка, грамадскага дзеяча ці журналіста), то ён паўторыць усе гэтыя (ды іншыя) стэрэатыпы, што захоўваліся і жывіліся гадамі.

Прычынаў такой сітуацыі некалькі. Палякі амаль нічога пра Беларусь не ведаюць, пераважная большасць палякаў ніколі не падарожнічала «за ўсходнюю мяжу». Польскія медыі пра Беларусь пісалі пераважна толькі тады, калі ў Беларусі рэпрэсавалі польскую меншасць або праводзілі «выбары» – і рэжым разганяў пратэсты. Не было нічога, што спрыяла б стварэнню пазітыўнага іміджу беларусаў у Польшчы. Тыя тысячы беларусаў, якія прыязджалі ў Польшчу «на закупы» ці на вучобу, карысталіся пераважна мовай, якую ў Польшчы сёння ўжо мала хто разумее, расейскай. Беларусам па-беларуску дамовіцца з палякамі значна прасцей, таму мова – гэта той інструмент, які будуе масты і дапамагае палякам лепш зразумець Беларусь. І калі беларуская мова не будзе гучаць у польскіх кавярнях, аўтобусах ці метро, Беларусь для палякаў усцяж будзе заставацца часткай «расейскага свету». Не будзе і даверу.

Беларусь Лукашэнкі цягам дзесяцігоддзяў імкнулася ў расейскі свет (расейскія навіны, фільмы, серыялы, поп-культура, музыка, літаратура). Гэта толькі павялічвала прорву ў культурных дачыненнях з Польшчай, якая ў той самы час інтэгравалася з Захадам, слухала іншую музыку, глядзела іншыя фільмы.

Сітуацыя змянілася ў жніўні 2020 года, калі тэма беларускіх пратэстаў была галоўнай у польскіх СМІ. Тады ўпершыню палякі пабачылі, што беларусы – гэта не толькі Лукашэнка і ягоная дыктатура. Пабачылі суседні самастойны народ, што прагне свабоды ды імкнецца да дэмакратыі. Але з тых падзеяў мінула больш за чатыры гады – і Беларусь ужо даўно не ў фокусе польскіх СМІ. З таго часу адбылося шмат падзеяў, якія, на вялікі жаль, моцна адбіліся на іміджы не толькі рэжыму Лукашэнкі, але і ўсяго беларускага народу.

Лукашэнку цытуюць значна часцей, чым Ціханоўскую

Беларусь прапусціла расейскія войскі і дапамагла Расеі ў агрэсіі супраць Украіны. Беларусь падкідвае мігрантаў з трэціх краінаў, якія штурмуюць польскую мяжу. На мяжы з Беларуссю загінуў польскі жаўнер, у Беларусі нішчаць польскія помнікі, у Беларусі ідзе пераслед польскай меншасці… І гэта далёка не ўсе тэмы, што дамінавалі ў навінах пра Беларусь цягам апошніх гадоў у польскіх СМІ. Эфект агрэсіўных выказванняў Лукашэнкі таксама мае значэнне. Калі дыктатар пагражае Польшчы ядравай бомбай, ягоныя перлы цытуюць усе польскія медыі, ягоны фотаздымак бачаць палякі на сваіх смартфонах.

У сваю чаргу, выказванняў дэмакратычных лідараў Беларусі (у прыватнасці, Святланы Ціханоўскай) амаль не чуваць. Не таму, што тыя нічога не кажуць. Кажуць – але гэтыя выказванні не даходзяць па масавага спажыўца польскіх СМІ. Прозвішча Лукашэнкі раскручанае і палякам добра вядомае, а артыкулы пра яго добра клікаюцца, як і артыкулы пра Пуціна. Шукаючы навіны пра Беларусь, польскі карыстальнік смартфона, хутчэй за ўсё, атрымае матэрыялы з фотаздымкам Лукашэнкі, а не Ціханоўскай ці Латушкі. Чаму? Бо так сёння працуюць глабальныя пошукавыя сістэмы. І прабівацца праз іх складаныя алгарытмы вельмі няпроста. Але магчыма.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Наведвальнікі канцэрту, прысвечанага святкаванню Дня Волі, на Замкавай плошчы ў Варшаве, Польшча. 24 сакавіка 2024 года. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Як ратаваць імідж беларусаў у Польшчы?

Ратаванне іміджу беларусаў у Польшчы – справа перадусім саміх беларусаў. І тут галоўнае не толькі тое, на якой мове ты гаворыш, але і што ты гаворыш, і як паводзішся. Не замыкаешся ў расейскамоўных асяродках на працы ці вучобе – а спрабуеш інтэгравацца ў польскае грамадства, адкрывацца новым знаёмым. Недавер палякаў да беларусаў – гэта і сур’ёзны выклік для дэмакратычных сілаў.

Была добрая традыцыя канцэртаў салідарнасці з Беларуссю ў Польшчы: апошні такі вялікі канцэрт («Gramy dla Białorusi 2021») адбыўся ў варшаўскай філармоніі ў 2021 годзе і паказвалі яго некалькі польскіх тэлеканалаў. Трэба вяртаць вялікія беларускія культурніцкія імпрэзы ў Польшчы і прыцягваць да іх увагу польскіх СМІ. Варта прабівацца са сваім нелукашэнкаўскім прадуктам у польскую інфармацыйную прастору. Трэба ствараць больш інфармацыйных нагодаў і не проста рабіць «рассылку на электронную пошту», але і тэлефанаваць польскім журналістам, запрашаць, пераконваць.

Будзе складана. Бо нават украінцы ў часы вайны мусяць сёння змагацца за падтрыманне палякаў, якое відавочна памяншаецца. Сёння ўжо толькі 53 % палякаў (паводле апытання CBOS) хочуць, каб іхная краіна прымала ўкраінскіх уцекачоў, гэта самы нізкі паказнік з пачатку вайны (тады падтрымлівалі 94 % палякаў).

Руслан Шошын, belsat.eu