Заснавальніца беларускамоўнай школы ў Грузіі: Ёсць сям’я, якая дзеля адукацыі па-беларуску прыехала з Польшчы

Беларусы ў Грузіі стварылі афіцыйную беларускамоўную школу ў Грузіі. Як гэта стала магчыма, у чым плюсы і мінусы грузінскай адукацыі?

Заснавальніца беларускамоўнай школы ў Грузіі: Ёсць сям’я, якая дзеля адукацыі па-беларуску прыехала з Польшчы. Фота з адкрытых крыніц.

Аксана Акуневіч, заснавальніца шматфункцыянальнай беларускай прасторы  «Аксяродак» і беларускамоўнай школы ў Батумі расказвае, як атрымалася заснаваць у Грузіі беларускамоўную школу, дзе можна атрымаць афіцыйны атэстат краіны.

Аксана тлумачыць, што гэта афіцыйная офлайн-школа, у якой дзве часткі — грузінская і беларуская. Тры разы на тыдзень дзеці прыходзяць у беларускую школу ў «Аксяродак», у іх «беларускія дні», усе агульнаадукацыйныя прадметы выкладаюць на беларускай мове, а два разы на тыдзень — дзеці ходзяць у грузінскую школу.

— Грузія як краіна дазваляе навучацца на розных мовах. Няма патрабавання, напрыклад, як у Польшчы, што гэта можа быць толькі дадаткова мова нацыянальных меншасцяў.

Туды ж, у грузінскую школу, мы вынеслі ўсе замежныя мовы. Гэта англійская, якая абавязковая ў Грузіі для ўсіх, і французская, бо сама школа-партнёр французская. Цяпер у нас вучацца дзеці з першага па дзявяты клас, гэта 24 чалавекі. У абсалютных лічбах гэта не так і многа, але гэта ў тры разы больш, чым было летась, — тлумачыць Аксана Акуневіч.

Аксана Акуневіч

Яна распавядае, што імкнецца выкарыстоўваць у школе падыходы дэмакратычнай школы, гарызантальныя адносіны паміж вучнямі і настаўнікамі, «каб былі і дзеці сучаснымі, і, калі нешта зменіцца, рабіць будучыню для новай Беларусі».

У Грузіі Балонская сістэма адукацыі. Кадравы падыход палягае ў тым, што педагагічнай адукацыі як такой няма. Напрыклад, чалавек сканчвае нейкі ўніверсітэт і пасля давучваецца ў магістратуры на педагогіцы. Але ў Грузіі магістарскія дысертацыі абараняюць у прамым сэнсе слова адзінкі.

— У Грузіі з 2008 года было абаронена каля дзесяці дысертацый па педагогіцы. У нас ёсць прафесійныя настаўнікі, хто вывучаў педагогіку. Але ёсць і настаўнікі, якія, напрыклад, сканчвалі БДУ, маюць моцную падрыхтоўку па іншых прадметах. І педагагічную падрыхтоўку, метадычную падтрымку мы ім забяспечваем, плюс запрашаем спецыялістаў.

Я ехала ў Грузію пісаць навуковую кандыдацкую працу, мая кіраўніца — грузінка. Так склалася, што ў Грузіі дзяржаўны сектар з невялікімі прыбыткамі.  У школе хапала педагогаў са старой падрыхтоўкай, а потым не было  патрабавання абараніць магістарскую,к аб працаваць настаўнікам. Напрыклад, я шмат вывучала сістэму адукацыі ў Фінляндыі. Калі рабілі рэформу сістэмы адукацыі то прыйшлі да высновы, што калі ёсць намер развіваць навуку, то і настаўнікі, і нават выхавацелі ў садках мусяць напісаць хаця б адну навуковую працу. У Грузіі, нягледзячы на тое, што яшчэ з часоў СССР заставалася моцная акадэмічная сфера, але грошай на навуку цяпер няма. Таму няма запыту ад дзяржавы, няма запыту ад людзей, — падкрэслівае суразмоўца.

