З 2022 года беларусы могуць атрымліваць сваю пенсію ў Польшчы, а польскія пенсіянеры – у Беларусі, але шмат хто пра гэтую функцыю дасюль не ведае. «Белсат» расказвае, як гэта працуе, і дзеліцца досведам тых, каму ўдалося гэта зрабіць.
Як гэта працуе?
Раней кожная краіна пры налічэнні пенсіяў улічвала толькі страхавы стаж (перыяды, калі работнік плаціў унёскі ў мясцовы фонд сацыяльнай абароны) у краіне. Але ў 2022-м уступіла ў моц Пагадненне аб сацыяльным забеспячэнні паміж Польшчай і Беларуссю, якую краіны падпісалі тры гады таму, але ніяк не маглі ратыфікаваць.
З гэтага моманту Беларусь і Польшча сталі ўлічваць стаж працы пенсіянераў у абедзвюх краінах, а таксама выплачваць беларускую пенсію ў Польшчы ды наадварот. Але працуе гэта не для ўсіх пенсіянераў, а для тых, хто стала жыве ў краіне і мае карту часовага ці сталага побыту на любых падставах ці карту рэзідэнта ЕЗ.
Акрамя таго, мінімальная пенсія ў Польшчы складае 1781 злоты (каля Br 1480), а гэта вышэй за нават сярэднюю пенсію ў Беларусі (у кастрычніку 2024 года яна склала Br 852), не кажучы ўжо пра мінімальную. Таму для большасці беларусаў у Польшчы ёсць сэнс падавацца на даплату да мінімальнай польскай, калі яны маюць права на пенсію і паспелі заплаціць сацыяльныя ўнёскі ў Польшчы хаця б за адзін дзень.
Як падаць заяўку на перавод пенсіі ў Польшчу, чытайце на сайце Установы сацыяльнага страхавання, ZUS
Гісторыя 1. «ФСАН спрабаваў перавесці пенсію на рахунак, але «Santader» адхіліў плацеж праз санкцыі»
Алена (імя змененае) пераехала ў Польшчу ў 2021 годзе разам з маці-пенсіянеркаю. Маці адразу сказала, што таксама паедзе, бо «няма ніякага сэнсу сядзець у Беларусі ў адзіноце, калі сям’я – у іншай краіне».
«У 2020 годзе яна паглядзела на тое, што адбываецца ў краіне, і сказала, маўляў, давайце з’язджаць, пакуль няпозна і яшчэ выпускаюць. Да таго ж майму сыну ў Беларусі спаўнялася 18 гадоў – яго таксама трэба было ратаваць з гэтага бязладдзя. Перад ад’ездам маці пайшла ў ФСАН спытаць, як быць з пенсіяй, калі пераязджаеш у Польшчу. Там ёй прапанавалі два варыянты. Першы – заявіць за тры месяцы, што яна з’язджае, і пенсію ёй па ад’ездзе проста перастаюць выплочваць. Другі – проста зрабіць выгляд, што яна да іх не прыходзіла, і атрымліваць пенсію на беларускую картку, але «не свяціць» ёю за мяжою. Мы ў выніку выбралі другі варыянт і пакінулі карту знаёмаму, які здымаў грошы ў банкамаце ў еўрах і проста перадаваў грошы маці».
Дарэчы, даверанасць маці Алены таксама паспела зрабіць у Беларусі, але тая аказалася бессэнсоўная: натарыус памылілася ў прозвішчы. Пры гэтым у 2023 годзе тэрмін банкаўскай карткі для атрымання пенсіі скончваўся, а для падаўжэння трэба было ехаць у Беларусь.
«Я пачытала на польскіх сайтах, як перавесці сюды беларускую пенсію, і ў канцы 2023 года мы пайшлі разам у найбліжэйшы ZUS.
Там працаўнікі акруглілі вочы: мястэчка маленькае, ніхто дасюль з такім пытаннем яшчэ не звяртаўся. У выніку мы разам чыталі інструкцыю на іхным сайце і пісалі заяўку ў вольнай форме, што цэнтр жыццёвых інтарэсаў маці перайшоў з Беларусі ў Польшчу, таму просім перанесці і пенсію.
Указалі там банкаўскія рахункі ў Беларусі і Польшчы, дадалі нумар пенсійнага пасведчання, нумар пашпарта, звесткі карты побыту».
