
Грамадзянам Беларусі параілі самастойна з’ехаць з Ірану ў Арменію ці Азербайджан, каб уратавацца ад вайны, якая трывае ўжо шэсць дзён.
Амбасада Беларусі ў Іране 6 сакавіка апублікавала зварот да грамадзянаў Беларусі, якія застаюцца ў Іране. Зварот апублікавалі «ў звязку з сітуацыяй на Блізкім Усходзе». Што здарылася, не ўдакладнілі.
Беларусаў у Іране заклікалі не паддавацца паніцы, праяўляць максімальную асцярожнасць, не набліжацца да вайсковых ды іншых дзяржаўных аб’ектаў (не фатаграфаваць іх і не здымаць на відэа), пазбягаць месца масавага збору людзей, выконваць загады амбасады і мясцовых уладаў, пры патрэбе ісці ва ўкрыцці, а калі такіх няма, то спускацца ў падземныя паркінгі на ніжнія ўзроўні.
«У звязку з закрыццём паветранай прасторы Ірану беларускім грамадзянам, якія ў гэты момант у Іране, настойліва рэкамендуецца выкарыстоўваць існыя наземныя маршруты для самастойных выездаў з Ірану ў Арменію або Азербайджан», – піша амбасада.
Аптымальным маршрутам называюць выезд у Арменію праз пераход «Нурдуз – Агарак».
Для выезду ў Азербайджан трэба атрымліваць папярэднюю згоду. Для яе атрымання трэба напісаць амбасадзе Беларусі ў Тэгеране праз мэсэнджары Bale (на нумар +989122152935), Rubika (+989122152935) ці WhatsApp (+989300037990) або на пошту iran@mfa.gov.by. У лісце трэба пазначыць імя, імя па бацьку і прозвішча па-расейску і па-англійску, дату нараджэння, нумар пашпарта, тэрмін дзеяння, пазнакі пра ўезд у Іран і кантактныя тэлефоны, а таксама прыслаць каляровую копію пашпарта.
У выпадку неабходнасці звяртацца ў амбасаду прапануюць на нумары +982122752229 ці +989122152935, а таксама на пошту iran@mfa.gov.by.
А што здарылася?
Ранкам 28 лютага Ізраіль і Злучаныя Штаты распачалі «спецыяльную вайсковую аперацыю» супраць Ірану. Дыстанцыйнымі ўдарамі былі забітыя высокапастаўленыя іранскія чыноўнікі і кіраўнікі, у тым ліку вярхоўны лідар Алі Хамэнэі. Іран адказаў ударамі па суседніх краінах Блізкага Усходу, нават па Кіпры і Азербайджане. Злучаныя Штаты збіраюцца ваяваць да змены рэжыму: прэзідэнт ЗША чакае, што вайна будзе трываць 4–5 тыдняў, але ходзяць чуткі, што Цэнтральнае камандаванне ЗША разлічвае на як мінімум 100 дзён, да верасня.
Міністэрства замежных справаў Беларусі яшчэ раніцаю 28 лютага выказала глыбокую занепакоенасць. Аляксандр Лукашэнка публічна падтрымаў Іран 4 сакавіка (кіраўніцтва ЗША і Ізраілю не крытыкаваў наўпрост).
Затрымка ў паведамленні амбасады Беларусі можа быць звязаная з тым, што ўлады Ірану адключалі інтэрнэт у краіне.
