«Шмат людзей пасьля падзеяў 2020-га зьехала зь Беларусі. Напачатку ўсе чакалі Перамогі — вось яшчэ крыху, і ўсё пачне сыпацца, і ўрэшце абрынецца, і мы вернемся ў сваю краіну ў новым белым паліто, якое купілі на восеньскім распродажы, і на белым кані».

У рубрыцы «Мама, не журыся!» на Budzma.org Лявон Вольскі піша пра змены, якія адбываюцца ў шэрагах беларускіх эмігрантаў апошнія некалькі гадоў. На жаль, вельмі часта гэтыя змены зусім не на карысць беларускай нацыі. Але Лявон, як заўжды, захоўвае аптымізм.

Лявон Вольскі. Фота з асабістага архіва

Найпрасьцейшае выйсьце

Час ішоў, пачалася вайна, акцэнты зьмяніліся, Перамога адсунулася на няпэўны час, і людзі пачалі шукаць новыя сэнсы. І тут высьветлілася, што найпрасьцейшае выйсьце — гэта асыміляцыя. 

Калі ў Польшчы, дык гэта й няцяжка — ты ж маеш карту паляка (калісьці зрабіў сабе і ўсёй сям’і на ўсякі выпадак, відаць, палова беларусаў мае такія карты), ідзеш на працу, дзяцей уладкаваў у садок (школу, унівэрсытэт, на працу), жонка таксама працуе. Вывучыць польскую мову для беларуса ня надта складаная задача — і праз год ты ўжо амаль вольна вымаўляеш «Grzegorz Brzęczyszczykiewicz», а праз тры — ты грамадзянін Рэчы Паспалітае. Да цябе прыходзяць у госьці беларускія сябры (толькі трэба загадзя абумовіць дзень і час, бо ўсе надта занятыя), гавораць пра чарговую аблаву ў, напрыклад, Смаргоні, а ты так сабе крывісься і гаворыш:

— Ой, тое, што адбываецца ў Беларусі, гэта, здаецца, так далёка. Я ўжо не чытаю беларускія навіны, няма сэнсу. Там, калі што зьмяняецца, дык толькі ў горшы бок. Так, калісьці пераймаўся, прасякаўся, а які ў гэтым сэнс? Мы жывем тут і цяпер. Для мяне ўжо гэтая беларуская старонка перагарнутая.

— Дык ты што, зрабіўся палякам? — пытаюцца сябры.

— Я ўжо й сам ня ведаю, — гаворыш ты. — Можа, і зрабіўся?

Адмежавацца ад старога сьвету

Хаця ты калісьці быў актывістам, уваходзіў у моладзевую патрыятычную арганізацыю, клеіў перад выбарамі стыкеры на дзьверы пад’ездаў, адседзеў содні ў 2006-м, цудам пазьбегнуў арышту ў 2010-м, а пасьля 2020-га давялося зьяжджаць. І вось ты жывеш у Польшчы, ты грамадзянін, гаворыш зь дзецьмі па-польску (бо навошта блытаць дзіця?), маеш працу сярод польскамоўных калегаў, з прыкрасьцю азіраесься на вуліцах свайго (так, ужо некалькі гадоў свайго, а што!) гораду на расейскамоўных мінакоў (яны такія гучныя, малакультурныя, аж брыдка!). Ты не наведваеш беларускія імпрэзы — фэстывалі, канцэрты, бо ня вельмі хочацца вяртацца ў той сьвет — некамфортны, поўны супрацьстаяньня, барацьбы і нянавісьці. Бо гэты — новы — сьвет значна камфортнейшы, збалянсаваны, ягоныя нормы, збольшага, адпавядаюць тваім жыцьцёвым стандартам, ня тое, што там, адкуль ты зьехаў — тамтэйшыя правілы — яны хіба што для нейкіх таўстаскурых пачвараў — падвойныя стандарты, лісьлівасьць, «ты — мне, я — табе» і татальныя хлусьня ды крывадушнасьць. Хочацца адмежавацца ад таго старога сьвету, не ўпускаць яго ў думкі, заблякаваць успаміны і замарозіць пачуцьці, зьнітаваныя зь ім. 

Тым болей, што ты час ад часу сустракаеш сваіх былых сяброў, якія так і не ўпісаліся ў новы сьвет, мэнтальна засталіся там, у Беларусі, у супрацьстаяньні й барацьбе. 

Яны які ўжо год успрымаюць свой побыт тут як часовы, перабіваюцца выпадковымі падпрацоўкамі ў расейскамоўным асяродку, бо так і ня здолелі прымусіць сябе вывучыць польскую, ставяцца да ўсяго тут скептычна, усё крытыкуюць і не прымаюць, манітораць навіны зь Беларусі (чакаючы галоўную навіну, якая ня першы ўжо год ніяк ня зьявіцца) і жывуць у здымным пакоі на ўскрайку места.

Не, ты ня хочаш быць такім. Ты — пасьпяховы, яшчэ не стары, упісаны ў новы кантэкст чалавек. Жывеш, як табе й раіў псыхоляг — тут і цяпер. А тая калішняя беларуская старонка… Яна перагарнутая. Бо нельга жыць мінулым.

Кепскага сцэнару ніхто не перадухіліў

А мне дык чамусьці ўзгадваецца 2006 год. Калі знаёмы бізнэсмэн напярэдадні выбараў казаў:

— Не разумею, што вам так ужо не падабаецца? Можна займацца бізнэсам, прынятыя адпаведныя прагрэсіўныя законы. Ніхто асабліва не перашкаджае.

— Ты што, не разумееш, што ў краіны неадэкватнае кіраўніцтва? Заўтра ўсё можа зьмяніцца, і законы ў тым ліку!

— Я думаю, гэтага ня здарыцца. Бо, апроч галоўнага пэрсанажа, ва ўрадзе ёсьць шмат іншых, дастаткова прагрэсыўных і адэкватных, якія перадухіляць кепскі сцэнар.

Цяпер гэты бізнэсмэн таксама ў Польшчы. Вымушаны быў зьехаць. Бо ўсё зьмянілася, у тым ліку і законы, і ніхто кепскага сцэнару не перадухіліў.

Яшчэ ня позна

Малюнак Лявона Вольскага

І цяперашні былы беларус, а цяпер «новы паляк», якога не цікавяць беларускія навіны і наагул палітыка, рызыкуе нечакана сутыкнуцца з праблемамі. І сур’ёзнымі праблемамі. Як жыхар шматкватэрнага дому, насупраць якога жыве неадэкватны сусед. Можна ігнараваць гэтага суседа і не вітацца зь ім — аж да тае пары, пакуль ён не пачне секчы сякерай твае дзьверы. Ці абалье бэнзынам ды падпаліць. Неадэкваты — яны такія. Да ўсяго здатныя.

І ты можаш схавацца ў Ірляндыю, Францыю ці нават Злучаныя Штаты. Але сусед-неадэкват дастане цябе ў любым мейсцы нашага агульнага шматкватэрнага дому. Калі яго не спыніць і не адправіць на прымусовае лекаваньне.

Я адмыслова пазьбегнуў слова «своечасова», таму што своечасова мусіла быць у 1996-м.

Але, калі мы ўсе — хто зьехаў і хто застаўся — будзем думаць пра адно і тое ж і кожны, чым можа, набліжаць свабоду для Беларусі, усё мусіць скрануцца зь мёртвага мейсца. 

Я спадзяюся, яшчэ ня позна. Старонка яшчэ не перагарнутая.

Лявон Вольскі, Budzma.org