Пасля гэтага працаўнікі Установы сацыяльнага страхавання перакіравалі заяву ў свой галаўны офіс у Лодзі, а той праз тры тыдні перакіраваў яе ў ФСАН Беларусі. Пасля падачы Алена завяла кабінет ZUS PUE для маці, каб атрымліваць усе паведамленні онлайн, а не лістамі поштаю.
«Нам сказалі чакаць да паўгода, а праз чатыры месяцы беларускі ФСАН адказаў, што паспрабаваў перавесці пенсію на наш рахунак у банку «Santader», але там плацеж адхілілі праз санкцыі. Нам прапанавалі адкрыць рахунак у банку «Pekao» ці «PKO». Мы адкрылі рахунак у «PKO» ў еўрах, каб пазбегчы лішніх канвертацыяў, і проста пераслалі яго нумар у адказе на гэты ліст».
У выніку маці Алены налічылі адным плацяжом пенсію за ўсе чатыры месяцы, пакуль разглядалі заяву. Яшчэ тры месяцы яна атрымлівалі на рахунак 307 еўраў пенсіі.
«А потым маці, на жаль, памерла. Я адразу даслала ў беларускі ФСАН пасведчанне аб смерці з перакладам і апастылем, мне паабяцалі налічыць матэрыяльную дапамогу на пахаванне. Пакуль чакаю», – апавяла Алена.
Гісторыя 2. «Калі б ведалі пра такі доўгі час чакання, пачалі рабіць усё гэта раней»
Маці Валерыя (імя змененае) прыехала да яго ў Польшчу на пачатку 2023 года праз крымінальную справу супраць яе.
«Следчы камітэт у Горадні распачаў крымінальную справу супраць яе, хаця яна ў Горадні ніколі не была, і паставілі ёй штамп у пашпарце аб забароне выезду з краіны. Праз пару дзён мы здолелі вывезці яе з краіны з дапамогай эвакуацыйнай службы «BySol». Спачатку яна магла здымаць пенсію з беларускай карткі ў Польшчы, потым гэта рабіў ейны пляменнік праз дублікат карткі – плаціў за яе камунальныя паслугі, а астатняе перадаваў у еўрах праз знаёмых у Польшчу. Але праз некаторы час скончылася дамова маці з «Беларусбанкам», працягнуць якую можна толькі праз асабісты візіт у банк. Гэтак, пенсія памерам 200 еўраў перастала паступаць на картку», – зазначае Валерый.
Тым часам жанчына ў Польшчы атрымала карту побыту паводле міжнароднай абароны і падалася на індывідуальную праграму адаптацыі, праз якую атрымлівала матэрыяльную дапамогу каля 1300 злотых за месяц і забяспечыла сабе страхоўку на год. Але гадавая праграма хутка скончыцца, таму трэба неяк вяртаць пенсію.
«Параіўшыся ў Facebook, мы даведаліся, што праз тое, што маці не працавала ў Польшчы, ёй немагчыма будзе налічваць мінімальную пенсію ў Польшчы, а працаваць яна ў 70 гадоў ужо не можа. Таму застаецца толькі спрабаваць атрымліваць яе беларускую пенсію тут.
Людзі папярэджвалі, што гэта амаль немагчыма, але мы надумалі паспрабаваць».
Падаваліся на перавод пенсіі Валерый з маці ва Установу сацыяльнага страхавання Варшавы ў ліпені 2024 года. Працаўнікі там таксама ніколі не сутыкаліся з такім, але заяўку прынялі і перакіравалі яе ў Беларусь.
«Пакуль мы яшчэ чакаем адказу: паводле водгукаў, гэта можа заняць ад 8 месяцаў да года. Калі б мы ведалі пра такі доўгі час чакання, то пачалі б рабіць усё гэта раней. Таксама нам прапанавалі перыядычна тэлефанаваць у беларускі ФСАН, каб справа пайшла хутчэй. Але з улікам таго, што ўвесь гэты час следчыя шукалі маці, пісалі і тэлефанавалі ў Telegram і Viber з прапановмі вярнуцца, мы не ўпэўненыя, што ўвогуле нешта атрымаецца. Але надзея ёсць, бо нават тыя, хто сядзіць у Беларусі за кратамі, атрымліваюць пенсію».