Эмігранты з Беларусі ў ЗША пачалі палітычна актывізавацца ў 1928 годзе, утварыўшы беларускі клуб, а іх удзел у выбарах стаў важным для нацыянальнай ідэнтычнасці.
Эмігранты зь беларускіх тэрыторыяў, што масава прыбывалі ў ЗША ад пачатку ХХ ст., не маглі не зьвярнуць на сябе ўвагу амэрыканскіх палітычных чыньнікаў. Па атрыманьні грамадзянства нашыя суродзічы натуральна рабіліся выбаршчыкамі й іх інтарэсы й галасы набывалі вагу для палітыкаў і на мясцовым, і на агульнадзяржаўным узроўні. Праўда, слабая нацыянальная сьведамасьць ураджэнцаў беларускіх земляў на пачатку ХХ ст. не дазваляла амэрыканскім палітычным дзеячам вылучаць іх у асобную групу, што была б аб’ектам наўпроставай агітацыі. Зразумела, што й інфармацыя пра тагачасных беларускіх імігрантаў як выбаршчыкаў фактычна адсутнічае.
Першыя зьвесткі пра тое, што беларусы пачалі браць удзел у амэрыканскіх выбарах як палітычная група, датуюцца 1928 г. Тады ў Чыкага быў заснаваны першы беларускі палітычны клюб, які меў назоў Беларуска-Амэрыканскі грамадзкі клюб. На старшыню яго быў абраны Антон Чарапук-Змагар (бацька эмісара БНР Янкі Чарапука-Змагара). Клюб падтрымоўваў кандыдатаў ад розных партыяў. У часе прэзыдэнцкай кампаніі на ягонай падставе зьявілася “Беларуская арганізацыя ў падтрымку Альфрэда Сьміта на Прэзыдэнта”. Гэтая структура стварыла свае філіі — выбарчыя штабы ў некалькіх раёнах гораду, яе прадстаўнікі былі прынятыя самім губэрнатара штату Нью-Ёрк Альфрэдам Сьмітам, што дэкляраваў падтрымку вызвольнаму змаганьню беларусаў. Цікава, што пасьля пройгрышу ў прэзыдэнцкай гонцы Альфрэд “Эл” Сьміт узначаліў кампанію Empire State, Inc., і пад ягоным кіраўніцтвам быў пабудаваны той самы знакаміты Нью-Ёрскі хмарачос.
Хоць дэмакратычны кандыдат і прайграў тыя выбары рэспубліканцу Гэрбэрту Гувэру, Беларуска-Амэрыканскі грамадзкі клюб працягваў сваю дзейнасьць і надалей. Паводле зьвестак тагачаснай чыкагскай газэты “Белорусская Трибуна”, у 1932 г. на мясцовых праймэрыз ягоныя прадстаўнікі агітавалі за цэлы шэраг прыхільных да беларусаў кандыдатаў Іосіфа Прыбыло й Даніэла Ростэра на пост “камітымэнаў”, Омэра Костэра на пасаду губэрнатара, судзьдзю Генцэля на пасаду Гэнэральнага пракурора штату, Адама Блоха й Францыска Зінтака на пасады клеркаў Найвышэйшага Суду штату, Тамаса Куртнэя на пасаду Пракурора штату.
Асабліва актыўна на старонках “Белорусской Трибуны” агітавалі за абраньне свайго земляка І.М. Кобрынскага на пасаду сакратара Апэляцыйнага Суду штату. Было адзначана, што ўсю ягоную выбарчую кампанію вёў асабіста Антон Чарапук-Змагар. Праўда, у выніку І. Кобрынскаму не хапіла 603 галасы для абраньня на пасаду.
Кандыдаты належалі як да Дэмакратычнай, гэтак і да Рэспубліканскай партыяў, а ў матывацыі падтрымкі спрацоўвала найперш прыхільнае стаўленьне да мясцовых беларусаў, веданьне іх праблемаў, а часам нават і мовы (гэтак пісалі пра Францыска Зінтака). Па выніках праймэрыз на старонках тае ж газэты быў зьмешчаны заклік да беларусаў ад імя Беларуска-Амэрыканскага грамадзкага клюбу далучацца да ягонай дзейнасьці, бо:
“Нам, белоруссам, в переживаемое тяжелое время, как никогда раньше, — важно иметь своих людей как в штатном, так и в городском административном аппарате. Мы должны иметь у власти людей, которые бы сочувствовали положению нашего народа, которые бы не отворачивались от нас, белорусских выходцев в Америке, в случае нашей нужды. […]
Наше положение может быть значительно облегчено, если мы, пользуюясь правами американских граждан, будем близко стоять к административному аппарату, интересоваться местной политической жизнью, принимать живое участие в выборах и т.д.” (Белорусская Трибуна. 15.02.1932)
У 1920-х у Чыкага быў створаны таксама Расейскі рэспубліканскі клюб, які больш як на палову складаўся зь беларусаў і на чале якога стаялі ўраджэнцы беларускіх земляў архімандрыт Цімон (Муляр) і Ўладзімер Сабінскі (пружанскі беларус).
У Нью-Ёрку першы рэспубліканскі клюб, які быў насамрэч украінска-беларускі, зьявіўся й дзейнічаў каротка ў часе прэзыдэнцкай кампаніі 1936 г.
У выбарах у 1940-х гг. пра арганізаваны ўдзел беларусаў ничога невядома. Аднавілася й актывізавалася палітычная дзейнасьць нашых суродзічаў ужо намаганьнямі паваеннай іміграцыі ў ЗША на пачатку 1950-х.
Узаемадзеяньне беларусаў у ЗША з палітычнай сыстэмай краіны адбывалася на фоне значных ідэалягічных зьменаў у самім амэрыканскім грамадзтве, што дало магчымасьць нашым суродзічам імкнуцца да больш актыўнага ўдзелу ў грамадзкім жыцьці й фармаваньні ўласнай нацыянальнай і палітычнай ідэнтычнасьці.