Разам з тым Аксана гаворыць, што ідэя з беларускай школай была даўно, але не было партнёра — мясцовай школы, каб усё было менавіта афіцыйна, а не як дадатковыя пазашкольныя заняткі.

— У мінулым годзе мы шукалі магчымасць адкрыць беларускую школу, былі сустрэчы на розных узроўнях, у тым ліку ў парламенце, з амбудсменам, але ніхто не пагаджаўся (сярод грузінскіх школ).І раптам у верасні ўжо пасля пачатку навучальнага года, а ён пачынаецца туту пасля 15-га верасня, знайшлася школа, якая пагадзілася на гэта. Я адкрывала школу, разумеючы, што ўсе ўжо знайшлі дзе ім вучыцца, але нельга было адмаўляцца ад такой магчымасці. Летась у нас было восем чалавек, а сёлета ўжо 24. То бок у тры разы больш. Летась мы набіралі да шостага класа, каб паглядзець, адпрацаваць працэсы, сёлета былі гатовыя набіраць ва ўсе класы, але запыт быў ад вучняў толькі да дзявятага класа.

Лагічнае пытанне: хто і чаму ідзе вучыцца па-беларуску?

— Кожная сям’я мае свае матывы, ёсць тыя, каму прынцыпова навучанне на беларускай мове. Ёсць сям’я, якая адмыслова дзеля адукацыі па-беларуску прыехала з Польшчы. То бок яны выехалі з Беларусі ў Польшчу, пажылі там і прыехалі адмыслова ў Батумі. Мае дзеці вучыліся ў англійскай школе, але там вельмі шмат рускамоўных дзяцей, ад іх яны вывучылі рускую мову, дарэчы, плюс гэтая школа не вельмі моцная ў пачатковых класах. Ёсць тыя, хто прыйшоў паспрабаваць, працуе “сарафаннае радыё”. Ёсць і тыя, каму не падыходзіць наш падыход. Пасля пачатку навучальнага года сышоў адзін вучань, бо, відаць, ім быў незразумелы падыход без строгіх рамак, з рэфлексіяй кожны дзень. У нас беларускія танцы, як абавязковы прадмет. Многа незразумелага, да чаго непрывычныя беларусы як сістэмныя людзі. Хтосьці прыходзіць за гэтым, а хтосьці кажа “не наш фармат”.

Грузінская сістэма адукацыі ўпісаная ў Балонскі працэс, то бок для прызнання атэстату будзе дастаткова перакладу дакументаў. Але ў грузінскай школе, як і ў грамадстве, шмат цеплыні паміж настаўнікамі і дзецьмі. Гэта тое, што не працуе ў паўночных краінах.

Аксана згадвае, як у Беларусь прыязджаў псіхолаг, педагог з Грузіі Шалва Аманашвілі. І яго падыходы для некаторых выглядалі амаль як парушэнне заканадаўства. Крыху патлумачым, Шалва Аманашвілі распрацаваў канцэпцыю гуманнай педагогікі – гэта адукацыйная канцэпцыя, накіраваная на павазе да асобы вучня, яго эмацыйным і сацыяльным развіцці, арыентацыі на чалавека як на ўнікальную асобу.

— У Грузіі настаўнікі абдымаюць дзяцей. Гэта знешняя цеплыня ў прыняцці грамадствам. З мінусаў — грузінская адукацыя не арыентаваная на сур’ёзны вынік. Агульны падыход «боўтайцеся самі», усё грамадства такое, дзяржава не бярэ адказнасць за цябе як дарослы. У гэтым ёсць плюсы, і мінусы. Тут не працуюць сацыяльныя ліфты, таму, калі заставацца назаўсёды ў Грузіі, то магчыма былі б з гэтым пытанні. Але Грузія ўвесь час змяняецца, тут будучыню прадказваць яшчэ складаней, чым у Беларусі.

Адначым, што школа прыватная і заняткі ў ёй платныя.

вх, polskieradio.pl