У праекце закону згадваецца магчымасьць прызнаньня пратэрмінаваных беларускіх пашпартоў і статусу часовай абароны беларускім уцекачам.
Сэнатар Бэнджамэн Кардын унёс у Сэнат ЗША законапраект, які прадугледжвае меры падтрымкі для грамадзян Беларусі і Расеі, вымушаных пакінуць свае краіны з прычыны палітычных рэпрэсіяў.
Адразу некалькі разьдзелаў законапраекту S.5116 BRIDGE Act з назвай Belarus and Russia Investments in Democratic Governance during Exile Act прысьвечаныя дапамозе беларусам і расейцам, якія знаходзяцца ў выгнаньні.
- Законапраект прадугледжвае, што ЗША будуць прызнаваць пратэрмінаваныя беларускія пашпарты прыдатнымі для паездак у Злучаныя Штаты і ставіць візы ў такія дакумэнты.
- Прапануецца прызнаць грамадзян Беларусі асобамі «бяздомнага грамадзянства» — гэта значыць людзьмі, якія ня могуць падацца на візу на радзіме. Гэта дасьць грамадзянам Беларусі права падавацца на амэрыканскія іміграцыйныя і неіміграцыйныя візы ў ЗША і любых іншых краінах або краінах паводле зацьверджанага сьпісу.
- Таксама прапануецца даць беларусам статус часовай абароны (TPS) — гэта статус, які прысвойваецца чалавеку па запыце і дае яму права жыць і працаваць у ЗША.
- Акрамя гэтага, дакумэнт прадугледжвае, што ЗША заклікаюць Эўракамісію даць грамадзянам Беларусі ў выгнаньні юрыдычныя дакумэнты для зьдзяйсьненьня міжнародных паездак.
На сайце Кангрэсу сказана, што законапраект S.5116 быў унесены ў Сэнат ЗША 19 верасьня 2024 году, пасьля гэтага яго двойчы прачыталі і перадалі ў Камітэт замежных справаў, які можа прыняць рашэньне аб яго вынясеньні на паседжаньне Сэнату. У выпадку зацьвярджэньня праекту верхняй палатай амэрыканскага Кангрэсу ён таксама павінен будзе прайсьці ўсе этапы разгляду ў Палаце прадстаўнікоў.
«Я ўдзячная сэнатару Бэну Кардыну, старшыню камітэту Сэнату ЗША, за падтрымку беларусаў», — адрэагавала на законапраект Сьвятлана Ціханоўская.
Яна адзначыла, што сустракалася з Бэнам Кардыным некалькі разоў і ведае, «як ён асабіста перажывае за Беларусь і беларусаў».
«Сэнатар Кардын зьяўляецца нашым вялікім сябрам і саюзьнікам. Ён вялікую ўвагу надае пытаньню вызваленьня беларускіх палітвязьняў, падтрымкі беларусаў у выгнаньні. Нядаўна ён накіраваў ліст амэрыканскаму ўраду з заклікам прыкласьці намаганьні дзеля вызваленьня нашых людзей з турмаў. Таксама зь ягонай ініцыятывы ў Кангрэсе прадстаўлены закон, які павінен істотна аблегчыць умовы для беларусаў у выгнаньні», — дадала Ціханоўская.
- У верасьні 2023 году Аляксандар Лукашэнка сваім указам забараніў амбасадам і консульствам за мяжой выдаваць новыя пашпарты беларусам. Згодна з указам, грамадзянін Беларусі, які жыве за мяжой, цяпер можа атрымаць пашпарт толькі ў Беларусі — у «органах унутраных спраў па месцы апошняй рэгістрацыі па месцы жыхарства».
- Беларускія дэмакратычныя сілы і праваабарончыя арганізацыі, Эўразьвяз і ЗША, асудзілі новы ўказ Лукашэнкі, накіраваны, на іх думку, на ўшчамленьне правоў вымушаных эмігрантаў.
- Пасьля рашэньня беларускіх уладаў не выдаваць беларускія пашпарты за мяжой актуальным стала пытаньне пашпарта замежнага грамадзяніна. Гэта трэвэл-дакумэнт, які выдаецца на падставе часовага дазволу на жыхарства на час тэрміну яго дзеяньня. Пасьля адпаведных заклікаў беларускіх дэмакратычных сілаў шэраг краін Эўразьвязу пачалі выдаваць такія дакумэнты беларусам.