Беларуская журналістка атрымала прэмію як «асоба незвычайна смелая і шчырая». Кандыдатуру былой галоўнай рэдактаркі партала TUT.BY вылучыла арганізацыя «Рэпарцёры без межаў». Цырымонія ўручэння прэміі пройдзе ў снежні 2024 года ў нямецкім горадзе Шорндарф.
Прэмія Іагана-Філіпа Пальма прысуджаецца асобам ці арганізацыям, якія «падаюць выбітны прыклад прыхільнасці справе рэалізацыі свабоды выказвання меркаванняў і свабоды прэсы». Яна прысуджаецца двум фізічным асобам ці арганізацыям. Агульны прызавы фонд — 20 тысяч еўра, якія пароўну дзеляцца паміж лаўрэатамі. Прэмія ўручаецца кожны цотны год у першую нядзелю снежня ў Шорндарфе.
Сёлета разам з Марынай Золатавай лаўрэатам прэміі стала навіновы сайт пра правы чалавека ў Афшганістане «ZanTimes».
«Перад тварам велізарных перашкод і рэпрэсіўных мер з боку дзяржаўнага апаратаМарына Золатава праявіла сябе як асоба незвычайна смелая і шчырая», — заяўляюць «Рэпарцёры без межаў» і апякунская рада фонда Palm.
У лістападзе 2023 года Марына Золатава была намінаваная таксама на прэстыжную прэмію «Рэпарцёраў без межаў» за свабоду прэсы ў намінацыі «Мужнасць».
Справа Марыны Золатавай
Галоўная рэдактарка TUT.BY Марына Золатава затрыманая 18 траўня 2021 года. Яна асуджананая на 12 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму па двух артыкулах КК: заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (частка 3 артыкула 361 КК) і распальванне варожасці ці варажнечы (частка 3 артыкула 130).
18 жніўня 2023 года МУС унёс палітзняволеную ў «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Адбывае тэрмін у ПК № 4.